— Яшчэ раз — разам!
— Яшчэ раз — гоп!
З неперагаранага лоба страхi, дзе яшчэ сама ўзяўся гарэць зыркiм агнём выплецены тоўстаю лазою шчыток, завiлася ўгору i, пагойдваючыся, асядала на чорную купу людзей, на жоўты ў мiгатлiвым бляску снег перагараная салома.
Лускалi i стралялi вугольчыкамi шурпатыя ў чырвонай лусцэ, аб’етыя агнём латы. Там страшна загойдаўся комiн.
Закрываючы локцямi ўгнутую голаў, да акна падбег i закрычаў нешта ў чорную прорву хаты стары Корсак.
— А-я-я-ёй, чалавека завалiць! — адвярнулiся перапалоханыя бабы, каб не бачыць, як будзе падаць у хату, ломячы старую трухлявую столь, цяжкi комiн.
Хрысця ўбачыла, як неяк паволi, мусiць, абамлеўшы, да чорнае прорвы акна, абсыпаная iскрамi, лезла Алеся. Учула, як i самую аблiвае нейкая мяккая гарачыня, як зрабiлiся нежывымi i падагнулiся ногi.
Раптам з чорнае прорвы хаты паказалася Iмполева галава, i, высунуўшы цераз падаконнiк нагу, ён перавалiўся сюды, на двор. Адскочыўся далей ад сцяны i засмяяўся, паказваючы белыя зубы i скiдаючы з галавы шапку: атрасаў з сябе iскры. Услед за iм, пахiснуўшыся, як п’яны, з грукатам аб’ехаў комiн. Праз вокны было вiдаць, як у праломе столi, нiбы праз драбiнкi ў печцы, пасыпаўся жар. У хаце засвяцiўся i пачаў расцi агонь. Мужчыны з крыкам: «Раз-два — узялi! Яшчэ раз!» — iрвалi чорныя падгараныя кроквы — недзе суха рыпеў, выгiнаючыся i не паддаючыся, цвiк. Гарэла i абвальвалася столь.
Iмполь, атрасаючы адною рукою з плячэй нацярушаныя iскры, у другой нёс сарваны з цвiчка ў покуцi блiшчасты вянчальны абраз з васковай кветачкай пад шклом. Яго дагнала i турзанула за кiшэнь Алеся. Пацiху засварылася, зiркаючы спадылба на баб, цi не чуюць.
Ён, насупiўшыся, моўчкi глядзеў у снег, потым падняў вочы, убачыў Хрысцю i завярнуў да яе.
— Во, цi бачыла, ледзьве не згарэў, — ужо голасна сказала Алеся, беручы Хрысцю за рукаво i тулячыся да яе. Дзябёлая, мажная поруч з дробненькай — на смуглявым тварку адны лупаваценькiя, чорненькiя, як у вавёркi, вочкi — Хрысцяй.
— Не кажы, i ў мяне чуць сэрца не адарвалася.
— Няўжо? — варухнуў плячом i засмяяўся тым сваiм, трохi сарамяжлiвым смехам Iмполь.
— Яшчэ i выскаляецца, — адвяла злыя вочы Алеся.
— Няўжо ж плакаць… Людзi хоць дзякуй скажуць — столькi адзежы выкiнуў.
— А гэта, спытай, нашто? — Алеся паказала на вянчальны абраз.
— Хрысця во замуж iсцiме, там спатрэбiцца. Праўда, Хрысцечка?
— Скажа, як маленькi…
— Вой, перастаньце, у людзей вунь гора, нам — смешкi, — зморшчыўшы носiк, зажмурыла свае лупаценькiя вавёрчыны вочы Хрысця.
У хаце пастрэльваў агонь. Расшугаўшыся, полымя лiзала праз высаджанае з рамай акно верхнiя вянкi зруба. На другiм акне вясёлкай пералiвалiся, лускалi шыбы, з сухiм вострым звонам сыпалася шкло. Гарэла абваленая столь. Было вiдаць, як на падгарэлай, патанчэлай бэльцы пакалыхваўся, пералiваючыся мiгатлiваю чырванню, доўгi дрот, на якi, мусiць, вешалi шкляную лямпу.
Мужчыны, забегшы з гародчыка i ломячы трухлявы плецены частакол, узяўшыся за бусак, iрвалi верхнi вянок сцяны. Мiця, стаўшы ад вугла, падважваў дзеравiну. На снег сыпалiся i шыпелi чорныя вуглi.
Iмполь азiрнуўся, палажыў на стракаты, абсыпаны перагаранаю саломаю снег вянчальны абраз — васковаю кветачкаю ўверх — i, нацягваючы на лоб картовую кепку, памкнуўся да агню.
Але яго за шырокi з касцянымi гузiкамi хлясцiк на суконным каптане схапiла Алеся:
— I не пушчу, — i засмяялася, цягнучы яго да сябе. — Каб дзе яшчэ голаў падаткнуў, спрытны такi… Дадому во пойдзем. Цеперся куцця стаiць.
Учуўшы, што ў кiшэнi бразгацiць пляскатым язычком доўгi ключ, схамянулася i забедавала Хрысця:
— Дай бог памяць, я ж i хату не замкнула. Можа, дзе якi злодзей усунуўся.
— Злодзей не злодзей, а дурны з Лабачоў, той можа ўлезцi, — абмiнаючы калючую загарадзь i выходзячы на сцежку, яшчэ больш падстрашыла Хрысцю Алеся. — Помнiш, як восенню ўбiўся ў хату да Вайтовiчаў? Тыя, не прымкнуўшы дзвярэй, пабеглi на сяло. А ён зайшоў у хату, распрануўся i палез на печ. Рассунуў сонных дзяцей, лёг мiж iмi i храпе. Нават яшчэ боты зняў ды на лаву каля печы паставiў.
— Вой, не расказвай, — схапiлася за шчаку Хрысця, — а то буду баяцца.
— Каго гэта? — азiраючыся на нiзкi ўжо без страхi зруб Мiронавай хаты, над якiм роем вiлiся чырвона-залацiстыя iскры, Iмполь дагнаў Алесю з Хрысцяй, схапiў абедзвюх пад ручкi.
Спiхваючы з цемнаватае вузкае сцежкi ў глыбокi, залiты яснай чырванню, як ад нiзенькага сонца, у доўгiх сiняватых ценях снег, павёў вулiцаю.