Было гэта яшчэ ўлетку. Парным задушлiвым вечарам. Вярнуўшыся з жнiва, яны, дзяўчаты, пайшлi мыцца, выбраўшы далей ад вёскi тое цiхае глыбейшае месца, дзе рэчачка абмывае дзве доўгiя купiны-выспы, што пазарасталi зялёнымi дудкамi тоўстае лодзьмы, лапушыстым карычняватым конскiм шчаўем i старымi карчыстымi вербамi, дзе мiж вiлаватых камлёў шарымi перавернутымi каўпакамi сядзяць выплеценыя з пырнiку i сухое травы пустыя ўжо драздовыя гнёзды.
Залезшы ў цянёк гэтых выспаў, раздзеўшыся i прытаптаўшы ў гаркавата-духмянай траве сваю адзежу, дзяўчаты з вiскам i плёскатам паплылi ў цёплай, як луг, i плыценькай пад вечар рэчцы. На спiнах у iх гарбамi надувалiся палатняныя сарочкi. Плыла i яна, Хрысця, дастаючы рукамi да жвiрыстага, у ружаватых каменьчыках дна. Але, дурныя, не дагадалiся пакiнуць каго сцерагчы, пiльнаваць адзежу. Тады, мусiць, i вылез са свайго сховiшча Лiтавар — украў якраз Хрысцiну паркалёвую спаднiчку з кофтай. Хрысця з дзяўчатамi аблазiла кожны блiзенькi ад рэчкi куст маладога лiпкага алешнiку, але адзежы свае не знайшла.
Выкруцiла мокрую, як хлюшч, палатняную сарочку i, дачакаўшыся поцемку, каб не вельмi напаткацца на чужое вока, пабегла дадому. А на вулiцы, пад самьгаi веснiкамi, ужо стаялi хлопцы — iх знарок прывёў Лiтавар.
Ён першы, распасцёршы рукi, i заступiў ёй дарогу:
— Га-га-га, а дзе ж ты спаднiцу згубiла?
— А там, Чад, дзе ты палажыў!
— Не кажы, я ўжо калi спаднiцу здымаю, то аддаю. Я кавалер гжэчны…
— Каб ты ўжо галаву сваю зняў, — закляла Хрысця i скоранька, у гэтай караткаватай, сырой, што лiпла да ног, палатнянай сарочцы, кiнулася ў хату.
Чула, як ад сораму, нiбы ад гарачага агню, пякуць шчокi.
Адзежу яна знайшла назаўтра, ужо каля сцяны на прызбе. Лiтавар, мусiць, i падкiнуў у той вечар, а потым нават бажыўся, што гэта не ён.
Чапiўся да Хрысцi i пасля гэтага. Бегаў ледзьве не кожны дзень да Корсакаў. Паснедаўшы, мусiць, прыбягаў i сёння.
Выцiраючыся слiзкiм мяккiм, выкачаным на качалку i пранiк кужэльным ручнiком свае маладыя, натапыраныя, як дзiцячыя кулачкi, грудзi, Хрысця ўспомнiла Iмполя, той вечар на куццю, калi гарэла Мiронава хата, якi ён быў прыгожы сярод верасаўскiх хлопцаў i мужчын, успомнiла, як яго цёплая рука сцiскала i лавiла яе руку ў палатнянай халоднай кiшэнi кажушка. I раптам учула нейкую брыдкасць — няхай крые бог, чаго яна пра чужога мужыка думае.
Апрануўшы лёганькую з банцiкам на грудзях паркалёвую сукенку i наспех прыбраўшы ў хаце, чысцiла крохкiм гаркаватым вугольчыкам зубы, шмаргануўшы па закурэлым чалеснiку пальцам, падчарнiла сажаю вузкiя шнуркi шорсткiх броваў.
Косячы блiшчастым рудаватым, як вылушчаны каштан, вочкам у зломак люстэрка, паўзiралася на свой прыгожы смуглявы, як зiмовы яблык, тварок, на якiм спадыспаду выступала чырвань, спадабалася сама сабе i села давольная на лаву пры акне.
Паднiмаючы растапыранымi жменькамi свае мокрыя, блiшчастыя ад лугу валасы, сушыла iх на скупым зiмовым сонцы. Зажмурыўшыся, слухала, як мякенькаю даўняю ласкаю лета грэе яно ў шыю.
Нехта зноў грукнуў у дзверы. Хрысця, уступiўшыся ў валёнкi, накiнуўшы на голаў цёплую суконную хустку, выбегла ў сенi, ужо не пытаючыся, адсунула дзверы.
Парыпваючы намерзлымi ботамi, у хату ўвайшоў i запах холадам, вярнуўшыся з касцёла, стары Корсак. На чорным каўняры кажушка згортваўся ў дробныя кропелькi расы сiвы нахуканы iней.
— Ну й мароз, як звер, — Корсак цёр рукою белую скамянелую шчаку.
— Дак я можа капусты ўвалью — пагрэецеся? — Хрысця адкiнула ў печы стары, што служыў за занавеску, падпалены фартух.
— А дзе ж Змiтрык?
— На сяле. Цеперся як пайшоў.
— Так мо не памру. Разам папалуднуем.
— Дачакаецеся яго, — зазлавала Хрысця. Ей не цярпелася вышмыгнуць з хаты.
Яшчэ з учарашняга дня верасаўскiя дзяўчаты змовiлiся, што збяруцца ў Сабiны, будуць варажыць: як добра ўцямнее, пабягуць да рэчкi слухаць ваду.
Хрысцi ўжо не сядзелася дома. Зняўшы з шастка, абувала свае чорныя з доўгiмi халяўкамi чаравiкi, з-пад якiх выглядвалi вязаныя суконныя шкарпэткi з зялёнымi i ружовымi пасачкамi. I ўжо вышэйшая, спрытная ў гэтых шчытных на высокiм абцасiку чаравiках, падбягала да акна, цiкавала ў растоплены сонцам кусок лёду — цi не iдзе Мiця, каб скоранька накармiць полуднем мужчын ды сысцi з хаты.
— Куды ж выстраiлася? — скiнуў шапку i блiснуў лысiнаю стары Корсак.
— Ай, збегаю на сяло…
— Iдзi ўжо, iдзi. Чаго там… Я тут адзiн упраўлюся, — хiтра ўсмiхнуўся Корсак, наровячы зазiрнуць Хрысцi ў вочы. — Iдзi, паслухай, дзе брэша чужы сабака.
Хрысця надзела яшчэ свой жоўты, вузенькi ў талii, з падстрочанымi паяскамi кажушок i, закручваючы на бягу чырвоную ў чорныя кветкi кашамiравую хустку, схавалася ў сенях.
На дварэ пасля цёмных сеняў вочы засляпiў зыркi снег. Зажмурыўшыся, але ўсё роўна чуючы зеленаватую сляпучую яснасць, Хрысця спусцiлася з надворка на вулiцу. Крохкаю, як сухiя вуглi, сцежкаю пабегла ўздоўж шарага абсiверанага плота. З дрэў сыпаўся дробненькi, як асколкi ад шкла, iней, лускою заблiшчаў на чорнай апусе Хрысцiнага кажушка.