— Не, нi з кiм, — адвярнуўшыся, Мiця глядзеў, як за акованым жалезнымi прэнтамi акном гнала вялiкi, косы снег. На душы рабiлася холадна, па спiне бегалi мурашкi.
— Так, так, — Бубель паляпаў рукою па стале. — Ну што ж, на сёння мо даволi. Можаш iсцi. А зэшыт астанецца ў нас, для гiсторыi. Ты пiшаш не для сябе, так?
— У нас не прападзе. А ўдома скураць, сала ўкручваць будуць, — Гура зарагатаў, узяўшыся ў бокi i расставiўшы кароткiя ногi.
Мiцю здушыла нейкая пустата, што ты нават не адпомсцiш iм, гэтым двум, што цябе вось так затаўкуць, знявечаць i нiхто не ўчуе нi твайго крыку, нi болю, нi страху.
На ганку Мiцю зрабiлася лягчэй ад гэтай прэснай вiльгацi, ад снегу, што, круцячыся i мiльгаючы чорным роем, плыў з жаўтлявага каламутнага неба, ад пасiвелай калматай травы пад мiгатлiвай, як сiта, драцяной сеткай, ад белых каўпакоў на цэментовых слупках.
На другi бок вулiцы заварочвала фурманка, да колаў лiп снег, за возам аставаўся чорны след. У палукашку адно да аднаго плячмi сядзелi тыя самыя людзi, што былi ў пастарунку. Кабета з карычняватым струпам на шчацэ, накрыўшыся паласатай радзюжкай, трымала на каленях завязаную ў белую хустку падаянку.
Рыпнулi дзверы — з пастарунка высунуўся тоўсты, кароткi Гура, вочы яго хавалiся пад шырокiм, як лапата, акутым брылём.
— Пачакай, — падмятаючы на сходах доўгiм шынялём снег, ён спусцiўся з ганка i дагнаў Мiцю за драцяной сеткай. — Паслухай, што я скажу. Да нас болей не пападайся — бо заб’юць. Прападзеш, i не знайся. Ты думаеш сваiмi вершыкамi свет перавярнуць? Не такiя былi да цябе. Згiнулi ў турмах, i след прастыў. Так было спакон веку.
Мiця маўчаў, чуў толькi, як парыпвае пад нагамi крохкi свежы снег. Ад тупой злосцi балелi сцятыя скiвiцы.
Гура зашастаў сваiм доўгiм шынялём — у разрэзе з дробнымi меднымi гузiчкамi заблiшчалi высокiя заднiкi ботаў, — апярэдзiў Мiцю, не азiраючыся, яшчэ гказаў: — Падумай пра ўсё добра.
Не помнячыся, нiбы выгнаная з цёмнага хлява i перапуджаная авечка, Мiця прайшоў завулак, высунуўся на брукаваны пляц, убачыў мешанiну людзей каля яўрэйскiх крамаў, успомнiў, што сёння аўторак — у мястэчку торг, i завярнуў назад. Саромеўся папасцi каму на вочы.
Выйшаў з Дварчан — снег зрадзеў саўсiм. Паяснеў свет. На полуднi жоўкла, як плеўка на тлустым i гарачым малацэ, неба. Там нiяк не магло выбавiцца з навалы хмар сонца.
Кiс i дражджаў на дарозе снег. Пачало адлежыць. Поле абапал дарогi зрабiлася стракатым — з аднаго боку зачарнелiся тлустыя груды раллi, з другога — пучкамi лезла з-пад снегу, дрыжала на ветры рунь. Панурыўся на грудку чорны i недзе мокры лес. Крывая дарога вiлася ў лагчыну да хутара. Бялелiся стрэхi будынкаў. Бярэзiны цяпер выдавалi жоўтымi на белым снезе. Недзе, як пералiваўся, цвiркаў жаваранак. Мiця спынiўся, паслухаў — звiнела яшчэ ўсё ў правым вуху. Забiваючы дых, калола недзе ў паяснiцы. Пякло i сцягвалася гарачынёю вока — засланяючы свет, нейкая цемнаватая плеўка дрыжала перад iм. I нейкая вялiкая пустэча паднiмалася i гарэла ў Мiцевых грудзях. Яго агарнуў жаль да сябе. Няўжо праўда, што ты вось так згiнеш i нiхто не будзе ведаць, чым ты жыў, пра што думаў, што рабiў? Няўжо так было i будзе спакон веку на гэтым свеце? Няўжо Гура кажа праўду?
Дарога ўсунулася ў густы, абсыпаны снегам, нiзкi з берага хвойнiк. Запахла кiслай вiльгаццю. Гарнулася на дарогу сцiшанасць, мяшалася з гэтым нямоцным, як шастанне саломы, шумам лесу. Сыпалася раса з мокрых дрэў, дзяўбла чысты снег. Лускалi, як струкi ў гаросе, дробныя лапкi. Далей ад дарогi, у шчытнiку, цiўкала, як кiвалася, сiнiца.
Ад гэтай сцiшанасцi лесу, гэтага жаласнага цiўкання сiнiцы Мiцю агарнула гаркота, стала няведама чаму шкода сябе. Нешта даўкае, моцна, да вострага болю, сцiснула горла, на вочы набеглi слёзы, i ўсё задрыжала, закалыхалася, як у тумане. I хацелася яшчэ больш плакаць i чуць, як баляць, рэжуць ад слёз вочы. Хацелася плакаць i чуць нейкi жаль да сябе.
На цёмна-зялёных стракатых елках вецер падварушваў абвiслыя лапы; цярушачы расу, з iх спаўзаў звадзянелы снег. Вянкамi цераз дарогу гнулiся маладыя неакрэплыя бярэзiны, на тонкiх камлях ружаватасцю адсвечвала iхняя белая кара. У калдобiнах, як чай, настойвалася нерухомая вада — у ёй гнiло жоўтае дубовае лiсце.
Мiця ўбачыў невысокую, роўную з сабою, прысадзiстую елачку — пад ёю не было снегу, тоўстым пластом блiшчала рудая дробная кастрыца. Ломячы спiною лапы, падлез пад яе. Пякучым холадам насыпалася за каўнер раса, астудзiла шыю. Зрабiлася лёгка i зацiшна. Недзе стараною па верхавiнах цёмных калматых елак iшоў вецер. На тонкiм дубцы асiны круцiўся, прывязаны павучынай, счарнелы лiсток.
Мiцю зрабiлася лёгка, хiлiла на сон. Ён заплюшчыў вочы, думаючы пра сябе, што i ён, як падстрэлены, падбiты звер, шыецца ў зацiшак. Яму опомнiўся iхнi стары, слепаваты сабака — яго нехта абязвечыў, перабiў крыж, i сабака сышоў у поле, ляжаў каля мяжы ў быльнiку. Яму было лягчэй адному мучыцца i адному чакаць смерцi.
Мiця хiлiўся далей да нiзкае калючае елкi i думаў, што яму добра тут, як было, мусiць, добра iхняму абязвечанаму сабаку.
IX
З гумна, з прычыненых на адну палавiну дзвярэй, бухнуў рогат, спудзiў каля парога, на мокрай, зацярушанай саломаю сцежцы, баязлiвых вераб’ёў. Яны косаю грумадкай пырхнулi на стракатую ад снегу, замшэлую страху. Задзiралi галоўкi, пацеркамi вочкаў зiркалi сюды, на зямлю, i, не ўчуўшы нiякай бяды, па адным спускалiся зноў.
Мондрыя падсявалi авёс. Усе тры бабы — сiвыя ад пылу, толькi зубы свяцiлiся, калi яны пачыналi рагатаць, — трымаючы ў руках па рэшаце з аўсом, траслi iх, кружылi, каб высыпаўся з зярнят пясок, ляпалi далонямi па гладкiм жоўтым абечку, нiбы забаўлялiся. Згробшы зверху скружыны, сыпалi чысты авёс у шаснастку — неглыбокi, на два пуды, цабэрак з доўгаю ручкаю, — мералi, колькi ўсяго намалочана.
У гумне вiсеў i круцiўся ў дзверы рэдзенькi пыл.
Iмполь у аб’еханай на патылiцу кепцы, у адной рубашцы з палапленымi локцямi насiў у стопку мяшкi — там былi пароблены з расколатых дзеравiн шчыльныя засекi, на спрат збожжа, — i, вярнуўшыся ў гумно, слухаў, што расказваў не вельмi падкi да работы стары малацьбiт.
— Чуеце, што са мною было, — варушачы навiслымi бровамi, стары падсоўваў далей на лоб сваю зрудзелую авечую шапку з начаплянымi саломiнкамi i аўсянаю лускою.
— Сколька вы, дзядзька, расказваеце, i ўсё было з вамi, — Алеся трасла рэшатам, прыпёршы яго да жывата. У рэшаце шастаў авёс, пухкаючы пылам i аўсянаю лускою.
— Каб я з гэтага месца не сышоў!
Алесiна губа, з сiвымi ад пылу вусiкамi, крывiлася ад смеху, i яна адварочвалася, каб не смяяцца.
— Дальбог, проўда! — у малацьбiтовых зеленаватых вочках таксама тлеў хiтранькi смех. — Iду, гэта, я раз каля магiлак. Год пятнаццаць мне было. Каня шукаю. Пусцiў яго вечарам на балотца, прыйшоў глянуць, а яго няма. Падняўся на грудок, ужо добра прыцямнела, а там у нас на грудку магiлкi. А каля iх, нябось, сцiшна. Iдзеш i слухаеш: цi не крадзецца хто за табою. Прыспешыў крок, а ззаду нехта як свiшча. Аглянуўся — не, нiкога не вiдаць. Зноў подбегам iду, i зноў свiшча. У мяне на галаве аж шапка пачала расцi. Пусцiўся з усiх чатырох, а ён яшчэ мацней свiшча. То бег я, бег — калаццё нагнаў, покуль упоцемку за нейкi корч не зачапiўся i не паляцеў потырч носам. Ляжу нi жывы нi мёртвы, стаiўшыся, слухаю, што ж будзе далей. I дасце вы веры цi не: у носе ў мяне свiшча.
— А хустачкi для носа вы i цяпер яшчэ не маеце, — падлавiў старога малацьбiта Iмполь.