— Можа, дзе затаўклi, забiлi, таму i маўчаць, — пякучым болем на вачах у кабеты задрыжалi слёзы. — Другi раз ужо забралi. Толькi паўгода дома пабыў… Ногi не адышлi яшчэ. Гумамi на пятах мяса паадбiвалi. Скалечылi хлопца.
Мiця слухаў, не спускаючы вока з абабiтых дзвярэй. Адтуль зноў выйшаў палiцыянт, махнуў галавою, паказваючы на дзверы, трымаючы за ручку, счакаў, покуль не зойдзе Мiця, i прыгрукнуў iмi.
Мiцю заклаў грудзi горкi, удушлiвы дух тытуню. На столiку, з-пад якога блiшчаў перад наваксаванага бота, у глiнянай попельнiцы тлела цыгарата — цягнуўся, пакалыхваючыся, шырокаю пасмаю i закручваўся кудзеркамi сiваваты дым.
За столiкам сядзеў маладжавы, далiкатны з твару, толькi з нейкiмi звераватымi вочкамi пад вострымi бровамi, старшы пастарункавы Бубель. Зачасаныя набок чарнявыя валасы блiшчалi ўкладзенымi фалдамi. Мiця яго ведаў — ён прыязджаў у Верасава, калi, дзелячы зямлю, парэзалiся Чувакi.
З боку столiка, заклаўшы нага за нагу i трымаючы на калене сiнюю фуражку, сядзеў палiцыянт Гура — тутэйшы паляк з Дварчанаў — кароткi, з тоўстаю шыяю i шырокiмi плячыма.
— Садзiся — у нагах, кажуць, праўды няма. — Гура паказаў галавою на крэсла з вялiкаю, выцiснутаю на фанерцы кветкаю. Голас у яго быў тоўсты.
Мiця сеў, аглядаючы невялiчкi пакойчык з адным, забiтым жалезнымi прэнтамi, акном, з вялiкiм, як шафа, сейфам у кутку, з точанаю драўлянаю вешалкаю, на якой вiсеў шынель i шапка з доўгiм, акутым на канце брылём. З пакоя выходзiлi яшчэ адны дзверы.
— Значы, Корсак? — нагнуўшы голаў, Бубель неяк далiкатна прытаптаў свой кучаравы чубок.
— Ага, — сказаў Мiця, узiраючыся на яго белыя з ружаватымi пазногцямi рукi.
Бубель адхiлiўся ад стала, выцягнуў да палавiны сярэднюю шуфлядку i дастаў сiнi тоўсты сшытак — Мiця пазнаў, што сшытак быў яго — на вокладцы вялiкiмi лiтарамi выведзена: «вершы». Тут было ўсё, што складаў за апошнiя два гады.
— Значы, бавiмся вершыкамi? — Бубель суха папляваў на пальцы, перагарнуў сшытак — там Мiця ўбачыў нейкiя чырвоныя крэскi.
Выцягнуўшы шыю, Гура таксама заглянуў у сшытак, потым падняў чорныя, што зраслiся на пераноссi, бровы:
— Па-расiйску пiшаш?
— Не, па-беларуску, — сказаў Бубель, хмыкаючы i адкрываючы неяк з аднаго боку рот — там блiшчаў верхнi залаты зуб.
— А-а, — Гура пацягнуў рукою па шорсткай, мусiць, з учарашняе ранiцы не голенай шчацэ. — Гэта з тых, што Беларусь шукаюць.
— А нашто яе шукаць, яна пад нагамi, — Мiця спадылба цiкаваў на Гуру.
— I праўда, што пад нагамi, бо наверсе не была i не будзе, не, — заплюшчыўшы вочы, Гура пакруцiў галавою. — Пастарунак будзем саломаю крыць. Бiрачкi з венiкаў выразацьмем. — Гура пацягнуў за медны на мундзiры гузiк: — Бо з чаго iх зробiш — медзi няма…
— А пастарункаў, можа, i не будзе…
Гура разявiўся i задраў голаў. Мiця ўбачыў, як зграблася, нiбы лiст лопуху на агнi, яго шырокая тоўстая рука. I раптам учуў удар — кароткi i пякучы, нiбы ткнулi ў вока гарачым асмалкам. Гэта бiў Бубель — тою белаю рукою з ружовымi пазногцямi. Мiця адхiснуўся, але ўдарылi з другога боку — у вуху глуха зазвiнела, як што адарвалася. Ён учуў, што падае разам з крэслам, што б’юць ужо нагамi ў жывот — там востра аддаецца боль.
Мiця скурчыўся, уткнуўся лобам у каленi, закрываючыся рукамi, хаваў голаў.
Вострыя жалезныя падкоўкi секлi па спiне, пападалi ў патылiцу, зноў, нiбы каменем, смальнулi ў вуха.
Як кавальскi мех, соп i чырванеў ад натугi Гура, i папраўляў, прытоптваючы рукою свой змакрэлы чубок, Бубель. Бiлi абодва сваiмi цяжкiмi акутымi ботамi.
«Заб’юць, знявечаць… Усё, капец, не вытрываю», — халоднаю вадою аблiў Мiцю страх. I ён заенчыў. Крычаў, не помнячы што. Нават не ўбачыў, што перасталi бiць. Чуў, што рэжа, як касою, жывот, што боль доўгiм тупым цвiком сядзiць у галаве; працiнае бок, шчымяць i заходзяцца рукi, аблiваецца гарачынёю вока.
Цяжка паварушыцца, адплюшчыць вочы. Усё кружыцца i плыве, як у п’янага. I, як п’янага, пачынае ванiтаваць.
— Можа, вылежаўся, можа, досiць? — засоп, аддыхваючыся, Гура. — Во, толькi рукi вывадзгаў у смаркачы. Цьфу ты! Слабец, нацiна. А яшчэ хвост падымае. Пiсар знайшоўся… Вершыкi… Ты, брат, дзесятаму закажаш.
Бубель маўчаў, хадзiў па пакоi — рыпелi, як на крохкiм снезе, i пагруквалi жалезнымi падкоўкамi наваксаваныя боты.
Мiця злавiў рукамi лёгкае крэсла i, чуючы, што гудзе нейкаю пустатою галава, звiняць, як туды набралася вады, вушы, падняўся на каленi.
— Ты, брат, ягнятка, i дурное яшчэ, — Гура хустачкай выцiраў лоб, — тое самае, што, задраўшы хвосцiк, скача каля ямы. Гоп — i ўвалiўся, а вылезцi не можа.
У Мiцi яшчэ дрыжалi i падгiналiся ногi.
— Можа, цябе хто падвучыў так гаварыць? Можа, знаешся з кiм? — шырока палажыўшы локцi, Бубель прысеў за нiзкi столiк.