За плотам шумеў, шоргаў аб частаколiны голы вiшаннiк. У мiтуслiвай цемнаце гародчыка звiнелi пустымi галоўкамi ссохлыя кветкi. Шастаючы, як папераю, вецер мёў па надворку, закручваў у горбачку сухое лiсце.
Прытоптваючы нагамi гэта шапаткое чуткае лiсце, Вольга незнарок устрывожыла заядлую сучачку. I тая забурчала, недзе шчэрачы зубы i дзеручыся пад падрубу.
Стулiўшыся ад ветру, што дзьмуў сюды, на ганак, вострым скразняком, Вольга ўчула, як з хаты ў сенi завiшчалi не змазаныя на завесах дзверы i Алеся прытупнула на сучачку:
— Пайшла вон! Абы чалавек да парога, так яе ўжо разбiрае нейкая халера.
Вольга пайшла на жаўтлявую яснасць у пройме дзвярэй i ў хаце ўжо сказала, нагнуўшыся i тручы рукамi настылыя каленi:
— Ну i халадэча, ну i вятрыска.
— I проўда ж, дзе вы бачылi, — азвалася на яе голас старая Мондрыха, што сядзела на лаве над кошыкам, абiраючы i плюхаючы ў саган з вадою картоплi.
— Гэта ж заўсёды так, калi чалавек павесiцца цi памрэ, — зiркнула Вольга на чужых у хаце людзей — што скажуць яны.
Адзiн з iх, немалады ўжо, з чубком натапыраных на лысаватай галаве валасоў, з няголенымi паўпаданымi шчокамi, паплёўваючы на рукi, вiў дратву, зачапiўшы яе за цвiк на слупку печы, другi — малады, чарнявы, гарбаносы, як баран, — сцiснуўшы мiж калень, тачыў трохкантным напiльнiкам сякеру, сыпаў сабе на порткi сiвенькую парахню жалезных апiлак.
— Чорт душу забраў, а цяпер радуецца, скача, — сказаў стары малацьбiт, качаючы наслiненымi далонямi распушчаны кутасiк канапель.
— Цi чулi ж? Дак кажуць, што той Давыдоўскi знарок паслаў Сяргея ў гэтую шасцерню, — Вольга ўсё не спускала вока з маладога малацьбiта.
— Няўжо? — паднялася на лаве старая, вытрасаючы з фартуха ў кошык лупiны.
— Дальбог! — пабажылася Вольга.
— Можа, выдумляюць… — стары малацьбiт шмаргануў рукою па звiтай дратве.
— Ды чаго ўжо людзi не прыкладуць, — Алеся зайшла i стала мiж Вольгай i Iмполем, засланiла яго ад Вользiных зяркатых вачэй.
Толькi нямая, цiха седзячы на лаве, лушчыла ў жоўты палiваны збаночак з сухiх струкоў шарую фасолю ды Iмполь, не ўмешваючыся ў гутарку, шоргаў напiльнiкам па затупленай сякеры.
— Мая ты любко, чаго цяперашнiм часам не бывае, — Вольга нахiлiла голаў, каб яшчэ з-за Алесiнага пляча глянуць на Iмполя, але стрэлася з прыжмуранымi Алесiнымi вачмi, учула, як тая сапе, раздзьмуўшы злыя ноздры, i сумелася:
— Ой, забавiлася я, мае ж удома без вячэры сядзяць.
Шморгнуўшы кажухом аб вушак, адчынiла дзверы, але, мусiць, убачыла, як блiскае зялёнымi вачмi ў цемнаце сяней заядлая сучачка, i ўскочыла ў хату. Крыва засмяялася:
— Дальбог, укусiць!
— Не, яна ўжо не чэпiць, — зняўшы з цвiка дратву, да дзвярэй падышоў стары малацьбiт, наводмаш папхнуў iх рукою i патрос у сенi жоўтым абкураным пальцам: — Сцiхнi, кажу табе.
Вольга прашмыгнула праз сенцы на двор, прыпынiлася за веснiкамi, абвыкаючы да цемнаты, перабiрала ў памяцi: да каго яна яшчэ не схадзiла.
Душу яе, як вада слiзкi зялёны камень, аблiвала радасць, што будуць гаварыць пра смерць Сяргея Рэпкi ў вёсцы цяпер так, як расказала яна. I Вольга не чула нi сораму, нi брыдкасцi, а толькi радасць: ёй нават верылася самой у тое, што яна выдумляла.
На грудку за неглыбокiм, па берагi залiтым цемнатою ровам прыплясканымi каўпакамi стрэх паднiмалiся Лiтаваравы будынкi. Вольга ў Лiтавараў яшчэ не была.
Абцягваючы падняты купал сукенкi, пабегла туды. Пад пахi, як пташку на распасцёртых крыллях, яе паднiмаў тугi вецер. Пад нагамi бэрсалася густая цемната. Шарэла, выплываючы, як утопленая крыга з цёмнае вады, сухая пясчаная вулiца.
Каля застрэшка Мондравай хаты шастаў саломаю, густа шумеў, як у сухiм троснiку, вецер. Забiваў Вользе дух, як малое дзiця, што не ведае яшчэ брыдкасцi, паднiмаў на ёй сукенку, аблiваў холадам сцёгны.
Сярод вулiцы нешта раптам зачарнелася, нiбы паднiмаўся п’яны. У Вольгi абмякла сэрца, яна адскочыла ўбок i раптам засмяялася сама з сябе — пазнала той пляскаты з выдзеўбленым умшэлым крыжыкам камень, што ляжаў тут на вулiцы напроцi Мондрых. I каб не ведала, што ён тут ёсцека, але ж уночы ўсё, як нанава, бачыш…
Завярнула з дарогi, абмацваючы нагамi сцежку, што паднiмалася на грудок да Лiтаваравага плота, i зноў самлела ад страху. Злiваючыся з цемнатою, нехта папраўдзе iшоў сюды — заскрыгаталi на ржавых завесах веснiкi.
— Ой, хто гэто? — каб перамагчы свой страх, спытала Вольга.
— Гэта я… Не бойся! — голас быў Лiтавараў.