— Здрасце, — падышоўшы, ветліва павітаўся Сямён, звяртаючыся да Аркадзя.
— Гэта мой сын, — кіўнуў Агееў. — А гэта Сямён Сямёнаў, ветэран, як бачыш. Во цяпер мы і пагамонім. Вазьмі там вядзерца і сядай. Самы раз будзеш.
Для прыліку трохі патаптаўшыся, Сямён перакуліў вядзерца і прысеў збоч ад стала. Ценю там ужо не было, і руды, маршчыністы твар яго хутка пакрыўся дробнымі кроплямі поту, але ён не выціраў яго, звыкла трываючы санцапёк.
— Бацьку праведаць, так сказаць? Гэта добра, гэта бацьку заўжды прыемна, — загаварыў ён, азіраючы стол, і затрымаўся паглядам на бутэльцы.
— Во, налі госцю, — сказаў Агееў. — Мабыць жа, не адмовішся, як я, напрыклад?
Сямён знарок паморшчыўся.
— Мы тут болей да віна прывыклі.
— А чаму іменна да віна? — запытаўся Агееў-малодшы, наліваючы каўпачок. — Што дзешавей, напэўна?
— Не-а. Што болей вып'еш, — заўсміхаўся Сямён.
— Гэта рэзон! — адобрыў Аркадзь. — Ну, выпіце!
— А вы?
— А я ўжо ўсё. Выпіў, болей не п'ю.
— Дык аднаму неяк нязручна…
Закарузлымі пальцамі правай рукі Сямён няспрытна падабраў з паперкі скрылёк грудзінкі, уладкаваў яе на кавалак хлеба, пакрахтаў. Спаважна і нетаропка ён рыхтаваўся да самага важнага ў гэтым пачастунку, прымерваўся, уздыхаў. Агееў амаль з дзіцячай любасцю сачыў за яго свяшчэннадзействам, яўным захапленнем, якое адбілася на яго прасветленым зараз твары, загарэлым ілбе з белымі дугамі злінялых за лета броваў. Нарэшце, закінуўшы галаву, Сямён важна выпіў — худы кадык на яго доўгай, зморшчанай шыі саўгануўся знізу ўгару і апусціўся.
— Харашо, аднак жа!..
— Закусвайце чым ёсць.
— Дзякуй.
— Дзякуем ліманад закусваюць, — трохі павучальна заўважыў Аркадзь, і бацька зноў злавіў у яго тоне непрыемную ганарыстую нотку, якая нядаўна стала раздражняць яго ў характары сына.
— Сямёнаў сапраўдны трудзяга вайны, — сказаў ён, звяртаючыся да сына. — У разведцы ваяваў. Май гэта на ўвазе.
— Разведчык — цяпер герой! Разведчыкаў паважаюць. Шцірліц і так далей, — тут жа падхапіў Аркадзь.
— Не Шцірліц! — павысіў голас Агееў. — Вайсковы разведчык. І гэта, будзь упэўнены, болей, чым Шцірліц.
Сын хлёсткім ударам забіў капронавы корак у рыльца бутэлькі.
— Канечне, канечне.
— Ветэран, інвалід і так далей, — ужо раздражнёна сказаў Агееў. — Не выгадваў, як некаторыя. Тыя, што на печы адседжваліся. Ці адразу пабеглі ў паліцыю.
Сямён спакойна слухаў трохі нервовую размову Агеевых, пабліскваючы металічнымі зубамі, нетаропка жаваў закуску. Выбраўшы прыдатны момант, разважна сказаў:
— Але не ўсе і ў паліцыю ішлі па сваёй ахвоце. Былі і такія, што па прымусу. Каторых заставілі. Або па глупасці…
— Як можна па глупасці? На такую справу — і па глупасці? — здзівіўся Аркадзь.
— А здаралася. Як я, напрыклад.
— А вы што — і ў паліцыі былі? — здзівіўся Агееў-малодшы. Агееў-старэйшы недаўменна ўставіўся ў Сямёна, а той як ні ў чым не бывала спакойна дажаваў закусь.
— Быў. Дзе я толькі не быў! У паліцыі, у парцізанах. У палоне быў. І ў арміі. Да Віслы дайшоў і вось, — ён сутаргава варухнуў кульцёй. — Шчытай, на тым свеце пабыў. Ды я расказваў…