З хаты высунулася Лiтаварыха, асцярожненька ступаючы на зацярушаных снегам дашчаных сходах, паклiкала Мiцю, падала яму новы, што пах кiслаю рошчынаю, кажух.
— Наш Бронiк як маленькi — не прынясi, не падай, так i забудзецца… Во, хоць ногi ўкрыеце. А то ж скалець можна такiм холадам.
Стары Лiтавар, адчынiўшы i адвалокшы да плота доўгую з жэрдак браму, узiраўся, як выязджаюць з надворка Бронiк з Мiцем. Старая, раптам успомнiўшы, падбегла за санкамi, грузнучы ў глыбокiм снезе i задыхаючыся, крыкнула Бронiку:
— Глядзi ж, сынок, танна ўжо не спускай! Калi што якое, дак вязi дахаты… Напытвае, кажуць, Грабянка пра цялят, завязi мо яму.
— Ат, ты, — скрывiўся Бронiк, саромеючыся перад Мiцем мацерынай рады i за крыжам выкiроўваючы на шашу каня.
Крохка рыпеў, ссядаючыся пад палазамi, снег. Тоненька, цягуча, як нiтачка, пазвоньваў пад дугою медзяны званок.
Гумном, гаркаватым пылам пахла з-пад радзюжкi сухая, з шаматкiмi галоўкамi, канюшына, укiнутая ў драбiнкi i засланая старою радзюжкаю, каб было лаўчэй сядзець.
На лёгкай шашы конь пабег трушком. Заварочваючы голаў ад стрэчнага ветру, сек шыпамi стары зледзяны снег. З сярэдзiны гарбатае шашы санi зносiла ўбок, на косую расслiзганую каляiну. Абапал мiльгалi карэлыя, з белымi вiлаватымi камлямi сукоў, старыя бярэзiны. У карычняватым галлi бэрсаўся i густа шумеў вецер. Уздоўж шашы стракацелi рэдкiмi дошкамi новыя жаўтаватыя шчыты.
Зрадзеў снег. Вецер змятаў з сiвага неба, як гаспадар з чыстага таку, астатнi пылок. Пачынала развiднiвацца — на полi засiнеў чысты, мяккi, як падушка ў маладой дзеўкi, снег. Заяснеўся твар у нiзкага насупленага неба — недзе збоку на ўсходзе паднiмалася яснасць.
За вярсты тры ад Верасава Мiцю з Лiтаварам дагнаў дзень.
Пярэднiя фурманкi зварочвалi з шашы ў канаву, па самыя драбiнкi ў глыбокiм снезе хавалiся санкi. Фыркаючы, як вожык, i высунуўшы доўгi лычок радыятара, сунуўся самаход — невялiкi круглы аўтобусiк, крывенькiмi пярэднiмi коламi рассоўваючы на шашы пухкi снег. Ззаду за iм курыўся, паднiмаючыся, як у кудасу, сiвы пыл.
— Каня ты зацугляў? — штурхануў Мiця Лiтавара, бачачы, як там пудзяцца, задзiраючы галовы i кiдаючыся ўбок, ляцяць на злом галавы конi.
Саскочыўшы з чорнага вазка, мужчына ў доўгай бурцы трымаў за цуглi свайго маладога ў цёмныя яблыкi жарабка. Задзiраючы голаў, перабiраючы ад страху нагамi, жарабок адступаўся назад.
— Не бойся, чаго там, удзержу, — крыкнуў Лiтавар, напiнаючы сырамятныя лейцы.
— Можа, я саскочу, патрымаю? — Мiця перакiнуў нагу цераз драбiнкi.
— Куды ты? Сядзi, раз гавару!
Аўтобус, ляскаючы на няроўнай, у гулах лёду, шашы, трохi зварочваў убок, каб размiнуцца з фурманкаю.
Лiтавараў конь задраў голаў, захроп, стрыгучы вушамi.
— Стой, сiвы! Стой, кажу! — Лiтавар абедзвюма рукамi трымаўся за лейцы.
Конь раптам даў назад, абiваючы вострыя каленi аб капылы саняў. Падняўся на пярэднiя ногi, задзiраючы разяўленую ў зеленаватай пене храпу i выкочваючы чорнае з абадком бялка вока, скочыў набок, завярнуў пад аўтобусiк санi. Недзе суха затрашчала, ломячыся, аглобля.
Мiця, сцiснуўшы пальцамi драбiнкi, учуў, як пад шапкаю шэрхне скура i дыба ўстаюць валасы.
— Куды! Куды цябе нясе! — крыкнуў, паднiмаючыся i сцёбаючы каня пугай, збялелы Лiтавар.
Конь з усяе моцы рвануўся ўздоўж стромае канавы. Санкi, насядаючы на адзiн полаз, крута нахiлiлiся. На Мiцю навальваўся Лiтавар. Разам з радзюжкаю ў снег выкацiлася цяля. Санкi з шоргатам ляцелi далей. Мiця не паспеў згледзець, як сам шухнуў тварам у гарачы i шорсткi снег.
Падняўшыся, бачыў, як спуджаны конь нёсся ад шашы да жаўтаватых, як новы плот, шчытоў, растрасаючы вывернутую з саняў канюшыну. За канём iшоў i збiраў яе ў ахапак Бронiк Лiтавар. У снезе трэпала звязанымi нагамi i, сiлячыся ўстаць, паднiмала голаў цяля.
На шашы вуркатаў разагрэтым маторам аўтобус. З-пад блiскучае накрывачкi радыятара курылася пара. Адчынiўшы дзверцы i высунуўшы голаў у скураной фуражцы, выскаляўся мардаты шафёр:
— О свенты Яцку з перогамi, о бычы осле, змень коня на козла, то бэндзеш ездзiл!
— Лепей едзь сам — покуль не позна, чаго тут смярдзiш, як здохлы шчур! — забягаючы наперад каню, крыкнуў i патрос кулаком раз’юшаны i асаромлены Лiтавар.
Звязаўшы паскам расколатую, але яшчэ ацалелую аглоблю, пазбiраўшы растрэсеную скрозь па снезе канюшыну i ўкiнуўшы ў санкi цяля, ехалi цiшэй. Да самых Дварчанаў самаходаў ужо не было. Толькi насустрач параю коней дарожны майстар цягнуў збiты з тоўстых дыляў i акованы бляхай шырокi, на ўсю вузенькую шашу, плуг — чысцiў снег.
Лiтавар, ужо не верачы свайму ўпуджанаму, наравiстаму каню, скiраваў у канаву, паехаў цалiком збоку шашы.
— Апёкшыся на малацэ, ужо i на ваду дзьмеш, — засмяяўея Мiця.