У Мiцi яшчэ сёння ляжыць той дзённiк, дзе ён цiшком, хаваючыся ад усiх, запiсваў з кнiжак тое, ужо некiм вычытанае i падкрэсленае, што пiсалася пра каханне. I нават тлеюць тыя вершыкi з абмалёванымi кветачкамi: чужыя, што выпiсваў з кнiжак, i свае, што ён хацеў, ды не вельмi мог скласцi.
На другое лета Чэсi ўжо не было ў Дварчанах. Яна паехала ў Баранавiчы. Яе бацьку, высокага рыжаватага стрэлачнiка, што хадзiў заўсёды ў старой зашмальцаванай рагатыўцы, з прычэпленай да папругi бляшанай дудкай i жоўтымi, пазапiханымi ў сумку флажкамi, перавялi недзе туды на работу.
I як яна паспраўнела i пасталела, пахарашэўшы яшчэ больш за гэтыя чатыры гады.
Мiцю нават зрабiлася брыдка, што яна ўбачыць яго ў гэтым бацькавым шарым паўшубку з рудым цялячым каўняром. Калi нават i не прызнаецца, што пазнала яго, усё адно будзе потым смяяцца.
Мiця адступiўся далей ад гэтай адчыненай брамы за рэдзенькi частакол плота. Ды яна, можа, не вельмi глядзела б на цiхую, засыпаную снегам вулiцу з расчышчанаю, роўненькаю сцежкаю, каб да Жэнiка з Мiцем не загаварыў Лiтавар:
— Хлопцы, пачакайце! Я во зараз, толькi скiну ў хлеўчык цяля!
Яна, iдучы за саньмi, што крута заварочвалi за ашалёваны карычневы дом, азiрнулася туды, куды крычаў Лiтавар, i раптам спынiлася, як забыўшыся нешта, крутнулася на адным снягоўцы, гэтаксама, як тады ў сёмым класе.
Зноў глянула сюды, выпiнаючы пухлыя губкi i крывячы ў нейкай смешнай мiне твар:
— А, то ты, Мiцек?..
Мiця, учуўшы, як зноў тая самая гарачыня аблiвае грудзi, пераступiў з нагi на нагу.
— Забачыла, жэ ктось знаёмы, але не впадло мi до гловы, жэ то ты…
Ружавеючы ў шчоках, падышла сюды, да адчыневай брамкi. Пад блiшчастымi гумовымi снягоўцамi захрумстаў крохкi, пякучы снег.
— Дзень добры! — i задыхнулася — у яе лёганька падымаўся на грудзях гэты вышыты зялёнай i чырвонай нiткай каля беленькай густой апухi гуцульскi кажушок. — Як маешся? Дзе ты цяпер?
— Ды во, як бачыш, тут, — у Мiцi трохi пералекацеў гэты нечаканы, раптоўны страх.
— Вучышся далей цi не?
Ён пакруцiў галавою.
— Шкода… Ты быў такi здольны, — у яе дробненька дрыжала падпухлая нiжняя губка.
— А ты?
— Вучуся. У школе пеленгнярак[1], у Баранавiчах. Хоць сам ведаеш, якая я здольная да навукi.
— А як апынулася тут?
— Гэта тут жыве мая стрыечная сястра. Прыехала проста адведаць. — Яна пакусала падпухлую нiжнюю губку. — Нязвыкла тут у вас. Цiха стала.
— А там?
— I там. Дзвудзесты век голы, як свенты турэцкi. А помнiш, як было весела?..
— Калi? — усмiхнуўся Мiця, зазiраючы ў яе сiняватыя, з цьмянымi чалавечкамi, вочы i бачачы сябе. — Як з нас падсмейваўся Рысек Пясэцкi?
Мякенька махнуўшы вейкамi, яна апусцiла вочы:
— А чаго? Я не помню…
З двара ўжо выехаў Бронiк Лiтавар. Гукаў, азiраючыся i прыдзержваючы лейцамi каня. Да саняў подбегам пайшоў Жэнiк Рэпка.
— Я напiшу табе пiсьмо. Можна? — Мiця ўчуў, як у яго змянiўся i задрыжаў голас.
— Ой, дзiўны ты, чаму ж не?
— Адпiшаш? — ён азiрнуўся, бачыў, як ужо далёка ад’ехалiся Жэнiк з Лiтаварам, як за рогам пафарбованага плота хаваюцца санi.
[1] Пеленгняркi — медсёстры (польск.).