Нямая, косячыся на старую, падышла да стала, тупавата i доўга ўзiралася на паперу. Нарэшце, выцершы аб фартух рукi, узяла ручку i, дзеручы пяром паперу, паставiла тры крыжыкi. Услед за ёю распiсвалiся, налягаючы грудзьмi на стол, Вайтовiч з Лiтаварам.
Алеся, адкрыўшы ў куфры абклеенае дзеля хараства царскiмi грашыма вечка, даставала адтуль новы засiнены абрус. Махнуўшы ветрам, заслала стол.
Мужчыны, блiскаючы вясёлымi вачмi, знiмалi i вешалi на цвiкi ў сцяне свае суконныя кепкi, адзiн за адным падыходзiлi да цабэрка — мыць рукi, няўзнак зiркалi на стол, дзе стаяў ужо лiтр падкрашанае ягадалi гарэлкi.
XVI
На торг верасаўцы збiралiся загадзя. Гаспадынi перабiралi ў куфрах сваё палатно, дастаючы нязгоршы скрутак, але пакiдаючы на далей тое тонкае, вытканае з аднаго кужалю яшчэ ў дзявоцтве нябожчыцаю мацераю.
Мужчыны, падсеяўшы жыта цi скружыўшы ячмень, ссыпалi яго ў мяхi, зважвалi на пуды старым, з алавянаю булавою бязменам. Выграбалi з кадушак грэчку.
Верасаўскi гарох збытку не меў — шары чарвiвы бурчак цяпер мала хто купляў.
У цане былi лён ды семя. Але лён у верасаўцаў не радзiў: у самы цвет на яго нападала блошка — чорная з сiненькiм адлiвам кузюрка, што сточвала маладое сцябло.
Пакiнуўшы на развод дужых пад коляды ягнят, што ўмелi ўжо есцi з кошыка сена, прадавалi старую авечку. У самыя халады, калi пачыналi цялiцца каровы, укiнуўшы ў палукашак саняў i прыкрыўшы радзюжкай, вязлi на торг вушатых бычкоў i цялушак.
Патрэбны былi грошы, каб што прыкупiць у хату. Бо даўно звялiся тыя акуратненька расшчэпленыя на дзве палавiнкi запалкi. Брыдка ж штодня бегаць да суседа, узяўшы вышчарблены, аплецены дротам гаршчок, ды пазычаць жар, каб распалiць у печы,
Выйшла апошняя кропля газы, пазычаная ўсё найбольш на прыстаўлены да бутэлькi карабок запалак. I колькi назбiралася тых карабочкаў. А сусед, лiха яму, скупы дый, мусiць, не верачы, што тую газу сышчаш, ужо знарок i недацэджвае.
Не шкодзiла б прыдбаць i новы, на сала, кубелец. Як звялiся тутэйшыя старавечныя лясы, звялiся ў Верасаве свае рэшаты, цэбры ды кубельцы…
Свае работы былi хiба выструганая з дзiкае грушы лыжка ды выдзеўбленыя з тоўстае, зваленае над рэчкаю алешыны ружовыя ночвы.
Нат дзеля граблiшча цi новага бiча верасаўцы ездзiлi за блiзкi свет у Восека, стары казённы лес, каб украдкам накарчаваць маладога грабу ды насекчы раўнюткага гарэшнiку.
Астатняе ўсё прыходзiлася купляць, прадаючы пудок жыта. Лiшку ў верасаўцаў не было, але прадавалi. Недарма кажуць: воз дадому возiць, санi — на базар. За тыдзень-два наперад згаворвалiся, хто з кiм паедзе i што павязе на продаж.
Змаўлялiся не толькi па суседстве цi па сваяцтве. У сяго-таго быў iншы iнтарэс…
Яшчэ за днi тры да Корсакаў забягаў Бронiк Лiтавар, прымасцiўшыся на калодзе каля парога i кiдаючы вострым вокам на лаву, дзе сядзела Хрысця — у руках у яе мiльгалi тонкiя пруткi: вязала шарую ў зялёныя пасачкi рукавiчку, — гаварыў, што збiраецца на кiрмаш: павязе прадаваць цяля i за адным, як кажуць, швом мог бы падвязцi кагонебудзь у Дварчаны.
— А чаму ж, Змiтрык во i паедзе. Газа вуньдзека выходзiць, — паказаў стары Корсак сваёю аблыселаю, з вянком чорных валасоў на патылiцы, галавою на заднюю сцяну, дзе вiсела палiца — там стаяў пачаты лiтр газы з прывязанаю да тоўстага рыльца мокраю вяровачкаю. — I солi не шкодзiла б. Пакуль маразэ, трэба ж было б каляду калоць…
— Соль вунь на печы камянее… Цэлая торба, — знайшоў адчэпку i занаравiўся тады Мiця. Лiтавара ён недалюблiваў.
— З’ездзiш, не звярэдзiшся, — Улас Корсак, зняўшы з цвiка, прытаптаў на лысым i белым, як рэдзька, цеменi пляскатую зашмальцаваную кепку, збiраючыся недзе на двор.
— Так, можа, Хрысця? — разявiўшы рот, махнуў галавою Лiтавар. — У вазку, як паню, правязу. Шкода, што ў яе каўняра лiсовага нямашука.
— Нябось, каб не скупы быў, дык купiў, — Хрысця шмарганула з суконнага клубка нiтку, накручваючы сабе на палец.
— Едзь, дальбог, куплю!..
— Хiба авечы цi цялячы, — засмяялася Хрысця, трасучы купкамi маладых грудзей.
— Куды яна паедзе, — азiрнуўся Корсак. — Хай во хату даглядае…
Выбiралiся на торг раненька — над Верасавам яшчэ шарэла абложная зiмовая ноч. Упоцемку шамацеў сухi снег. Злёг занач мароз — ачысцiлiся ад лёду шыбы, у запацелых вокнах душылася жоўтая яснасць. Пахла дымам ад саломы — нехта ёй распальваў у печы.
Мiця Корсак, месячы пухкi снег, што занач зацерушыў сцежкi i цяпер пахрумстваў пад нагамi, як сухое сена ў каня на зубах, выйшаў за высокi i белы каўпак свайго гумна на другую вулiцу. За дробным пераплеценым галлём вiшняў у Мондрых свяцiлiся вокны. На белай фiранцы поўзаў цемнаваты цень. За хатаю ў гумне па мяккiх шапаткiх снапах глуха бухалi два цапы. Iмполь з старым, устаўшы недзе, мусiць, з другiмi пеўнямi, малацiлi. У Лiтавараў на надворку, чуваць было, нехта кашляў. Мiця, перабегшы равок, падняўся на груд. З поля дзьмуў тугi, як нацягнутая радзюжка, вецер, сек сухенькiм снегам у твар. Наставiўшы з аднаго боку каўнер, Мiця зайшоў на Лiтавараў двор.
Бронiк з бацькам ужо запрагалi каня. У санках з высокiмi драбiнкамi трэпала звязанымi нагамi, падымаючы чорную з белай зоркай на лобе голаў, накрытае радзюжкай цяля.
— Добрыя людзi недзе ўжо даўно ў Дварчанах, — буркнуў стары Лiтавар на Мiцева «дзень добры». Бронiк, упiраючыся каленам у кляшчы, нацягваў супоню. — А вы збiраецеся, як з козамi на торг.
— Успеецца, куды дзенецца той торг, — Бронiк абышоў круга саняў, утаптаў у задку канюшыну.