— А вы не?
— Я ў ёй не сяджу.
Ён аж ззяў.
— Па-мойму, тут цудоўна. Гэта спакой! Гэта цішыня! Я, мушу вам прызнацца, жыў дужа рассеяна, раней. Праз свой трэст.
— Магу сабе ўявіць, — згадзіўся я.
— Тэлефона тут няма, — працягваў Колер. — Здароўе ў мяне прыкметна паправілася. Вось, падзівіцеся. — І ён зрабіў некалькі прысядаў. — Месяц назад я б так не здолеў, - горда патлумачыў ён, — дарэчы, у нас тут ёсць спартыўны клуб.
— Ведаю.
За акном, па-ранейшаму поўны надзеяў, прагульваўся ўкормлены дрозд, але, магчыма, гэта ўжо быў іншы. Абсалютна шчаслівы чалавек задаволена разглядваў мяне.
— Мы з вамі сустракаліся.
— Ведаю.
— У рэстаране «Du Théâtre», які займае пэўнае месца ў маім жыцці. Вы, як я памятаю, назіралі, як я гуляю на більярдзе.
— Я нічога не глуздую ў більярдзе.
— Дагэтуль?
— Дагэтуль, гер Колер.
Арыштант засмяяўся і, павярнуўшыся да ахоўніка, сказаў:
— Мёзер, ці не ўчыніце ласкі падаць нашаму юнаму другу агню?
— Вядома, гер кантанальны радца, само сабою, гер кантанальны радца.
Ахоўнік таксама ззяў усім тварам.
Пасля ён зноў сеў, а я закурыў. Зычлівасць абодвух моцна мяне выматвала. Я з прыемнасцю адчыніў бы вялікае незакратаванае акно, але ў турме гэта, мабыць, не прынята.
— Ведаеце, Шпэт, — загаварыў Колер, — я нічым не адметны вязень, не больш, а Мёзер — адзін з маіх ахоўнікаў. Выдатны чалавек. Ён уводзіць мяне ў таямніцы пчалярства. Я ўжо амаль адчуваю сябе пчаляром, ахоўнік Брунэр — з ім вам таксама не лішне было б пазнаёміцца — вучыць мяне эсперанта. Мы стасункуемся выключна на гэтай мове. Можаце самі пераканацца: бадзёрасць духу, хатняя абстаноўка, сардэчнасць паўсюль, глыбокі мір і спакой. Я цяпер абсалютна шчаслівы чалавек. А раней? Госпадзе! Я чытаю Платона ў арыгінале, я пляту кашы, дарэчы, Шпэт, вам не патрэбен кош?
— На жаль, не.
— Кашы гера кантанальнага радцы — верх дасканаласці, - горда пацвердзіў ахоўнік са свайго кута. — Я асабіста навучыў яго плесці кашы, і ён ужо пакінуў далёка ззаду ўсіх нашых майстроў. Далібог, я не перабольшваю.
Я зноў выказаў шкадаванне.
— Вой не, мне не патрэбен кош.
— Шкада, а то я з прыемнасцю падарыў бы вам. На памяць.
— Нічога не парадзіш.
— Шкада. Да слёз.
Я пачаў траціць вытрымку.
— Ці не магу я даведацца, навошта мяне сюды запрасілі? — спытаўся я.
— Але ж вядома, можаце, — адказаў ён. — Несумненна, можаце. У мяне неяк з галавы выскачыла, што вы прыехалі з волі, што вам спех, што вы занятыя. Добра, пяройдзем да справы: тады, у «Du Théâtre», вы, памятаеце, расказвалі, што збіраецеся стаць самастойным.