Шызым дымам у сiняе, зацярушанае пякучым жарам мiгатлiвых зорак неба падымалiся абсiвераныя бярэзiны. Мяккiмi тоўстымi смаўжамi, натапырыўшы рожкi канькоў, горбiлiся белыя стрэхi хат. Жоўтая вiднасць ад вокнаў лягла на сiняватыя, навеяныя роўна з плотам курганы ў гародчыках, на абынелы сiвы частакол.
Верасаўцы ў цiхай i трывожнай набожнасцi, як у касцёле падчас iмшы, нават баючыся закашляць, шыкавалiся да куццi. Прынёсшы з гумна, рассцiлалi на стале порсткае сухое сена, каб назаўтра аддаць яго каню.
На ўсю хату ўжо, як ад кваснае хлебнае дзежкi, пахла густою кiслатою — на покуцi за сталом, у вялiкiм аплеценым гаршку, накрытым чыстым, выкачаным на пранiк ручнiком, стыў i трэскаўся аўсяны кiсель. Згаладалыя за доўгi пост дзецi — патрывай на адной кiслай, як воцат, саладусе ды падсмажаным i патоўчаным з соллю да картопель iльняным семенi — украдкам зiркалi туды на покуць, круцiлiся пад рукамi каля мацярок, што таўклi ў цёрлах, шморгаючы качалкаю, недзе выхаваны ў торбачцы на такi дзень мак. Адзiн перад адным каштавалi з лыжкi прэснае нiшчымнае «малако».
Толькi з «рускiх» хатаў быў чуваць глухi, як з-пад зямлi, гук — там яшчэ секлi на распал тоўстыя, высушаныя ў печы дровы — збiралiся варыць да прыкупленых худых селядцоў параныя картоплi. У «рускiх» — самы пост. I, як чарвячок у разрэзаным яблыку, у iхняй душы варушылася хцiвая зайздрасць, што ў «палякаў» надыходзяць каляды i iм можна будзе разгавецца.
Не было чуваць на вулiцы раптоўнага вiску дзяўчат, сытага i густога рогату хлопцаў.
Сцiшэла сёння i перайначылася прыбраная ў зялёныя, падсаджаныя пад бэлькi яловыя лапкi, чыстая, з яснаю падлогаю Корсакава хата.
Як i ўся тая палавiна Верасава, што хрысцiлася ў касцёле i была «польскаю», Корсакi гатавалiся да куццi. На покуцi за трохi адсунутым ад лавы сталом падымалася не прыбраная яшчэ, не абсохлая ад зледзянелага снегу, у жаўтлява-зеленаватых мiгатлiвых, як скупая ранiшняя раса, кропельках вады гусценькая прысадзiстая елка. Ад яе, як i ад пазатыканых за бэлькi зялёных лапак, што парастапырвалi свае калючыя, акрыялыя ад холаду пальцы, холадам пахла свежая вiльготная смалiна.
У драўляным раскрытым куфэрку, перакладзеныя злямцаванаю ватай, блiшчалi, адбiваючы скупы агоньчык лямпы, пералiвалiся, як мыльныя бурбалкi на растапыранай саломiнцы, шкляныя шары.
Елак у Верасаве нiхто не ставiў. Захавалiся ў Корсакаў гэтыя зiхатлiвыя цацкi яшчэ ад немцаў, што тры гады стаялi ў Верасаве, павыганяўшы з хатаў людзей i адгарадзiўшыся калючым дротам. У Корсакавай хаце жыў ганарысты, з падкручанымi рыжымi вусамi вахмiстр — Корсак тады, зрабiўшы печ i прарэзаўшы ў сцяне невялiкае аконца, перабраўся ў падпаветку. Ён, гэты вусаты вахмiстр, i прывёз шкляныя шарыкi. Нават аднаго разу паклiкаў у хату Уласа Корсака i, запрасiўшы прысесцi каля прыбранае елачкi, пачаставаў ромам, потым, паказваючы на новую, усланую ўжо iмi, немцамi, падлогу, падымаў палец угору: «О, культура! Пан будзе помнiць». I на адыход яшчэ сыпаў у кiшэнь гасцiнцаў: чакалядных, укручаных у прыгожыя паперачкi цукерак для кiндэр — Алесi было тады гадкоў пяць. Астатнi год ён нават не паспеў паставiць елкi — выбралiся немцы неяк перад калядамi, забраўшы ў Корсака пабеганую ўжо цялушачку, пакiдаючы ў хаце, нiбы як плату, бочку квашаных зялёных памiдораў, драўляныя, выдзеўбаныя з асовага палена шлэбы ды вялiкую кардонную скрынку з гэтымi шклянымi цацкамi. Адбiўшы ў бочцы днiшча, Корсак пакаштаваў солены памiдор, плюючыся i не ведаючы, што гэта за паскудства, вывернуў iх на сметнiк, а дубовую бочку забраў — хiба знойдзеш лепшую салiць гуркi цi квасiць капусту. Пакiнуў для дзяцей i гэтыя хрусткiя, нямоцныя, як шкарлупка ад яйца, шкляныя цацкi.
Некалi з iмi важдалася Алеся, нават яшчэ на вяршок чырвоную зорку прыкупiла.
Пасля ўжо, прыйшоўшы ў гадаванкi, з гэтымi, трохi перабiтымi, парасколванымi, а дзе ўжо збоку i дупляванымi шарамi цацкалася Хрысця. Сёння ўдзень папрасiла, каб Змiтрык схадзiў у лес i высек невялiкую, але круглую з усiх бакоў елачку. I цяпер, няўзнак сашморгваючы з вачэй, нiбы ганяючы абрыдлую асу, пасмачку цёмна-русявых, што адсвечвалi золатам, валасоў, прывязвала да шарыкаў нiтачкi, перакусваючы iх зубамi.
Змiтрык, унурыўшыся пры стале каля нiзкае, звешанае на доўгiм дроце лямпы i разгарнуўшы тоненькi часопiс «Мора», што надоечы разам з газетамi купiў у Дварчанах на пошце, разглядаў цешынскiя здымкi: на iх было вiдаць, як на засыпаным букецiкамi бруку невялiчкага чэшскага гарадка на белых конях ехаў кавалерыйскi аркестр, роўна трымаючы строй i нiзка насунуўшы на вочы каскi, iшла польская пяхота. Маладыя салдаты, стараючыся, высока паднiмалi i выцягвалi туга абкручаныя ў абмоткi ногi.
— Во ён сядзiць, цацачкi ў кнiгах разглядае! — Мiця ўчуў над сабою нейкi зменены, як здушаны, бацькаў голас. Сумеўшыся, азiрнуўся. Бацька стаяў над iм, трымаючы перад сабою ахапак порсткага сухога сена — з-за незачыненых дзвярэй у хату сiвымi клубкамi кацiўся калючы настылы сiвер. — Пры такiх гаспадарах пажар i сюды дойдзе.
— Якi пажар?
— Вунь Мiронавыя гараць!
— А што вы кажаце? Няхай крые бог! — Хрысця падхапiлася з лавы. У яе з рук выслiзнуў шарык, з хрустам луснуў аб падлогу, рассыпаючыся i блiшчучы, як серабро.
— О, недалэнга! — Корсак са злосцю кiнуў на стол, на Мiцеў разгорнуты часопiс, няўежнае балотнае сена — асаку, перамешаную з калiвамi троснiку i кветкамi засохлага бабку. Выбег з хаты, нарэшце зачынiўшы за сабою дзверы, загрукаў за сцяною, мусiць, здымаў з крукоў бусак.
Услед за бацькам выскачыў Мiця, але, апомнiўшыся, вярнуўся ў хату, схапiў з калоды вядро, расплюхаў на падлогу ваду.
Хрысця з гарачкi ўсё нiяк не магла знайсцi сваю вялiкую суконную хустку, а потым i замкнуць дзверы — не лавiлася язычком ключа цяжкая жалезная засаўка. Невядома дзеля чаго несучы з сабою гэты доўгi, як шворан, ключ, выскачыла на вулiцу i раптам жахнулася ад страху: у канцы вёскi падымалася, падсвечаная знiзу агнём, цёмна-жоўтая хмара. Там, каля Мiронавых, стаяў крык.
Як ад нiзкага позняга месяца, на чубках мяккiх белых стрэх трапяталiся сполахi рэдзенькай жоўтай яснасцi. Адтуль дыхала нейкаю трывогаю. У суседнiх цёмных вокнах мiльгаў сухi трывожны водсвет.
У канцы вулiцы, збiваючыся са сцежкi i апярэджваючы адзiн аднаго, беглi людзi. Пазвоньвала i брашчала ў некага пустое вядро.
Хрысця, аж задыхнуўшыся, ускочыла ў вялiкi курган i пабрыла, як па вадзе, абыходзячы старую Такарду i набiраючы ў валёнкi, уступленыя на босую ногу, халоднага, пякучага, як прысак, снегу.
— Така рада, дзеткi, трэба было ж сказаць, я ж пастаранiлася б, — старая абедзвюма рукамi абаперлася на высокi кiй.
— Ой, нiчога, цётка, жыва буду!
— Дзiва што. Ножкi маладыя. А мае во як калкi — нiяк не iдуць.
Пакiдаючы ззаду старую, Хрысця прыпусцiлася подбегам, слiзгалася ў размешаным, перацёртым нагамi снезе. Мiнуўшы колькi хат, учула раптам гаркаваты пах саломы. Як чарвякi на павучыне, перагараная салома кружылася i асядала на чысты снег. Густым роем угору вiлiся едкiя залацiстыя iскры. Ад тоўстых калкоў драцяной загарадзi дваiўся i пахiстваўся доўгi цень. Быў чуваць ужо сухi трэск агню, трэск падпаленага дрэва. Гуло i шумела, як у комiне з добрым цёгам, падымалася вострымi расчасанымi ручайкамi полымя. Не абыходзячы загарадзi, нехта таптаў нагою, абрываў з шулаў абсiвераны калючы дрот. Звярнуўшы са сцежкi i грузнучы ў снезе, туды беглi з бусакамi мужчыны. Адстаючы ад iх, войкалi i ўсплясквалi рукамi бабы.
Хрысця скоранька мiнула астатнiя хаты, i ў вочы пырснула балючая яснасць агню.
Заняўшыся недзе, мусiць, з сеняў, гарэла Мiронава хата. Па абгарэлых латах расчасанымi пасмамi скакалi i шумелi чырвоныя лапiкi полымя. Праз iх, як праз голыя рэбры, свяцiўся чорны комiн. Чорным густым i мiгатлiвым мурашнiкам каля агню стаўклiся верасаўцы. На ружаватым, падсвечаным полымем снезе варушылiся i снавалi доўгiмi слупамi iхнiя раздвоеныя ценi.
Хрысця прашылася блiжай да агню, учула, як пачыналi раставаць i налiвацца набрынялаю гарачынёй шчокi. З расчыненых сенцаў, задыхаючыся ад дыму, мужчыны неслi куфар. На снезе ўжо валялiся вывернутыя шэрсцю, мусiць, у спешцы знятыя з жэрдкi кажухi. Стаялi вынесены недзе са стопкi кубелец i старая шафка, зашчэпленая на драцяны кручок.
У хаце меркла ад сiняга, як накуранага, дыму павешаная на цвiчок у бэльцы шкляная з палiванай талеркай лямпа.