— Такая ўжо яго доля.
— Ты кажаш — доля? — Алеся захлынулася ад стрэчнага ветру. Змоўкла, стаiўшыся, думала, успамiнаючы тую цёплую, астатнюю мамiну восень, калi аж да самых пакроў хадзiлi босыя, i мама тады, трэплючы лён, распарыўшыся каля агню, застудзiлася. Схапiўшы запаленне, праляжала яна тыднi тры, мусiць, разам з крывёю выпляваўшы ўсе лёгкiя.
Спомнiўся i той вечар, калi маме зрабiлася саўсiм блага. Яна, ужо не могучы падняць ад падушкi голаў, сухiмi перапаленымi губамi ледзьве вымавiла:
— Сена прынясi, Улас. Памiрацьму я…
Бацька тады нават засмяяўся.
Зазлаваўшы, мама нават набралася моцы i закрычала:
— Ён выскаляецца, ах, божа мой лiтасцiвы!.. I радзюжку дастань неўжываную.
Калi яна, Алеся, як не без памяцi, збегаўшы, прывяла цётку Марылю, бацька ўжо засцiлаў на лаве тое, недзе наскубленае спадыспаду ў гумне сена блакiтненькаю ў чырвоныя балонкi радзюжкаю, якая яшчэ i сёння неўжыванаю ляжыць на сподзе Алесiнага куфра. Шосты ўжо год. Беражэ Алеся i тую падушачку, што скiнула з-пад галавы мама, калi бацька падсунуў, каб мякчэй было ляжаць, пэўна ж, не ведаючы, што чалавек на пер’i будзе доўга ў цяжкiх муках канаць. Мама тады, ужо неяк сама, адапхнуўшы ўсiх, каб не трымалi пад пахi, памаленьку дайшла да лавы, з нейкаю маўклiвай пакутлiвай злосцю, нiчога не кажучы, сцягнула з лавы падушку, хацела падаткнуць пад сена, але ўжо не здужала i выпусцiла яе на зямлю.
У той вечар, лежачы ўжо на сене i, як трэба яшчэ перад смерцю, трымаючы ў складзеных руках крыжык i запаленую свечку, яна згаварыла разам з цёткай Марыляй, што стаяла прыкленчыўшы пры лаве, чыстую малiтву i цiха, як зморанае дзiця, заснула.
Яны ўсю тую ноч, чакаючы бяды, не спалi.
Пад ранiцу ўжо — сусед Iкон Жыток збiраўся на кiрмаш, грукаў, выкочваючы з-пад паветкi калёсы, — яна, прачнуўшыся, папрасiла пiць. Алеся, нават тады зарадаваўшыся, што маме во i нiчога, нiбыта адлягло, нiбыта стала лепш, прынясла конаўку вады. Маму паднялi пад плечы, але вада ёй ужо не пайшла…
Алеся ўчула, як недзе з вейкаў вецер сарваў i наўскасяк па шчацэ пагнаў настылую халодную слязу. Нiчога не бачачы, глядзела на гэты сiвы, перамешаны кудасай свет, на шашу, што жаўтаватым пасачкам бегла назад, рабiлася вузшай, там яе роўным вяночкам абступалi старыя абветраныя бярэзiны. Над галавою густа цякло, як вада, доўгае карычневае вецце. Нема выў i енчыў, разарваўшыся ў тэлефонным дроце, раз’юшаны вецер. Чорным роем з неба гнала i вiрыла снег, шоргала, як жвiрам, па плячах.
Конь звярнуў з цвердаватае бясконцае шашы на замеценую дарогу, збiўся са спорнае хады, грузнучы па каленi сам i цягнучы, як па глыбокай вадзе, санi. Назад памаленьку паплыў абкураны снегам сiвы дубовы крыж. Вецер iрваў на iм счарнелы кужэльны ручнiк.
Пад’ехалi да Верасава. Алеся з трывогаю падумала пра блiзенькае цяпло хаты, пра старую свякроў, што будзе глядзець спадылба, i раптам нешта пякучае аблiло яе сэрца: «Як жа ж будзе жыцца з iм, з Iмполем, што во сядзiць, каторая пара, не абзываючыся?»
I ён, як чуў яе мыслi, штурхануў нiбы няўзнак локцем:
— Го, цi не заснула там?
Саскочыўшы з саняў i топячыся па каленi ў сыпкiм маладым кургане, пайшоў адкiдаць браму.
Чуткая сучачка, згледзеўшы сваiх, вышмыгнула праз шчылiну непрычыненых веснiчкаў i, завiшчаўшы, пакацiлася да саняў.
XIX
У дзiравых астуджаных хатах па нагах хадзiў вецер. На чорныя шуфляды акон праз расколатыя i застаўленыя крыжыкамi лучынак шыбы намяло сiняватага, як цукровая пудра, снегу.
Зранку яшчэ гнала ў вочы сухi калючы снег. Сеяла, як праз дробнае сiтца, з тоўстых стрэх белы пыл, зганяла ў косыя шчылiны патрэсканых сцен.
Курэла, мяшалася сiваю гарачаю параю пад Верасавам перадкалядная завея. Вецер дзёр каля застрэшкаў, iрваў пучкамi салому, мяшаў дзе каля вуглоў на скразняку з перамерзлым пяском снег.
Сярод дня шарая навараць хмар разлезлася, як старая, зношаная радзюжка.
Паказалася залацiстая глыбокая яснасць — вызiрнула нiзкае белаватае сонца.
Як плойма лятучых мурашак з празрыстымi крыльцамi, у косых слупках яго завiрыў, замiльгаў дробны снег. I зрадзеў саўсiм, не хочучы i змарыўшыся iсцi.
Перакацiлася цераз цёмны пасак лесу i пачало неяк спадцiшка чырванець жоўценькае сонца.
Пратрымаўшыся нядоўга, мерк кароценькi зiмовы дзень.
Вышай лiловага, як разведзенае чарнiла, неба, там, дзе зайшло сонца, доўга трымалася яснасць. I над гэтай яснасцю задрыжала першая зорка i праз хвiлiну, нiбы сашмаргнуўшыся па нiтачцы, выяснiлася другая, драбнюткая, ледзьве знаць.
Неба афарбавала ў свой сiняваты колер абслiзганы завеяй снег. Над вёскаю попелам зацерушыўся i зашапацеў поцемак. Адзвiнелi каля абледзянелых — не даступiцца — калодзежных зрубаў вёдры, сцiх крохкi цяжкi рып дзвярэй з абынелымi клямкамi.
Як пераспелыя сухiя струкi, лускаў мароз. I недзе стралялi, як хто ўбiў туды клiн, калолiся, пускаючы глыбокiя шчылiны, тоўстыя вуглы хат.