Сын пабег да абрыву, а Агееў застаўся сядзець з квартай цёплага чаю і на ўстрывожаны голас сына ціха сказаў:
— На тым самым месцы.
Хвіліну разгублена пастаяўшы над кар'ерам, Аркадзь энергічным крокам вярнуўся да бацькі.
— Гэта ты капаеш?
— Я.
— Навошта?
— Ну, разумееш, хачу знайсці некаторыя сляды. Што-нішто рэканструяваць. Таму што не ўсё зразумела ў гэтай гісторыі з расстрэлам.
— А што незразумела?
— Ну, хаця б тое — колькі тут расстраляна.
— А нашто табе гэта? Ты што — следчы па асабліва важных справах?
Агееў марудна ўзняў галаву, узіраючыся ў нечакана пасуравелы твар яго дваццацівасьмігадовага сына. Гэтая суровасць скіраванага да бацькі пагляду магла б абурыць Агеева, але ўсё ж ён адчуў, што сын не ад злосці, а з прычыны неспакою за бацьку, за яго здароўе.
— Я — для сябе, — сказаў ён пасля паўзы. — Для ачысткі сумлення.
— А, сумлення… Тады іншая справа, — стрымана сказаў Аркадзь, сядаючы на нізкае крэсла. Жуючы бутэрброд, ён хвіліну напружана згадваў нешта. — Вось часам думаю: многа ўсё ж вы нахамуталі з гэтай вайной, — холадна сказаў ён.
— Гэта чаму — нахамуталі?
— А во ўсё капаеце, шукаеце, разбіраецеся. Пішаце яшчэ. Некаторыя сорак гадоў ваююць, спыніцца не могуць.
— Значыцца, ёсць прычыны.
— Прычыны! А жыць калі будзеце? У другім сваім жыцці, пра якое тыбецкія мудрацы пішуць?
— Другога жыцця не будзе.
— Вось іменна. Ды і гэтае дай бог пражыць па-людску. Калі ядзерны грыб не паставіць кропку на ўсім.
Сын папракаў, амаль выгаворваў, не так словам, як тонам, якім былі вымаўлены тыя словы. Менавіта ў ягоным тоне Агееву пачулася штосьці знаёмае, што ён не ўпершыню чуў, хаця, можа, і не заўсёды адказваў на тое. Аднак цяпер гэта яго пачынала злаваць.
— Ну, во скажы мне, — трохі з намаганнем, каб гаварыць спакайней, пачаў ён. — Што значыць, па-твойму, жыць ці дажыць па-людску? Зрабіць кар'еру? Атрымаць ступень? Заслужыць прэміі? З'ездзіць у загранку?
— Ну, бог з табой, чаму ты так думаеш? Не ўскладняць жыццё псеўдапраблемамі, так я думаю. У нашым жыцці рэальных праблем процьма…
— Гэта якіх праблем?
— А то сам не ведаеш?! Ці мала ў вас у інстытуце было праблем? Успомні, калі забыўся. Ды і ў жыцці, у быце. Вунь ехаў, нідзе заправіцца не мог. То для дзяржтранспарту, то па талонах. А талоны немаведама дзе. Кажуць, у горадзе.
— Праблема гаручага — глабальная праблема.
— Ды ніякая яна не глабальная. Якія ў нас пры такіх запасах нафты могуць быць праблемы з гаручым? Безгаловая арганізацыя, во што! Пралікі планавання. І гэта ў эпоху НТР, калі ўсё на камп'ютэрах лічаць.
— Справа не ў камп'ютэрах…
— Не ў камп'тэрах, вядома. Для таго, каб ведаць, колькі трэба паветраных фільтраў для «жыгулёўскага» парка, не трэба лічыць на камп'ютэрах апошняга пакалення. Дастаткова пасадзіць цёцю Машу з арыфмометрам. А то вунь аўтапарк падвоіўся, а фільтр пяць гадоў замяніць немагчыма. Мусіць, справа ў тых, хто лічыць.
— Вось іменна. А лічаць людзі. Значыць, праблема ў людзях. Чалавечая праблема. Вунь яшчэ адна «праблема» ідзе, — сказаў Агееў, зірнуўшы па-над галавой сына. — Давай сюды, Сямён!
На дарозе з-за могілак паявіўся ў сваёй жоўтай безрукаўцы Сямён, які, мабыць, згледзеўшы, што Агееў тут не адзін, запаволіў крок, ці не мяркуючы павярнуць назад. Агееву тым часам расхацелася прадаўжаць пачатую размову з сынам, і ён амаль узрадаваўся нечаканаму прыходу новага госця.