Там недзе быў Франак. I старая асаднiчыха, седзячы на ганку i адганяючы ад сябе рахманых вос, абiрае i рэжа ў вялiкую палiваную мiску паабтрасаныя ветрам за ноч белыя сопкiя папяроўкi.
Алесi здавалася, што ў асадзе было нейкае iншае ад верасаўскага, пекнае, вясёлае жыццё. I нетутэйшае, далiкатнае хараство бачыла Алеся ў гэтым высокiм Франаку, што прыходзiў на поле, заўсёды зачасаўшы набок густыя з выцвiлым чубком валасы, трымаючы пад пахаю тоўстую ў палатняных вокладках кнiжку.
Якiмi гадкiмi i брыдкiмi здавалiся пасля яго верасаўскiя хлопцы, што, панапiваўшыся на вечарынцы, смаўжом лiплi да яе — маладое, пудкае дзяўчыны, — гаворачы пра нешта дурное, i ад iх пахла гарэлкаю i едкiм, як атрута, потам.
Дзiкаю маладою авечкай, якую першы раз выганяюць з хлява, пераскоквала яна цёмныя сенi, дзе змакрэлыя ад доўгае, аж да звону ў вушах, полькi верасаўскiя кавалеры падпiльноўвалi дзяўчат, ловячы ў распасцёртыя рукi i цягнучы ў затхлы ад мышэй i кiслага курачага цеста кут.
Пудзiлася яна i Франака, калi праз год стрэла яго ў Дварчанах, iдучы з дзяўчатамi на фэст: нясла свянцiць перавязаную чырвонаю стужкаю жменьку жытнiх каласоў, перамешаных з пераспелым, у звонкiх галоўках, лёнам i ўбраных калiвам бурачковай васiлькi, пахкае малiсы i халоднымi лiловымi вяргiнямi.
Яна аж знiякавела, калi, падняўшы вочы, раптам убачыла яго на вузенькiм, дзе i не размiнешся, вымашчаным цэментовымi плiтамi ходнiку.
Даўшы «дзень добры», ён нават прыпынiўся, пагладжваючы рукою свой злiнялы, падкручаны ўгору чубок. Спынiлася i яна, стаяла, як сама не свая, чуючы, што дрыжыць, нiбыта ў жменi птушаня.
Схамянулася, што брыдка стаяць з хлопцам, што яна гонару не мае, i пабегла даганяць дзяўчат. А тыя, не азiраючыся, знарок ганарыста i моцна смяялiся, каб перабiць сваю зайздрасць. Потым, калi адышлiся, калi Франак быў недзе далёка, не стрывалi, не тоячы злосцi, загаварылi пра яго:
— Ты глядзi, якi далiкатны…
— Дзiва што — асаднiк, вучоны…
— А што? У яго шапка звалiцца, калi павiтаецца з намi?
Алеся ведала, што дзяўчат бярэ зайздрасць, не адбрэхвалася, думала пра сваё — дурная, нашто ўцякла, хiба ён з’есць, але i ўспакойвала сябе: цi ж патрэбна яму вясковая — ён знойдзе вучоную ды багатую. А што загаварыў, даў «добры дзень», то i праўда ж — хiба шапка звалiцца.
З гэтага дня стаў яшчэ больш спамiнацца Грабянкаў сын, колькi перадумала пра яго, кожны раз усё перад сном, просячы ў бога, калi ажэнiцца, каб брыдкую ўзяў, бо пры харошай забудзецца пра яе, пра Алесю, — жонку любiцьме.
Смеху варт, але гадоў колькi во гэтак цiхенька i зводдаль сама дзеля сябе любiла асаднiкавага сына, выдумляла, як у нейкай забаўцы, як жыцьме з iм, усё бачыла сябе ў той асадзе, у белай мураванцы, што, хаваючыся па вокны, стаяла ў кучаравым садку.
Покуль не стрэлася з iм, ужо жанатым, якраз у тую восснь, як хварэла нябожчыца мацi i Алеся прыйшла ў Дварчаны купляць лякарства.
Выйшла з аптэкi, таго ашалёванага i афарбованага ў сiнi колер дамка, што i цяпер стаiць у глыб двара за нiзкiм i рэдкiм плотам, i ўбачыла Франака: ён, ужо нейкi сталы, распаўнелы, вёў пад ручку сваю жонку — маладое прыгожае дзяўчо, з тоненькiмi i доўгiмi, як жэрдачка, нагамi. На галаве ў яе сядзеў трохi набакiр i хаваў адно вока чорны капялюшык з белай перынкай, кругом шыi абвiўся руды лiсовы каўнер, вышчарыўшы вострую мызу.
Алеся знiякавелая стаяла за тым нiзенькiм, рэдкiм плотам, украдкам цiкуючы на Франакаву жонку, на гэты рыжы, аж чырванаваты, пухкi каўнер. Яны адышлiся, а знямелая Алеся ўсё глядзела, як у маладзенькай панi мякенька матляўся тоўсты лiсовы хвост i пацялепвалiся, як перабiтыя, цёмныя лапкi.
Нешта горкае запяклося ў Алесiнай душы, знайшлася злосць да Франака, нават нянавiсць. Але забыцца пра яго не мела моцы — нават сталаю, калi хлопцаў не гэтак саромелася, калi ўжо i сватацца да яе пачалi. Спамiнаўся ён нават замужняй, у пасцелi з Мондрым…
Толькi ў млыне, выграбаючы з карыта ў падвешаны мяшок цёплую слiзкую муку i ўбачыўшы, як ён спускаецца сюды, унiз, па рыпучых сходах, была спакойнаю. Дзiвiлася, што ён пабрыдчэў: на шчоках i на карку, як на кормным япруку, нарасло мяса i дзе дзелася тое яго даўнейшае хараство.
Едучы з млына дадому i прыгрэўшыся на гэтых цёплых пасля млiва аўсяных мяшках, прыглядалася да Iмполя — бачыла збоку яго сiнявата-цёмнае вока, выгнутыя i гусценькiя, як асцюкi на маладым жытнiм коласе, вейкi, яго невысокi з гарбком нос. Брала радасць, якi ён прыгожы ды чысты — куды таму Грабянку! Шчакою тыцкалася ў шорсткае Iмполева плячо, як тыцкаецца i трэцца аб чужую нагу маладое натапыранае кацяня, чакаючы, што яго пашкадуюць. I ледзьве ад памяцi не адышла, калi ўжо дома, панасiўшы з воза ў стопку мяшкi, Iмполь знянацку злавiў яе i з усяе моцы абняў каля дзежачкi, што пахла кiслаю старою рошчынаю.
Цяпер яна глянула ў растрывожаную пустую цемнату, дзе спаў ён, Iмполь, убачыўшы толькi невыразнабелаватую падушку.
Там нехта варочаўся з боку на бок — шапацела новая, не перацёртая яшчэ салома.
На сцяне, спяшаючыся, цiкаў i раптам зацiхаў стары гадзiннiк.
За шара-белаватымi, як засланымi густым туманом вокнамi, тоненька, нiбы ў грайку з маладога жытняга сцябла, граў, бухаў раз’юшаны вецер. Скавытаў i дробна ляпаў у комiне непрычыненаю юшкаю.
Алесi прыгануўся ўчарашнi вечар з гэтым лядовым i тугiм, як вада ў рэчцы, ветрам, змэнчаны i ўжо асiплы голас Рэпчыхi, нейкi жалосны рып кола, што хадзiла ўлукаткi, не пападаючы ў каляiну i тручыся аб ляску ў драбiнках. Паўстала перад вачыма Рэпкава хата, адна сярод абветранага поля, калi яны, верасаўскiя бабы ды маладзiцы, прыбеглi паглядзець на Сяргея. Акно, што свяцiлася праз старую радзюжку, свечка на стале каля блiшчастага жалезнага крыжыка, унураныя бабы, што, наспяваўшыся, цiха ўжо сядзелi на лавах, не пазiраючы на нябожчыка, якi ляжаў на двух прыстаўленых i засланых сенам заслонах, трымаючы ў нежывых, нейкiх патанчэлых пальцах аб’еханы абразок…
У стопцы, зноў нарабiўшы груку, нешта скiнуў кот. Мусiць, той самы — Лiтавараў, чорны, з зялёнымi вачмi: абнюхаў, пэўна, у кубельцы тыя два апольцы сала, якiя выхавала з лета старая. Увосень цi не ён пааб’ядаў барана, спэцкаў увесь перад, покуль у стопцы стыла, прывязаная за заднiя ногi, белая, з ружаватымi скабамi тушка.
Скоранька схапiўшыся з ложка, Алеся ўсунулася ў настылыя сенi. Нiдзе нiчога не было чуваць, толькi шапацела порсткiм сенам i варушылася перад вачыма густая цемната.
Навобмацак знайшоўшы халодную жалезную засаўку, Алеся адсунула дзверы.
Пад застрэшкам, як сляпы, нешта шукаючы, шастаў вецер, тоненька грала саломiнка. Востра шумелi i шоргалiся ўпоцемку каля плота голыя вiшнi.
Зайшлiся, зашчымелi ад пякучага холаду Алесiны босыя ногi. Каля шыi ў глыбокi разрэз сарочкi пабег вецер, абняў, як зледзянелымi рукамi, пад пахi. На вулiцы за шарым частаколам мiльганула нечая галава. Нехта здаўся падобны да Сяргея Рэпкi. Алеся, амярцвеўшы, ускочыла ў сенi, грукнула з усяе моцы засаўкай. Не помнячыся, вярнулася ў кiславатую, настоеную духатой хату.