Тонкiм, крыклiвым голасам там, за вербамi, спявала няспелае дзяўчо:
Мiця любiў гэты крыклiвы голас дзяўчацi, гэтую ясную познюю, ужо ў апалай расе, ранiцу, неба ў белых, як растрэсеная на верацяне кудзеля, хмарах, гэтае балота, рэчку ў прысадзiстым алешнiку, дзе востра цвiрчалi маладыя, з жоўтымi дзюбамi, рудаватыя шпакi. Нейкая любасць у душы прыходзiла да гэтага свету, радасць мяшалася са светлым смуткам.
Мiцю хацелася складаць вершыкi, каб расказаць iх на вечарынцы, як расказваў Яўхiм, якога ў лазовым, раз’еханы, як стары кошык, палукашку прывозiлi верасаўскiя хлопцы недзе з Навасад. Напiўшыся вечарам, кароткi рыжы Яўхiм лез з гармоняю на лаву, прыскальваў адно вока, расцягваў стракатыя, з блiшчастымi кантамi мяхi i пачынаў «вычвараць»:
Мiця цiснуўся туды, да лавы, да покуця, дзе пад абразамi стаяў Яўхiм: зялёная, у блiшчастых, як слюда, зорачках-iскрах гармоня задыхалася i сапла. Мiцю брала зайздрасць: яму хацелася быць музыкантам, хацелася, каб i яго прывозiлi ў лазовым палукашку, i, стоячы на лаве, ён расказваў бы смешныя вершыкi, а ў людзей заходзiлася б сэрца, як заходзiлася ў яго, калi ён, стаiўшыся, глядзеў на Яўхiма.
Як гэта было даўно. Даўно ўжо няма на свеце Яўхiма: казалi, ён быў пуцявым абходчыкам i яго зарэзаў поезд.
I Мiцю раптам зрабiлася шкода рыжага Яўхiма, тае далёкае яснае пары лета, смешнага тонкага голасу дзяўчацi, белаватай хмаркi, пад якою вiўся каршун, вострага крыку маладых рудаватых шпакоў. Няўжо ўгё без нiякага следу гiне на свеце, як гiнуць старыя алешыны, дзе цяпер знаць ружаватыя, наўскос зрэзаныя пнi. I гэтыя пнi счарнеюць, зарастуць травою, i iх пачнуць тачыць мурашкi, а тут пойдзе расцi малады алешнiк.
Дайшоўшы да раўка, дзе зелянiлася свежая, як маладая атава, не прыхопленая замаразкам трава, па высокiх купiнах пераскочыў iржавую, зацягнутую сiнявата-мутнаю плеўкаю крынiцу i падняўся на грудок. Азiрнуўся — убачыў вёску: шарыя ў карычняватым прысаддзi стрэхi, за нечы комiн сiняватым каснiком зачапiўся дым. Каля рудога папару за вёскаю, як злiнялая пасма лёну, слалася дарога, на грудку стракацела, спярэшчанае белымi радкамi снегу, зялёнае жыта. Сонца ўжо залацiла край цемнаватае, высокае, як сцяна, хмары. Яна сыходзiлася з зямлёю, закрывала нiзкi i здалёк цёмны лезнявiцкi лес.
Няўжо праўда, што ўсё гэта павiнна змянiцца на зямлi — вёска, той далёкi лес, лапiк стракатай рунi на грудку, дзе на другое лета будзе палавець высокае, як троснiк, i густое жыта, потым будзе адлiваць золатам пруткае ржышча i пад восень на сонцы цяплом запахне свежая ралля. I гэтак бясконца. Бясконца будуць мяняцца людзi ў гэтай цiхай, што хаваецца за карычнявата-чорным прысаддзем, вёсцы.
А колькi iх змянiлася ўжо. I нiхто не ведае, чым жыў, пра што думаў гэты даўнейшы чалавек. А ён жа таксама пераходзiў недзе тут кладку, глядзеў з грудка за вёску, радаваўся, што добра паўсходзiла рунь. Улетку аглядаў поле i быў давольны, што выпаў ураджайны год, што будзе ўмалотны колас, будзе хлеб. А хто ведае гэтага чалавека?
Няўжо i я без нiякага следу павiнен згiнуць, растаць, як дым, у гэтым бясконцым свеце?
Мiцю ўзяла трывога, ахапiў страх, у нейкай звар’яцелай гарачынi завiрылi, закружылiся, як глыбокая вада, яго мыслi: ён згiне, прападзе ў гэтым бясконцым свеце — i пасля яго не астанецца нiчога. Няўжо гэта праўда? Няўжо? I ён, як за саломiну, хапiўся зноў за тое, што перадумаў раней, кожны раз самнасам, стаiўшыся перад сном, — ён зробiць нешта вялiкае на гэтай зямлi дзеля сябе i дзеля сваiх людзей, ён пойдзе ваяваць за iхнюю волю. Ён згiне, але яго будуць помнiць. Чалавек павiнен пакiдаць пасля сябе памяць.
Мiцю ахапiла гарачка, перамешаная са злосцю i нейкай вострай, як вар’яцкай, радасцю. Ён успомнiў пра Дварчаны, пастарунак, i яму, ужо ў ашалелай, раз’ятранай радасцi, падумалася, што яго арыштуюць, пасадзяць у турму, але ён не баiцца гэтага. I яму нават пачало хацецца гэтага.
Мiця як ап’янеў ад сваiх думак.
Цвёрдая, сухая сцежка ўбегла ў халодны i настылы лес i скоранька знайшла там вузенькую, засыпаную тлустым цёмна-сiняватым асовым лiсцем дарогу. З ружовых калматых хвоек на цёмныя вокны лужын сыпалася слiзкая кастрыца, жоўтая i лёгкая, як лупiны на цыбулi, кара. У поцемку лесу нiзкiя елачкi трымалi празрыстыя, заледзянелыя пацеркi расы, недзе гулка па пруткай ссохлай верхавiне цяжкай дзюбай стукаў дзяцел. Слабенькiм голасам, як у рэшаце нядужыя кураняткi, цiўкалi сiнiцы. Шалпочучыся па тоўстым кажусе лiсця i задраўшы рэдзенькi пушысты хвост, дарогу перабегла вавёрка з сiваю, як у мышы, спiною. Скочыла на тоўсты ў зеленаватым моху камель хвойкi, абабегла яго i села на чорны, з аблезлаю карою, патрэсканы сук, наставiўшы кутасiкi вушэй, глядзела на Мiцю цёмным вочкам.
I яго ўжо, як малое дзiця, узяла смешная радасць, на душы зрабiлася лёгка, прыйшоў нейкi спакой, як прыходзiць ён да чалавека перад заходам сонца. Недзе з глыбiнi лесу, з шара-зялёных голых вербалозаў, у вочы яснымi чырвонымi ягадамi зырка свяцiлася калiна. Над дарогаю звiсалi тонкiя, пазгiнаныя зiмою ад снегу, што ўжо i раслi гэтак, не ўстаючы, маладыя дубкi. Чорная, з вострым вяршком, яблыня густа наслала пад сабою лiсця, хаваючы дробныя i даўгаватыя, як слiўкi, пахучыя яблыкi, што асыпалiся ў першыя замаразкi. Зямля пад ёю была чапаная: сюды, мусiць, прыходзiлi i рылiся, шукаючы гэтых пахучых яблыкаў, дзiкiя свiннi.
Адсланiўшы яснасць, кончыўся лес — дарога выбегла да маладога, прысыпанага снегам жыта. Выбiўшыся з-пад абледзянелай кары, на вострым ветры дрыжалi купкi зялёнага доўгага пер’я. На грудку, дзе злез снег, былi вiдаць чорныя рады ад бараны. Збоку, на ўсходзе, сiнюю цяжкую хмару перасекла i засвiцiлася, як шчылiна ў цёмным гумне, жоўтая палоса.
Нейкi пусты смутак глухое восенi стыў над шырокiм светам, над гэтым першым рэдзенькiм i сухiм снегам, што абцерушыў зямлю, як абцярушвае мукою запараную i замешаную з сырымi ссечанымi картоплямi сечку скупы гаспадар.
Зводдаль дарогi сярод стракатага жыта чарнеў куст голае грушы. У лагчынцы былi вiдаць хата з чырвона-цёмнымi лiштвамi акон, белыя камлi бярэзiн за гарбатым частаколам плота, абымшэлы калодзежны журавель, хлеў, закладзены аж пад самы вiльчык наколатымi дрывамi, гладкi белаваты камень на сцежцы, што бегла з дарогi на хутар. Адтуль кiнуўся, адлiваючы ружаватаю сiнявою, чорны сыты сабака. Спынiўшыся сярод сцежкi, доўга брахаў незаядлым, асiплым голасам. I пад яго рахманы, лянiвы брэх Мiцю захацелася бясконца iсцi, чуць пад нагамi хрумсткi лядок на белаватых, высушаных марозам лужынах. Слухаць, як мякка шастае, ходзiць па рунi вецер, шумiць у вушах, студзiць шыю, як звiняць абапал дарогi пустымi галоўкамi счарнелыя кветкi i ломкi, сухi быльнiк. Далёка ў сiняватай смузе былi ўжо знаць белаватыя нiзкiя камянiцы, паднiмалася цёмна-чырвоная вежа касцёла, двума чорнымi слупамi на лiловым астылым небе чарнелi высокiя камiны тартака.
Гэта былi Дварчаны. Туды бегла, ужо абсаджаная маладымi ясенямi, дарога. Гонкiя дрэўцы рвалi счарнелыя, папрывязваныя да аблушчаных яловых калкоў жытнiя перавяслы.
Нейкi даўнi холад аблiў Мiцева сэрца. Колькi яму перадумалася на гэтай пустой дарозе. Ён пайшоў тады ў пяты клас Дварчанскай школы — адзiн з усяго Верасава: яго равеснiкi, каму перакiнулася за дванаццаць, падкасаўшы зрэбныя, ужо без станiкаў i шлеек, порткi, бралiся за плуг.
I колькi набраўся страху тут, за гэтым хутарам у лагчынцы, калi, баючыся спазнiцца ў школу, пабег не шашою, а нацянькi, гэтаю дарогаю. Не помнячыся, пераскочыў лес i тут ужо, рады, асмялеў, што на хутары гарыць у двух вокнах жоўты агонь, што нехта наперадзе iдзе, хаваючыся ад вострага, як грэчка, перамешанага з дажджом граду. Там варушыўся, чарнеў цень. Мiця скоранька закоўзаўся па няроўнай, аблiтай галалёдам дарозе. Чуў толькi, як б’ецца па клубе палатняная сумка i брашчыць у ёй пусты, усяго з танюсенькаю ручкаю i алоўкам, драўляны «пюрнiк». У чарнаце разор на папары, здаецца, нешта варушылася, паўзло, паднiмаючы спiну, але страх у Мiцi прайшоў — ён наганяў чалавека, блiзенька варушыўся калматы цень. Ды цень раптам расцягнуўся i, здаецца, яшчэ пабольшаў — там стаяў высокi, з добрае цяля, воўк.
У Мiцi аслабелi i падагнулiся ногi. Ён адступiўся ўбок, ужо чуючы, як дранцвеюць, робяцца не сваiмi ногi, як устаюць, варушацца на галаве валасы, як шэрхне, нiбы ад холаду, спiна. Мiця хацеў крыкнуць, але ў яго перахапiла, сцяло дых. Коўзаючыся па абледзянелай дарозе, ён пачаў адступацца назад, да гэтага хутара, дзе ў двух вокнах дрыжаў жоўты агонь… Там i прастаяў блiзенька каля плота, узiраючыся ў нiзкую сырую цемнату, дзе ўсё, здаецца, падымаў тоўсты карак, сваю голаў з вострымi натапыранымi вушамi воўк, покуль не пачало развiднiвацца… Потым, ужо не помнячыся, бег у Дварчаны. Над полем яшчэ варушылася, паднiмаючыся нейкiм страхам, як прытоптаная кудзеля, чарната.
А там, пад Дварчанамi, да самых хмар даставала жаўтаватая, сырая яснасць, шнурком пацерак мiгцелi i трапяталiся электрычныя лямпачкi, там, недалёка ад пераезда, дзе Мiця пераходзiў чыгунку, каля помпы, заўсёды соп чорны вялiкi паравоз, пад яго чэравам, мiж рэек, тлеў чырвоным жарам i яшчэ браўся гарэць, пастрэльваў высыпаны з топкi шпур, хадзiў з запаленым квачом машынiст, цюкаў недзе малаточкам па буксах аглядчык: там было вясёла, там, мусiць, нiколi не было страху…
Пасля гэтага Улас Корсак ужо аддаў сына на кватэру да дварчанскага краўца Моўшы — у невялiкую, што прапахла едкаю цыбуляю, атынкаваную хатку.
Недзе з сухое травы, з чорнага быльнiку каля дарогi зафуркала i неяк бокам паляцела, не махаючы растапыранымi, трохi чырванаватымi спаднiзу крыллямi, цяжкая курапатка. Перабiла Мiцевы думкi. Ён глядзеў, як яна, недаляцеўшы да шарых кустоў вербалозу, спускалася за жытам на рудаватым лужку. Упала на траву i скоранька пакiвалася да кустоў, прысадзiстая, драбнейшая за курыцу, высока трымаючы i заварочваючы назад спрытную галоўку.
Ляскала недзе ззаду фурманка, пад коламi звонка хрумсцеў тонкi лёд, што зацягнуў калдобiстыя каляiны. Мiця азiрнуўся: жоўты, з белай лысiнкай на лобе i нiзкiмi персямi конь бег, паднiмаючы цяжкiя, валасатыя каля капытоў ногi, соп параю на тоўстыя цырымбалкi калень, вецер зносiў убок i разганяў сiвую пару.
Мiця саступiў з дарогi. Конь, трасучы дугою i аглоблямi, дабег да лагчынкi, збiўся з нагi i пайшоў лёгкаю ступою.
На возе, у зеленаватым, яшчэ сырым лазовым палукашку, сядзеў чорны, даўно не голены фурман з сiвымi, аж белымi, бровамi. На даўгаваты, з вострымi ноздрамi нос наехала пляскатая кепка, са сцёртага канта брыля вылез жоўты кардон. Мiця пазнаў Радзюка. Некалi з яго сынам, пераросткам ужо, як смяялiся ўсе — «бацькам», даўганосым нездароўчым Ладакам, Мiця вучыўся ў Дварчанскай школе i нават адну зiму, пасля таго, як Мiцю перапалохаў воўк, кватараваў у краўца Моўшы. Разам з салам ды кiлбасамi Радзюк тады прывозiў Ладаку слоiчкi растопленага, што пах нейкiм дзiкiм потам, барсуковага тлушчу.
Мiця здзiвiўся, як змянiўся i саўсiм састарэў, зменшаўшы i ўсохшы, як вырваны з гразi аеравы корч, стары Радзюк. Паўпадалi i зрабiлiся як шкляныя яго сiненькiя вочы.
— Дзень добры, дзядзька, — падыходзячы да воза, гукнуў Мiця.