Конь фыркнуў i, нiбы лянуючыся, але з натугаю, турзануў наладаваны мяшкамi воз — вада, мусiць, ужо загнала пяском колы.
Густа зашумела пад возам, як у прарванай грэблi, рэчка. Хiснулася, стукнуўшыся ў плячо Iмполю, i войкнула ад перапалоху Алеся.
— Вой, у рэчку ўкiнеш.
Колы цяжка зашапацелi па сырым з берага пяску — фурманка выехала з рэчкi. Трапятлiвай лужынай блiшчала i аставалася ззаду шырокая тут, каля броду, вада. Было шкода, што ўсё далее i далее гэты трапятлiвы i жывы бляск рэчкi, як бывае шкода i неяк непамысна чалавеку, калi ён мiнае сярод ночы хату з жоўтым i цёплым агнём у вокнах.
Алесю ахапiў нейкi пусты смутак. Яна павярнулася i, падабраўшы пад сябе ногi, села каля Iмполя на гладкiх, засланых радзюжкаю мяшках. Паглядзела збоку на яго, смешнага, з салявым мяшком на галаве, патрасла яго за руку, штурханула локцем i сказала ўжо вясёла:
— Чаму маўчыш, Iмполька?
— Во конь разуўся, — сказаў ён, давольны, што зноў, як i ўчора, яна пачынае праманваць з iм.
— I праўда, зiма на носе, а каня не падкавалi.
Конь, слiзгаючыся на галалёдзе непадкаванымi, мусiць, ужо шырокiмi, як лапцi, капытамi i спатыкаючыся на пярэднiя ногi, iшоў пад груд. Скрозь чарнелi нiзкiмi купешкамi кусты маладога ялаўцу — пачынаўся хвойнiк.
Аб камень скрыгнула шына — воз падняло i нахiлiла на адзiн бок.
— Ой, i праўда, скiнемся, — Алеся схапiла Iмполя за руку, сцiснула вышай локця.
— Мацней трымайся, — ён прыцiснуў да бока локаць, з нейкай радасцю чуючы пад сваёю яе руку.
Спомнiлася, як учора вечарам Алеся ляжала на ложку, нацягнуўшы да самае барады злiнялую, у чырвоныя кветкi, радзюжку, i зверху гэтае радзюжкi бялелi голыя да мяккага круглага пляча яе рукi. I ён мацней прыцiснуў свой локаць, бачачы перад вачыма тую самую белую, з гладкiм плячом, руку.
Алеся расшчапiла свае пальцы i падрапала яму за бок:
— А што, будзеш?
— Буду, — абярнуўся ён, ловячы яе за вузкую, з халоднымi тонкiмi пальцамi, руку.
Дарога ўсунулася ў зацiшны ад ветру маладнiк; густая, здаецца, i пальца не ўваткнеш, цемната абвалакла шырокiя, з неацярэбленымi, нiзкiмi лапамi хвоечкi. Як у нейкiм чорным глыбакаватым рове, блiшчала гарбамi няроўная, аблiтая галалёдам дарога i, звузiўшыся, гублялася ў цемнаце.
З навалы хмар выцярэблiваўся нiзкi на полуднi месяц. Скоранька шапацеў, радзеючы, дробны, як пясок, град.
— Ну i рука, як лёд, халодная, — Iмполь лёгка цiснуў танкаватыя Алесiны пальцы.
— Затое сэрца гарачае, — яна блiснула бялкамi вачэй i апусцiла голаў. Суконная хустка з’ехала на плечы. Iмполь учуў, што i яго пачынае трасцi, нiбыта ад холаду.
— Во i ты змёрз, — яна цясней падсунулася да яго. — Накрыйся, — i накiнула яму на плечы адно крыло свае вялiкае хусткi.
I праўда, яму зрабiлася цяплей, нейкая сухая гарачыня пякла шчокi. Ён зноў успомнiў учарашнi вечар, удушлiвую цемнату хаты, але страху, тае брыдкасцi, як учора, у яго не было. Яму зрабiлася нават крыху смешна, што ўсё тое, пра што думаў так кожны раз, мучачыся перад сном, можа прыйсцi так проста тут, на возе, у гэтую сырую цёмную ранiцу, на дарозе сярод лесу.
I ён, ужо асмялеўшы саўсiм, выпусцiў з рук лейцы i, як ашалелы, нiчога не помнячы, абхапiў яе, кiнуў на мяшкi, раптам блiзенька ўбачыўшы яе спалоханыя вочы з белымi бялкамi.
— Дурненькi, пераломiш мяне!.. Дай хоць ногi выпрастаю.
Ён трохi працверазiўся, расшчамiў у яе за спiною рукi, згроб разам з шапкаю ў сябе з галавы цяжкi сыры мяшок.
— Здурэў ты… — I голас яе сцiшэў, потым саўсiм задыхнуўся. — Гэта ж дарога — iсцiме цi ехацьме хто… Мiленькi мой, любенькi мой!..
Ён учуў, як яе губы, мяккiя i вiльготныя, шукаюць яго губ. Раптам гарачыня засланiла яму вочы, увесь цэлы свет.
Учуўшы папушчаныя лейцы, спынiўся конь, стаяў сярод дарогi, унурыўшы голаў i стулiўшы ад iмжы вушы. Густа, як порсткая салома, шапацеў нiзкi, абвiты поцемкам хвойнiк. Скоранька i дробна шархацела перамешаная з градам iмжа, востра секла па гнiлым, назганяным на дарогу асовым лiсцi. Вецер зносiў з воза, глушыў задыханы голас:
— Ах, божа, ах, мiленькi мой!.. Люблю цябе, люблю…
— I я… i я цябе.