— А мая ты любка, ды што ж з ёю? — нiзкая Марыля задрала ўгору свой дзюбаносы тварок, цiкуючы, як курыца, адным вокам на Алесю.
— Прастыла во, як Сяргея Рэпкавага хавалi. Ваўчок прызнаў запаленне з двух бакоў.
— Што ты кажаш?..
— Ага… Трэба ж во тастамант скласцi.
Адсоўваючы заслон, Вайтовiч устаў з-за стала, белаю, у рудым рабацiннi рукою выцер губы:
— А сведкi цi маеш?
— А як жа ж! Лiтавар вунь будзе… Толькi ж вы не адмоўце, уважце ўжо, прыдзеця ўзоўтра… Свежыны ж нагатую, — сказала i засаромелася Алеся — шчокi залiла смуглявая, як на зiмовым яблыку, чырвань.
Вайтовiч чмыхнуў i засмяяўся, выскаляючы рэдкiя буйныя зубы.
— Ну, раз так, то трэба ўважыць.
— Вот не здзекуйся з маладзiцы, — Марыля, падважыўшы вiламi, выцягнула з печы вялiкi саган з дробнымi свiнячымi картоплямi, высыпала iх у абкарэлае карыта i, хаваючыся ў ружаватай пары, загаварыла да Алесi: — Не глядзi, што ён выскаляецца. Прыдзя…
— Ага, прыдзеця, — папрасiла яшчэ Алеся, беручыся рукою за настылы, з белай пудрай ад марозу язычок клямкi.
Пасля парнага цяпла кухнi бралi дрыжыкi, пад кароткi кажух поўз холад, студзiў каленi. Пералiваючыся, як вострыя асколачкi ад шкла, церушыўся дробны сняжок. У хмарах кацiлася, то паказваючыся, то хаваючыся зноў, нiзкае белаватае сонца.
На калючым абвiслым дроце загарадзi вецер варушыў абынелыя жмуты набэрсанае конскае валаснi. Успомнiўшы пра Ваўчковага ненавязанага сабаку, Алеся прыгнула калючы дрот i скоранька, каб нiхто не бачыў, задзiраючы спаднiцу, пераступiла яго. Чужымi надворкамi выбегла на сваю вулiцу.
Яшчэ здалёк учуўшы гаспадыню, за веснiкi высунулася аблавухая сучачка, жмурачы мокрыя вочы, завiляла шчуплым хвастом.
— Адна ты толькi i чакаеш мяне ў гэтай хаце. Ну iдзi, iдзi, — прапускаючы паперадзе сябе сучачку, Алеся адсунула далей прысыпаныя снегам веснiкi, падняла голаў i ўбачыла Iмполя. Слiзгаючыся на жаўтаватай, ужо забруджанай сцежцы, ён бег з гумна ў хату. Разгарачаны, у адной рубашцы — мусiць, пiць ваду. У кудзерцы чорных, аж сiняватых, валасоў, што лезлi з-пад кепкi, зачапiўся аўсюком жоўты ячны колас.
«Харошы ён», — падумала сама сабе Алеся, але сказала другое:
— Каб хоць акрыўся, а то находзiшся…
— Цi першыня мне, — Iмполь жменяю згроб ячны колас.
— Не заракайся, — яна ўзiралася на яго твар. Шызы дымок пылу зацерушыў яму шорсткiя густыя бровы, чарнявы нявыгалены пушок на скулах нiжэй вачэй, круглы кончык носа.
Ён злавiў гэты позiрк i, ужо асмялелы ў поцемку сяней, прыгарнуў яе да сябе.
— Нешта ты скоранька асвойтаўся, — сказала яна i моцна варухнула плячом. I ўжо нейкая злая, няпэўная ўвайшла ў чадную, з закрытым верхнiкам, хату.
— Каб хоць комiн адчынiлi, а то задыхнуцца можна, — яна кiнула вокам на палок, дзе ляжала старая — вочы ў Мондрыхi былi заплюшчаныя, толькi на жоўтай руцэ, што высунулася з-пад коўдры, варушыўся крывы, сагнуты ў кручок палец.
XV
За ноч на вокнах мароз навыцiнаў абынелага i вострага, як асот, лiсця. Зморшчаным слiзкiм смаўжом з рамы на счарнелую ад вады шуфляду споўз тоўсты лёд. З боку шыбы, дзе адлушчыўся кiт, холад выдзьмуў на шкле доўгую з крывымi iкламi шчылiну. Удзень праз яе можна было ўбачыць кавалачак свету: выплецены з яловых тычак плот, дробнае абынелае галлё вiшнi, сiвую, залапленую куском iржавае бляхi сцяну чужога гумна.
Яшчэ не развiднелася. У хаце пад жаўтаватаю, нябеленаю столлю ў косых, з дробнаю расою смалы, сучках вiсела лямпа з шкляным «магазынам» — на вокнах, пералiваючыся залатою лускою, блiшчаў лёд.
У верхнiх, ужо трохi змакрэлых шыбах пачынаў сiнець, займаючыся, познi зiмовы дзень.
Мондрыя выпалiлi ў печы. Толькi нямая, з аб’еханаю на адно вуха хусткаю, ставiла за цёплы бок печы цяжкiя, на вядро вады, чыгуны, каб было чым абмыць удзень ужо асмаленага i паскрэбенага япрука, што будзе ляжаць на драбiнах, задраўшы ўгору пруткiя ногi, з абкураным каменем у разяўленым лычы.
Сярод хаты, блiжай да парога, стаяла, прыгатаваная для кiшак, балея. Адзiн да аднаго шчыльненька цiснулiся цабэркi — высакаватыя, з паржавелымi абручамi — на кроў i памыi.
Седзячы на кукiшках каля падзёўбанае калодкi, стары малацьбiт вычэсваў з ружаватага алехавага палена кароткую затычку. Iмполь, адзеты ў руды, што астаўся ад Алесiнага Радзiвона, суконны паўшубак з кароткiмi зморшчанымi рукавамi, тачыў пляскатым напiльнiкам швайку.
Пускаючы перад сабою рэдзенькi сiвы мароз, што пакацiўся на пустыя цабэркi, у хату ўвайшоў Мiця. У абсiвераным каля рота каўняры раставаў, пералiваючыся, iней. Маладою крывёю чырванелi ад свежага холаду здароўчыя, гладкiя, як у дзяўчацi, шчокi.