— Зло, мой сыне, заўсёды непараўнальна горш зносіць адзіноту, чым дабро. Гэты чалавек жывы?
— Так, ойча. Памятае мяне і прыслаў мне прывітанне.
— Думаеш, убачыўшы цябе, ён мог бы кінуць цень на тваё добрае імя і на тваю святасць?
— Не ведаю гэтага, ойча. Гэты чалавек замкнуты ў сабе і пакорны, хоць і не ва ўсім і не заўсёды. Думае так, як наказвае царква.
— Грэшны, аблудны, значыцца?
— Ніколі мяне, ойча, да нічога ліхога не намаўляў. Калі ж я раблю гэта прызнанне, то толькі таму, што ўсведамляю, — пастаўлены так блізка да цябе і надзелены такім вялікім тваім даверам, я не павінен занядбаць ніякіх сродкаў, каб нават цень шкоднага і крыўднага мне цяпер нагавору не мог упасці на мяне. Калі б я належаў толькі самому сабе, мой ойча, не непакоіўся б так пра сваё імя.
— Усе мы, сыне, служым справе, якая веліччу перарастае кожнага з нас.
— Таму і ля ног тваіх я, ойча. Прызнаўся табе ва ўсім, толькі хвіліну назад канчаткова зразумеў, што мае думкі, хай часам няпэўныя ці нават пахібныя, не могуць належаць мне аднаму. Уразумеў я, што толькі ў прызнанні сваіх памылак і ў пошуках дапамогі ў вышэйпастаўленых магу ўбараніць і сябе, і сваю веру.
— Вазьмі пяро і пергамент, — сказаў Тарквемада.
Дыега падняўся з каленяў.
— Так, ойча.
— Ты гатовы?
— Так, ойча.
— Тады пішы: Вялебным айцам інквізітарам арцыбіскупства Таледа ў Віла-Рэал. Напісаў?
— Так, ойча.
— Мы, брат Томас Тарквемада, дамініканец, прыёр кляштара Санта Круз у Сеговіі, спаведнік караля і каралевы, Вялікі інквізітар каралеўстваў Кастыліі і Арагон, даручаем вам сілай нашага права, каб абвінавачаны ў цяжкіх злачынствах супраць веры…
— Брат Матэа Дара, дамініканец, — сказаў Дыега.
— …брат Матэа Дара, дамініканец, неадкладна быў увязьнены ў турму Святой інквізіцыі і аддадзены суроваму следству, пакуль не выявіць сваіх ератычных поглядаў ці ў выпадку ўпартага трывання ў мане і аблудзе не будзе адлучаны на вечныя часы ад святой царквы каталіцкай. Закончыў?
— Так, ойча.
— Падай мне пяро.
Дыега, зрабіўшы гэта, адышоў убок. Падрэ Тарквемада ўстаў, здалёк, як гэта робяць дальназоркія людзі, прачытаў прадыктаваны тэкст, пасля хутка падпісаў.
— Ойча мой, — шапнуў Дыега, зноў апаўшы да ног Тарквемады.
Той паклаў руку на яго галаву.
— Шмат месяцаў чакаў я гэтай хвіліны, мой сыне.
— Ты, ойча?
— Я ведаў, што рана ці позна, але прыйдзе той дзень, калі ты канчаткова, без ніякіх ваганняў, сумненняў і страху, знойдзеш сваю сапраўдную натуру. І вось дзень гэты настаў. Дзякуй вялікае Госпаду Богу, найлюбаснейшы сыне.
Дыега, вельмі ўзрушаны, каб гаварыць, бязгучна прыпаў вуснамі да рукі Тарквемады. Адчуваў сябе бязмежна шчаслівым, поўным свабоды і бяспекі, нібы за смутай, якая яго дагэтуль раз'ядала і атачала з усіх бакоў, бразнулі раптам і назаўсёды цяжкія дзверы.
Раздзел чацверты
Ішлі гады, і сярод безлічы розных здарэнняў таго часу вялікая справа аб'яднання каталіцкага каралеўства пераможна рухалася наперад.
У жніўні 1487 года, у дзень святой Алены, паддалася хрысціянскім войскам Малага, а праз няпоўных пяць гадоў, акурат пад самы новы, 1492 год, кароль Фердынанд пасля доўгай аблогі ўзяў Грэнаду. Апошні паганскі астравок некалі магутнага каралеўства маўраў перастаў існаваць на гішпанскай зямлі, і тагачасны паэт мог з цалкам справядлівым гонарам узнёсла спяваць: «Адзін статак, адзін пастух, адна вера, адзін кароль, адзін меч».