Вярнуўся. Паехалі да ягоных бацькоў. Памагаў бацьку тынкаваць печ. I там упаў. Выклікалі "хуткую", завезлі ў бальніцу — смяртэльная доза лейкацытаў. Адправілі ў Маскву.
Прыехаў адтуль з адной думкаю: "Я памру". Стаў болей маўчаць. Пераконвала. Прасіла. Словам маім не верыць. Тады я нарадзіла яму дачку, каб паверыў. Я сны свае тады не разгадвала. То мяне вядуць на эшафот, то я ўся ў белым… Прачнуся раніцою, пагляджу на яго: як жа я застануся адна? Нельга шмат думаць пра смерць… Ганю гэтыя думкі… Калі б я ведала, што ён захварэе, зачыніла б усе дзверы, стала б на парозе. Замкнула б на дзесяць замкоў…"
"Ужо два гады блукаем мы з маім хлопчыкам па бальніцах. Ні чытаць, ні слухаць пра Чарнобыль не хачу. Я ўсё бачыла…
Маленькія дзяўчынкі ў бальнічных палатах гуляюць у лялькі. Лялькі ў іх заплюшчваюць вочы, лялькі паміраюць.
— Чаму лялькі паміраюць?
— Бо гэта нашы дзеці, а нашы дзеці жыць не будуць. Яны народзяцца і памруць.
Майму Арцёмку сем гадоў, а на выгляд яму даюць пяць. Заплюшчыць вочы, і я думаю, што заснуў. Заплачу: ён жа не бачыць.
А ён — азываецца:
— Мама, я паміраю ўжо?
Засне, і амаль не дыхае. Я стану перад ім на калені.. Перад ложкам…
— Арцёмка, расплюшчы вочкі… Скажы што-небудзь…
"Ты яшчэ цёпленькі…" — думаю сама сабе. Расплюшчыць вочы. Зноў засне. I гэтак ціха. Як памёр.
— Арцёмка, расплюшчы вочкі… Я не даю яму памерці…"
"Нядаўна святкавалі мы Новы год. Сабралі багаты стол. Усё сваё: вяндліна, сала, мяса, агурочкі марынаваныя, толькі хлеб з магазіна. Нават гарэлка свая, самаробная. Сваё, як у нас жартуюць, чарнобыльскае. З цэзіем, стронцыем упрыкуску. А дзе што ўзяць? Магазіны ў вёсках з пустымі паліцамі, а калі што і з'явіцца, дык з нашымі зарплатамі і пенсіямі не падступішся.
Прыйшлі да нас госці. Нашы добрыя суседзі. Маладыя. Адзін настаўнік, другі — калгасны механік з жонкай. Выпілі. Закусілі. I пачаліся песні. Не змаўляючыся, заспявалі рэвалюцыйныя песні. Песні пра вайну. "Утро красит нежным светом стены древнего Кремля", — маю любімую. I атрымаўся харошы вечар. Такі, як раней.
Напісала пра гэта сыну. Ён у нас вучыцца ў сталіцы. Студэнт. Атрымліваю адказ: "Мама, я ўявіў сабе гэтую карціну… Вар'яцкую… Чарнобыльская зямля… Наша хата… Блішчыць навагодняя ёлка… А людзі за сталом спяваюць рэвалюцыйныя і ваенныя песні… Як быццам няма ў іх ззаду ні Гулага, ні Чарнобыля…"
Мне стала страшна не за сябе. За сына. Яму няма куды вярнуцца…"
Раздзел трэці. Захапленне журбою
Маналог пра тое, чаго мы не ведалі: смерць можа быць такой прыгожаю
"У першыя дні галоўным было пытанне, хто вінаваты? Пасля, калі мы больш уведалі, пачалі думаць, што рабіць? Як уратавацца? Цяпер, змірыўшыся з думкаю, што гэта не на год і не на два, а на шмат пакаленняў, пачалі ў думках вяртацца назад, перагортваць староначку за староначкай…
Гэта здарылася ноччу, з пятніцы на суботу… раніцою ніхто ні пра што не здагадваўся. Выправіла ў школу сына, муж пайшоў у цырульню. Гатую абед. Муж неўзабаве вярнуўся…Са словамі: "На атамнай нейкі пажар. Загад: не выключаць радыё". Я забылася сказаць, што мы жылі ў Прыпяці, побач з рэактарам. Датэгуль перад вачыма — ярка-малінавае зарыва. Рэактар неяк знутры свяціўся. Гэта быў не звычайны пажар, а нейкае свячэнне. Прыгожа. Нічога падобнага я ў кіно не бачыла. Увечары людзі высыпалі на балконы, у каго не было — ішлі да сяброў, знаёмых. У нас дзевяты паверх, выдатная бачнасць. Выносілі дзяцей, падымалі на руках: "Паглядзі! Запомні!" I гэта людзі, якія на рэактары працавалі… Інжынеры, рабочыя… Настаўнікі фізікі… Стаялі ў чорным пыле… Размаўлялі… Дыхалі… Любаваліся… Сёй-той за дзесяткі кіламетраў прыязджаў на машынах, веласіпедах, каб паглядзець. Мы не ведалі, што смерць можа быць такой прыгожай. Але я не сказала б, што ў яе адсутнічаў пах. Не вясновы і не асенні пах, а штосьці зусім іншае, і не пах зямлі…
Пяршыла ў горле, у вачах — слёзы самі па сабе. Я не спала ўсю ноч і чула, як тупалі наверсе суседзі, таксама без сну. Нешта яны там перацягвалі, стукалі, можа быць, рэчы пакавалі. Глушыла галаўны боль цытрамонам. Раніцою, як развіднела, агледзелася вакол, гэта я не зараз прыдумала, не пасля, а тады адчула: штосьці не так, штосьці змянілася. Назусім. У восем раніцы па вуліцах ужо хадзілі вайскоўцы ў супрацьгазах. Калі мы ўбачылі на вуліцах горада салдат і вайсковую тэхніку, мы не спалохаліся, а наадварот супакоіліся: калі армія прыйшла на дапамогу, усё будзе нармальна. У нашу свядомасць яшчэ не ўкладвалася, што мірны атам можа забіваць… Што чалавек бяссільны перад законамі фізікі…
Па радыё ўвесь дзень аб'яўлялі, каб рыхтаваліся да эвакуацыі: павязуць на тры дні. Памыюць, правераць. Дзецям сказалі абавязкова ўзяць з сабой падручнікі. Муж усё-такі паклаў у партфель дакументы і нашы вясельныя фатаграфіі. А я адзінае, што прыхапіла, гэта газавую хусцінку на выпадак кепскага надвор'я…
З першых дзён адчулі, што мы — чарнобыльцы, цяпер ужо асобны народ. Аўтобус, у якім нас везлі, спыніўся нанач у нейкай вёсцы. Людзі спалі на падлозе ў школе, у клубе, няма дзе прыткнуцца. I адна жанчына запрасіла да сябе: "Ідземце, я пасцялю на ложку. Шкада вашага хлопчыка". А другая, што стаяла побач, адцягвала яе ад нас: "Ты здурнела! Яны — заразныя". Калі мы перасяліліся ўжо ў Магілёў, і сын пайшоў у школу, у першы ж дзень ён прыбег дадому з плачам… Яго пасадзілі разам з дзяўчынкай, а тая не хоча, бо ён радыяцыйны, быццам бы калі з ім сядзець, дык можна памерці. Сын вучыўся ў чацвёртым класе, і так атрымалася, што ён адзін, чарнобыльскі, быў у гэтым класе. Яны ўсе яго баяліся, называлі "светлячком"… Я спалохалася, што ў яго гэтак хутка скончылася дзяцінства… Мы выязджалі з Прыпяці, а насустрач нам ішлі вайсковыя калоны… Бронетэхніка… Тут стала страшна. Але мяне не пакідала дзіўнае адчуванне, што ўсё гэта адбываецца не са мною, з іншымі. Сама плакала, шукала харч, начлег, абдымала, супакойвала сына, а ўсярэдзіне — нават не думка, заўсёднае адчуванне: я — глядач. Толькі ў Кіеве нам выдалі першыя грошы, а купіць на іх нічога няможна: сотні тысяч людзей паднялі з месца, усё скуплена, з'едзена. У многіх — інфаркты, інсульты, проста там — на вакзалах, у аўтобусах. Мяне ўратавала мая мама. За сваё доўгае жыццё яна не раз пазбаўлялася хаты, нажытай маёмасці. Першы раз яе рэпрэсавалі ў трыццатыя гады, забралі ўсё: карову, каня, хату. Другі раз — пажар, толькі мяне выхапіла з агню. "Трэба перажыць, — суцяшала. — Мы ж жывыя".
Успомніла… Сядзім у аўтобусе. Плачам. Мужчына на першым сядзенні гучна сварыцца на жонку: "Якая ж ты дурніца! Усе хоць нейкія рэчы ўзялі, а мы з табой трохлітровымі слоікамі загрузіліся". Жонка яго вырашыла, што калі на аўтобусе, дык па дарозе перадасць сваёй маці пустыя слоікі для марынадаў. Каля іх ляжалі вялізныя пузатыя авоські, мы ўсю дарогу на іх спатыкаліся. Гэтак яны з тымі слоікамі і прыехалі ў Кіеў.
…Я спяваю ў царкоўным хоры. Евангелле чытаю. Хаджу ў царкву, бо толькі там гавораць аб вечным жыцці. Суцяшаюць чалавека. Больш нідзе гэтых слоў не пачуеш, а гэтак хочацца пачуць.
Мне часта сніцца сон, як мы ідзём з сынам па сонечнай Прыпяці. Цяпер — гэта ўжо горад-прывід. Ідзём і разглядаем ружы, у Прыпяці было шмат ружаў,вялізныя клумбы з ружамі… Я была такая маладая. Сын маленькі… Кахала…
А ўвесь страх забыла… Быццам была толькі глядачкай…"
Надзея Пятроўна Выгоўская, перасяленка з горада Прыпяці
Маналог пра тое, як лёгка стаць зямлёй