Апусцiўшы звялыя, сiвыя ад цэменту рукi, каля iх стаяў Вунгер, утрапёнымi вачыма глядзеў недзе на чырванаватую скалмачаную нагамi траву, на жаўтлява-зялёны здратаваны мох, што заняўся тут пад самую восень.
— Вады можа дайце, — сказала, працiснуўшыся сюды, у цесны круг, баба з палiваным кубкам.
Вунгер павярнуў голаў, зiркнуў на яе адным вокам i нiчога не сказаў.
— Што з тае ўжо вады, — Платон Верамей жменяю прыгладзiў жаўтаватыя, рэдзенькiя над лобам валасы i раптам заморгаў чырвонымi векамi, засоп носам i, не выцiраючы слёз, пашыўся з круга: — Трэба ж iсцi сем’ям наказаць…
— Шапку не забудзьцеся, шапку! — апомнiўся i крыкнуў, падступаючыся i гледзячы цераз чужыя галовы, Вунгер.
Людзi заварушылiся. Сюды ўжо, разводзячы адною рукою цесны круг, а ў другой трымаючы тоўсты, як куфэрак, сакваяж, цiснуўся немалады распаўнелы доктар з белаю, клiнком, бародкай. На яго вастраватым носе паблiсквала высокая дужка пенснэ.
XII
На старым абымшэлым крыжы, што стаяў перад вёскаю, вецер бэрсаў i рваў аб’еханы кужэльны ручнiк.
З яснаватай, прарэзанай у навале цяжкiх хмар шчылiны дыхала азыраватым холадам. На падсушаную замаразкам зямлю драбнюткiм макам церушыўся поцемак. Глыбокая, як вада ў патоп, цемната залiвала равы i лагчыны. На балоце гiнуў i тапiўся ў ёй малады сiняваты алешнiк.
Чарнела, злiваючыся з рудою раллёю, зялёная рунь на грудах. Толькi нявыбеленым палатном слалася чэрствая пясчаная дарога. Вецер дзёр на ёй i гнаў у вёску сухi горкi пясок — здаецца, яго паднiмала, вырываючыся i б’ючыся адным крылом, вялiкая падбiтая птушка.
На стрэхах гумнаў i хат шапацела распэтланая, задраная пукамi салома. Тугою распасцёртаю радзюжкаю бухаў каля вуглоў вецер. Навобмацак гроб каля плота з сухой травы, з кустоў пруткага голага бэзу паскручванае ў трубку сатлелае лiсце, з шоргатам гнаў па ўкамянелай вулiцы.
На старых бярэзiнах цякло i шумела, нiбы вада ў застаўках, доўгае вецце. У вiлаватых клёнаў трашчалi, адколваючыся ад крохкага камля, цяжкiя лапы.
У нiзкiх, паўсяданых у чарнату хатах моргаў палахлiвы агонь, на шкляных газоўках, што стаялi пры комiне, хiсталiся чырванаватыя стужкi курнага полымя.
Ляпалi закурэлыя чыгунныя юшкi, звонячы, сыпалiся на iх адлушчаная цэгла i цвёрдая, як жарства, сажа.
— Божа лiтасцiвы, якая бура! — уздыхалi бабы, седзячы на лаве пры печы i скубучы наўздагад каструбаватую кудзелю. Пстрыкаючы верацёнамi, старалiся хоць прыхваткам папрасцi пачынак.
Мужчыны сядзелi ўнурыўшыся, напрацаваныя за дзень на малацьбе, драмалi пры стале, падпёршы рукою шчаку.
Толькi дзецi, дзеразуючыся на печы, пiшчалi, як разгуляныя сярод ночы мышы, — яны, мусiць, як чулi, так i забылiся пра тую страшную весць, што прыйшла сёння ў Верасава разам з гэтым ветрам.
Яшчэ перад полуднем прывёз яе Iмполеў брат Платон, прыехаўшы ў Верасава на дамскiм ровары з угнутаю рамай i мiгатлiвай, як вясёлка, сетачкаю над заднiм колам.
Спынiўся каля самае першае i найблiзшае ад шашы Лiтаваравай хаты — на надворку быў якраз Бронiк, нязвыкла для чужога вока, трымаючы ў левай руцэ сякеру i высунуўшы з перакрыўленага рота ружовы кончык языка, сек дровы.
Не злазячы з сядла, Платон узяўся адною рукою за шарую штыкецiну старога, абсыпанага лiшаём плота i, не павiтаўшыся, спытаў:
— Скажыце, а дзе тутака Рэпкi жывуць?
Лiтавар яшчэ секануў ляўшою па тоўстым алехавым палене, раскалоў яго наўскасяк i падняў свой гарбаваты, спушчаны да губы нос.
— Пытаеце, Рэпкi? — i, выцягнуўшы шыю, паказаў гэтым доўгiм пад малою кепкаю носам туды, дзе збоку вёскi, за рудым поплавам, за смугою маладога алешнiку, на грудах, чарнелi, як напрадвеснi гной, кучы Прылуцкiх хутароў. — Вунь там, на хутарох, яны.
Сцiскаючы пад барадою незавязаную суконную хустку, з сяней высунулася старая Лiтаварыха, спытала шапялявым ад бяззубага рота голасам:
— А нашто яны вам?
— Пытаеш?.. Трэба чалавеку, — Лiтавар са злосцю ўбiў у лагчынку падзёўбанае калоды цяжкую з гарбатым тапарышчам сякеру.
— Бяда з iхнiм Сяргеем прылучылася, — сказаў i адвярнуўся, каб схаваць свае вочы, Платон Верамей.
— Ах, лiха! Што ж такое?
— Задушыўся Сяргей… Палез чысцiць цыстэрну, а там бензiн быў…
— Матка найсвенша, каторы ж гэта?