— Якi мне iнтарэс да iх. Людзi кажуць, i я кажу. Маё дзела — старана…
Лiтавар асекся, знарок закашляў, нiбы папярхнуўся тытунёвым дымам — у хату зайшла Алеся. Як чула, што пра яе гавораць, зiрнула то на Лiтавара, то на свякроў, падхапiла абедзвюма рукамi ружаваты аполец.
Калi ўжо далёка на печы за вянкамi цыбулi раставаў, трапечучыся i як адсвечваючыся ад вады, малiнавы пасак ад сонца, прыпазнiўшыся, прыйшоў Вайтовiч. Хату паспелi падмесцi i, як на свята, пасыпаць сухiм, што сеяўся з рассохлага кошыка, перамерзлым жоўтым пяском. Толькi каля задняй сцяны стаяла яшчэ балея з пухкiмi зеленаватымi кiшкамi. Алеся, прысеўшы на кукiшкi, абiрала з кiшак здор, атрасала яго з нажа ў вялiкi чорны чугун.
Вайтовiч даў «дзень добры» i, прыглядаючыся да чужых у хаце людзей — Iмполя са старым малацьбiтом, — падышоў да стала, выняў з кiшэнi кантовую, з доўгiм рыльцам чарнiлiцу i скручаную ў трубачку паперу. З яе выкацiлася i пабегла па стале доўгая, як верацяно, драўляная ручка.
Вайтовiч злавiў яе на краi стала i пачаў расшпiльваць свой жоўты з сiвым каўняром i апухай кажух, азiраўся на сцяну, дзе яго павесiць.
— Во сюды!.. Дайце ж я павешу… — выцiраючы аб ручнiк свае мокрыя, тлустыя рукi, да яго падскочыла Алеся.
— Ты думаеш, я такi няўпраўны, га? — ён зняў з галавы суконную, у клiны, кепку, абгладзiў абедзвюма рукамi свае рэдзенькiя, выкачаныя, як у малога дзiцяцi, валасы. — Нябось, яшчэ маху не даю, панечку мой…
Алеся, наткнуўшыся на яго вострыя, раз’ятраныя вочы, адступiла назад.
— А ты, гляджу, яшчэ паспраўнела, — ён змераў яе касаватым вокам з ног да галавы.
— А чаго ж… Во, пры двух мужчынах, — засмяялася Алеся, прыжмурваючы левае вока i азiраючыся на Iмполя i старога малацьбiта.
— Я ж i кажу, панечку мой: ёсць куды, абы было чым…
— Вой, разбэсцiлiся вы, дзядзька, пры сваёй Марыльцы…
— Што мая Марыля? Знасiлася, пяцёра прывёўшы… Мне каб такую, як ты, непадварушаную, то, дальбог… — памыляў губамi i, убачыўшы старую Мондрыху, засаромеўся, змоўк, выцер жменяю рот i, скасiўшы вока на палок, загаварыў ужо да старое Мондрыхi:
— А вы, панечку мой, чаго ўляглiся? Як маецеся?
— Як даглядаемся, так i маемся. Хварэю, Яначка, — нядужым голасам азвалася старая Мондрыха. Налiваючыся слязьмi, вочы ў яе заблiшчалi. — На той свет ужо сабралася.
— Не бярэце да галавы, панечку мой. Яшчэ будзеце жыць — у мяне знак такi. Па вачах бачу… Вы ж помнiце старога Станiслаўку? Ён усё, памiраючы, тастамант складаў, а як прыйшлося — так перажыў усiх.
Старая не даслухала, перабiла Вайтовiча:
— А мы што рабiцьмем з зямлёю?..
Перакрывiўшы рот, Вайтовiч пагладзiў няголеную шорсткую шчаку:
— Тут дзела такое: што галава, то й розум… Але я раджу апiсаць зямлю на Алесю. Даглядацьме вас абоiх, дзе дзенецца…
Алеся насцярожылася. Склаўшы рукi пад грудзьмi, настаўляла вуха, слухала, што гаворыць старая.
— А як жа яна во, мая Еўка?
— Так хто ж на калеку апiсвае зямлю? Трэба ж тады якога апекуна шукаць, цi што?..
— Глядзеце, Яначка, каб усё па-боску, пачалавечы…
— Што вы, цётка! — Вайтовiч задраў угору сваю пляскатую, у рудзенькiм пушку голаў. — Цi ж я ўраг вам? Я хачу, як найлепш…
— Ды ўжо ж, Яначка, рабеце, як найлепш, — сказала старая, мусiць, не даючы Вайтовiчу веры. Сухою вузлаватаю рукою нацягнула на сябе злямцаваную, у горбах кудзелi, коўдру i адвярнула да сцяны дзюбаносы твар.
Каля прыпека варушылася нямая Еўка: пад жалезнымi, аблушчанымi да лiловай чырванi трыножкамi патрэсквалi, нашчапаныя лучынамi, сухiя яловыя дроўцы. Жоўты агоньчык лiзаў край чорнае панiвы, там густа шыпела свежына. Чуючы саладжавы пах, малацьбiты глыталi слiну — яны ж з самюткае ранiцы былi галодныя.
— Ну што, будзем пiсаць? — адсоўваючы заслон, Вайтовiч сеў пры стале. Падрапаў пальцамi лагчынку цемя i спадылба паглядзеў на Мiцю з Лiтаварам. — Хадзем i вы сюды, хлопцы. Падсоўвайся, Бронiк, ты ж грамацей, здэцца, большы…
— Яшчэ невядома, — Лiтавар нехаця падсунуўся на другi бок стала.
— Колькi ж класаў скончыў?