Госць, аднак, зручней уладкаваўся на скрыпучым крэсле, закінуў нагу за нагу. Яго маленькія вочкі падазрона абмацвалі Агеева, бяскроўныя вусны крывіліся ва ўгодлівай усмешцы.
— Значыць, снедаеце? Скудны заўтрак старыка, як пісаў паэт. Хаця вы не стары, канечне. А заўтрак, пагляджу, скудны… Гэта відавочны факт, — ён гаротна ўздыхнуў, паглядзеў у столь. — Да, цяжкія часы, пане. Цяжкія, але не безнадзейныя. Што рабіць? — развёў ён рукамі і зноў уставіўся ў Агеева ліслівым позіркам. Агееў, слухаючы яго, не мог зразумець, што яму трэба і як рэагаваць на яго лямантацыю.
— Вы, напэўна, наконт абутку? — запытаўся ён суха.
Госць махнуў рукой.
— Не, не. Я не наконт абутку. Абутак мне, слава богу, не надта патрэбны. Абыдуся. Ды і куды хадзіць? Няма куды зараз хадзіць, — аб'явіў ён і запытаўся: — Пан нетутэйшы?
Агееў ніякавата знерухомеў. Зноў ён не ведаў, як адказаць гэтаму прышламу, які невядома адкуль — з гэтага мястэчка або прыехаў адкуль. Прыезджаму можна было схлусіць. А калі гэты чалавек тутэйшы?
— Як вам сказаць, — няпэўна пачаў Агееў. — З аднаго боку — тутэйшы, а з другога — не.
— Да, канечне, панятна. Калі, скажам, нарадзіліся тут, а жылі ў другім месцы. Як я, скажам. Родам са Слуцка, жыў… Дзе толькі я не жыў.
— І цяпер што ж — вярнуліся? — запытаўся Агееў.
— Цяпер, ведаеце, вярнуўся. Радзіма ўсё ж, яна вабіць… Як… як першае каханне. А вот айцец Кірыл не вярнуўся…
— Не вярнуўся, — пацвердзіў Агееў і ўважліва паглядзеў у маленькія вочкі госця, каб зразумець, ці ён сказаў гэта выпадкам, ці з пэўным намерам. Аднак нічога не ўбачыў у гэтых вачах.
— Дастойны, скажу вам, быў служка гасподзен. Такімі людскі род багацее. Але — увы! Прапаў, як рыцар без страху і дакору.
Яны на момант сустрэліся паглядамі, і Агееў нарэшце сцяміў: «Усё ведае! Ведае, што я не сын — самазванец. Чорт пабяры гэтую яго таямнічую дасведчанасць. Што яму ад мяне трэба?»
— Вот дык час! Страшны час! Стогны і пакуты на роднай зямлі. Сакрушаюся, бязмерна сакрушаюся.
— Што ж сакрушацца! — не стрываў Агееў, падумаўшы, што гэта звычайны гаротнік, мабыць, прыйшоў пагаварыць, можа, суцешыцца тым у трудны час. Але чым ён мог суцешыць яго? Расказаць пра Ельню? Усё ж спярша ён рашыў што-нішто пра яго дазнацца.
— А да вайны чым займаліся? Працавалі кім?
— Э, якое гэта мае значэнне! Працаваў на розных работах. Але заўжды гараваў па радзіме. Як і кожны беларусін за яе прадзеламі. Назіраў здаля і гараваў.
— Здаецца, Агееў што-колечы стаў разумець.
— Значыць, прыехалі. Пасля доўгай адсутнасці?
— Абсалютна правільна: прыехаў! Покліч бацькаўшчыны ў цяжкі час, ці ведаеце, грэх ігнараваць. Народ не даруе. Асабліва такі народ, як беларускі. Беларусіны ж — боскія людзі, напраўду!
— Ну, як каторыя. Розныя ёсць, — мякка запярэчыў Агееў.
— Не, не кажыце! Харошыя людзі, прастадышныя, шчырыя. Яно і зразумела — дзеці прыроды. Бо здаўна наш храм — гэта наша прырода! Дзе вы знойдзеце гэткія пушчы, такія баравіны? У Эўропе ўсё не такое. А тут… Прыпомніце пачатак лета: толькі пачынае абуджацца прырода!.. Такая благадаць у кожным лісціку — сэрца спявае. Ангельскія гімны ў душы! А навокал рэкі, поўныя рыбы, лясы, поўныя дзічыны. Не, у Эўропе даўно не тое. Акультурана і абязлічана. Я б нават сказаў: абяздушана! А ў нас… О, я на чыжыне за столькі гадоў намаркоціўся, ведаеце… Па простай рэчы сумаваў, нават хварэў. Сказаць, не паверыце…
— Чаму ж, можна паверыць.
— Не, вы не паверыце. А мне які-небудзь гародчык каля хаты начамі сніўся. Во гэтыя вяргіні. Ды што вяргіні — крапіва пад плота снілася, і ў ёй куры квохчуць. Бывала, прачнуся і слязьмі абліваюся. Што значыць бацькаўшчына!
Агееў маўчаў. Яму стала трохі шкада гэтага чалавека, які, відаць, сапраўды нямала папакутаваў на чужыне, калі нават успамін пра курэй пад плотам выклікаў у яго слёзы.
— Не, шаноўны пане, вы не можаце гэтага ўразумець. Трэба павандраваць, пашвэндацца па свеце і адчуць, што ўсё гэта значыць. Бацькаўшчына! Але мы можам ганарыцца — дастойная ў нас бацькаўшчына, шаноўны пан!
— Хто пярэчыць, — сказаў Агееў, паддаючыся, здалося, шчыраму перажыванню гэтага чалавека, які між тым працягваў з захапленнем:
— А наша гісторыя! Цяпер, канечне… Але ў мінулым, успомніце, яна ведала і бліскучыя моманты. Нават велічныя! Праўда, пад чужымі сцягамі, затое ад мора да мора. На яе гербе была пагоня! Заўважце, не ўцёкі, не паратунак, а пагоня! На ворага — з узнятым мячом!
Веліч Беларусі ад мора да мора, герб з нейкаю там пагоняй… У школе таго не праходзілі, Агееў аб тым нідзе не чытаў і цяпер з некаторым здзіўленнем слухаў поўную захаплення прамову даволі, мабыць, адукаванага госця.
— У гісторыі я не надта, — сказаў Агееў. — А наконт прыроды сапраўды: прырода ў нас прыгожая. Скажам, азёры…