— Хлопцы, а гэты жывы, яшчэ жывы! — з люка цыстэрны высунуўся i схаваўся зноў руды, пабiты воспаю твар татарына Кулемiна.
— Няўжо? — на зямлi заварушылiся, пачалi падбягаць да чорнай смярдзючай цыстэрны — ад яе ўдушлiва пахла бензiнам.
— Во, пульс яшчэ б’ецца! — глуха, як з глыбокае ямы, закрычаў Кулемiн.
— Цягнi ж скарэй! — стоячы на жалезных, прыробленых да цыстэрны драбiнцах, у люк пераважыўся, усунуў голаў Верамей. Цi то ад страху, цi то ад пруткасцi, ногi ў яго дробненька калацiлiся.
— Пад пахi вазьмi, цi чуеш? Пад пахi!
— Хлопчыкi, памажэце ж iм, хлопчыкi!.. — за драбiнцы чапляўся, не дастаючы кароткаю нагою да нiжняе ляскi, тоўсты Давыдоўскi.
Усунуўшыся глыбей у люк i згубiўшы там сваю кепку, Платон Верамей выцягнуў наверх ужо звялага, з абвiслаю галавою Сяргея Рэпку.
Да цыстэрны кiнулiся, замiнаючы адзiн аднаму, i стаўклiся, як бяспамятныя з гарачкi, дубатоўцы.
Трымаючыся адною рукою за драбiнцы, а другою абхапiўшы Сяргея Рэпку, як нясуць, абхапiўшы, пад пахаю тоўсты сноп, Платон Верамей спускаўся да зямлi. На Рэпку задзiраўся шарачковы пiнжак з чырвонаю радзюжнаю падкладкаю, з порткаў выязджала палатнятая згамтаная сарочка, паказваючы сiняе вышэй клуба цела.
Падступаючыся, выцягнуўшы ўгору рукi, дубатоўцы падхвацiлi Рэпку i ўсе разам, збiўшыся з хады, паняслi яго далей ад Восiпа, на рудаватую, як зайцава поўсць, траву.
З перапалоханым дзiвам за iмi беглi, шастаючы нагамi па высушанай замаразкам чэзлай траве, i цесна абступалi iх пазбяганыя адусюль чужыя людзi.
— I чаго вы ўсе працеся туды, чаго? — з цыстэрны вылез i крычаў ужо чырвоны, сп’янелы ад удушлiвага бензiнавага духу татарын Кулемiн. — Вот, скажы ты, дзiва знайшлi! Каб доктара хоць паклiкалi.
Некаторыя прыпынiлiся, пачалi азiрацца.
— Дзе ж той дохтар жыве, дзе?
— На Касцельнай!.. Пятроўскi вунь!..
— I проўда ж!
— Я збегаю, я, — з купкi выбег дробны, год шаснаццацi, з заечай чырвонай губою, хлопец.
— Ага, збегай, сынок, ага, — замахаў абедзвюма кароткiмi рукамi Давыдоўскi.
Угнуўшыся, высока падкiдваючы абцасы, хлопец абмiнуў цыстэрну, пераскочыў iржавыя тут, у тупiку, рэйкi i схаваўся за рогам дашчанага склада, падняў з даху стракатую хмару галубоў. З усяе моцы ляпаючы тугiмi, як макраватымi, крыллямi, галубы паднялiся ўгору, з мяккiлi шумам паплылi, робячы шырокi круг, коса завярнулi назад, але не селi. Перапалохаўшы, iх зноў паднiмаў угору тонкi бабскi крык. З блiзкае вулiцы, што была за чыгуначнымi складамi, сюды збягалiся задыханыя, устрывожаныя мяшчане. Нехта нёс, разлiваючы, у палiваным белым кубку ваду.
— Ах, божачка, што з iмi? — бабы навальвалiся на чужыя плечы, дыхалi гарачынёю ў вуха, глядзелi, як Вунгер трос, узяўшы за плечы, i ўжо не мог адтрасцi Сяргея Рэпку.
— I з чаго ж гэта, га?
— Як з чаго? — трохi паварочваў назад голаў — збоку былi вiдаць пукатае карае вока i добра не выгаленая бародаўка на шчацэ — чалавек у чорнай рагатыўцы. — Чысцiлi цыстэрну, а там яшчэ газ ад бензiну быў. Люк трэба было адкрыць — праветрыць, а яны палезлi абсэсам…
— Няхай крые бог! А я i не ведала, што бензiна — гэтакая атрута.
— Дзiва што, як чад.
— А-яй-яй-яй!
Чыгуначнiка ўжо абступiлi, цiснулi, каб паслухаць, тыя, хто толькi прыскочыў сюды.
— То чаму ж не ратавалi? — чалавек у доўгай суконнай бурцы, падвязанай жоўтым путам, паторкаў ялаўцовым пужальнам у сваю кепку — падсунуў яе вышай на лоб.
— Ага, скажаш, — абярнуўся да яго чыгуначнiк у вострай i зашмальцаванай ззаду рагатыўцы. — Такi газ… Усунься, не ведаючы. Добра, што грузчыкi блiзка былi ды вунь зналi, што трэба нiжнi люк адкрыць. А то ж дастаў бы ты iх? Скажаш…
Людзi круцiлi галовамi i цiха адыходзiлi ад чыгуначнiка, лезлi ў цесны круг, што самкнуўся над нябожчыкамi.
Восiпа таксама прынеслi ўжо сюды, на гэтую сухую белаватую траву ў счарнелых калiвах палыну i нiзкага крываўнiку. Вострая, трохi раздвоеная Восiпава барада з нявыгаленым худым падбародкам задралася ўгору. Каля вуха, займаючы мочка, разыходзiлася, паўзла па пашчэнку цёмна-лiловая пляма. З твару не сыходзiла i ўжо камянела зацятая пакута. Поруч, падкурчыўшы каленi i неяк нядобра падагнуўшы руку, цiха, як у салодкiм ранiшнiм сне, застыў Сяргей Рэпка. У кутку яго пасiнелых, падцятых губ тлеў прыхаваны смех — здаецца, Сяргей пасмiхваўся яшчэ з доўгага Восiпава носа.