3. Апантанасць
Аднойчы Аксане прынеслі цыдулку. У ёй рукой Людовіка было напісана: «Трэба пагаварыць». Пакуль ехала ў брычцы да Бароўскіх, думала пра задушаных хартоў. Выходзіла, што аблезлыя харты — то паны, а воўк-пройда — звыродак зямлі, істота ад зямлі, мужык, хлоп, селянін, які знішчае ўсё панскае, выкшталцонае, няздатнае для суворага жыцця. Гэтая думка прыгнятала Аксану. Яна бачыла, адчувала і разумела, што паўстанне згасае. Асабліва балюча было ўсведамляць, што тыя людзі, якіх яна ведала, аказаліся такімі бездапаможнымі ў вайсковай справе.
Ехала праз мястэчка і ўбачыла каля карчмы некалькі расейскіх жаўнераў. Глянула на іх проста, без ганарлівасці. Яна лавіла сябе на тым, што гэтыя людзі ёй ненавісныя, але ці былі яны вінаватыя? Ці вінаваты былі сам жандар Фогель, прыстаў, спраўнік? Калі так думаць, то не вінаваты быў і цар і ніхто не вінаваты. Такім было жыццё: мацнейшы, дужэйшы топча слабейшага.
Яна чакала сустрэць Людовіка бледным, знядужаным, як і павінна быць пасля хваробы ці ранення, але, надзіва, убачыла яго здаровым і нават вясёлым. Толькі вочы як запаліў.
— Там такая мясціна была, Гантарня называецца, — пачаў ён без прадмовы, калі яны зачыніліся ў ягоным пакоі. — Там усё і адбылося. Цяпер я ведаю, што супраць нас выступіў маёр Крэмер — пружанскі ваенны начальнік. Выступіў з сваім войскам на адшуканне паўстанцкіх атрадаў. Манюкін — галоўнакамандуючы расейскімі войскамі ў Гарадзенскай губерні — загадаў яму не цырымоніцца. Аксанка, каб ты ведала, да чаго ўсё было неарганізавана…
— Колькі вас было?
— Дванаццацёра…
— Усяго?
— Я лічу конных. Пешых было дзесяткаў тры-чатыры. З іх стралкоў дзесяткі два.
— А куды ж падзеліся астатнія?
— Куды? — Людовік зіркнуў на Аксану. — Скажам так — адсталі. У абозе шмат было. Мы выйшлі на кіраўніка інсургентаў, камісара ваяводства Гарадзенскай губерні Ануфрыя Духінскага. Ён з адстаўных. Палкоўнік, прыбыў з Парыжа. А камандзірам быў Валеры Ўрублеўскі… Сябра Каліноўскага, ягоны бліжэйшы паплечнік. Мы выставілі ў лесе конны пікет, бо ведалі, што супраць нас выступілі жаўнеры. А тут прыляцелі выведнікі, дакладваюць, што наш конны пікет разбегся. Як? А так! Казакі аднаго захапілі ў палон. Тады мы выставілі стралковы ланцуг. Некаторыя залезлі на дрэвы. Бачым, ідуць. Мы падпусцілі іх на пяцьдзесят крокаў і далі залп. Крыкі, гвалт, енкі паміраючых… Нам падалося, што расейцы адступілі. Адразу такое натхненне з'явілася… Адзін з слонімцаў, памятаю, усё крычаў: «Панове, храбрэй, іх бардзо мало, адна рота стрэльцаў. Мы іх вшысцкіх паб'ём!» Мы сядзелі ў даволі густым лесе, а тыя нападалі па рэдкаватым. Пасля першых стрэлаў бачым, напраўду адступаюць маскалі. Вось была радасць! Інсургенты без каманды кінуліся наперад. І адразу трапілі пад кулі. Пасыпаліся, як абмалочаныя снапы, сталі падаць… У іх не нашы пістонаўкі — як дзерануць залпам, дык толькі трэскі ад дрэваў адскокваюць, не ведаеш, куды хавацца. І не відаць нічога, не чуваць камандаў… Дым, лямант, неразбярыха. Расейцы, узбадзёраныя, у сваю чаргу кінуліся ў атаку, ды так раз'юшана, бягом, штыкамі размахваюць, страляюць, крычаць шалёна. Нашы, якія ў атаку пайшлі, уцякалі па тым лесе хто куды. Дабеглі да касінераў, спыніліся, але тут таксама — адкуль толькі ўзяліся? — расейцы атакуюць. З флангаў абышлі. Артур зразумеў, што настаў час самых рашучых дзеянняў. На каня і ўсіх нашых конных павёў у абход, каб ударыць расейцам у фланг, з левага боку. Але ў гэтай неразбярысе ўсё перамяшалася, пераблыталася… Пакуль Артур аб'язджаў сваіх жа, якія мітусіліся ў паніцы і вэрхале, расейцы ўмацавалі фланг. Была флангавая сутычка, якая фактычна не прынесла поспеху, бо фланг расейцаў прарваць не ўдалося. Нашыя спешыліся, сталі страляць. А расейцы па цэнтры вядуць метадычны абстрэл і падступаюцца да абозу ўсё бліжэй і бліжэй. Мы кідаліся ў атаку разоў шэсць… Не, болей… Падымаліся з крыкам: «За радзіму, за айчыну, за волю, за Бацькаўшчыну, за Беларусь, у рэшце рэшт…»
— Так і крычалі?
— Але, крычалі. Ды расейскі кулявы агонь быў такі шчыльны, што нашыя падалі адзін за адным. Сапраўдная бойня. Кроў хлішча…
— Але і вы стралялі? І некага забілі?
— Канечне! Да вечара столькі трупаў валялася, і нашых, і расейцаў, па ўсім лесе… Пад ногі глядзелі, каб не наступіць на чалавека. Карацей, як сонца добра схілілася, гляджу, інсургенты па два-тры чалавекі сталі пакідаць пазіцыі… Прасцей кажучы, разбягацца.
— Разбягацца?
— Так, разбягацца. Кідалі зброю, зрывалі камандзірскія адзнакі і ўцякалі. І ніхто не мог стрымаць іх… Што ты хочаш, цывільныя людзі… Аднаго натхнення, каб ваяваць, мала. Разумееш, ваяваць — гэта забіваць людзей. А гэтаму трэба ву-чыц-ца!
Аксана зіркнула на Людовіка, нічога не сказала.
— Як сонца схілілася яшчэ ніжэй, стала зразумела, што расейцам удалося зрабіць флангавыя абхваты — справа і злева. Узнікла пагроза акружэння. Сітуацыя вырабілася на панічную. Ды што тут гаварыць, гэта і была самая сапраўдная паніка. Пабеглі і мы… І зброю давялося кінуць, і ў дрыгву лезці, каб у палон не трапіць. А там возера такое, далей вёска Ласосна… Усе туды ўцякалі. А расейцы ўжо і не атакуюць, толькі зрэдку пастрэльваюць. Казалі потым палонныя, што расейцы сваіх параненых і забітых збіралі. Потым адышлі ў Ружаны, пахавалі. Усё больш ніжніх чыноў.
— А колькі нашых загінула?
— Многа, Аксана. Больш сотні. А ў палон колькі трапіла! Адразу ўхапілі Рафаіла Карыцкага. Ён з Беластока аднекуль… Былі чыноўнікі, мяшчане, шмат леснікоў… Такія, як я, гімназісты з Беластока, Гародні, Свіслачы. Адстаўныя салдаты былі. Сялян крыху, з дзяржаўных… Добры натоўп. — Людовік прыклаў хустачку да вачэй, на хвіліну змоўк. — Так, натоўп, не войска.
— Дык, выходзіць, вы такім натоўпам і ваявалі?
— Не, мы зрабілі правільную арганізацыю, пабіліся на роты — плутоны.
Людовік зноў змоўк, нешта думаў пра сваё.
— Дык пра што ты пыталася? — ачомаўся ён. — Пра загінулых? Цяжка сказаць… Маёр Крэмер данёс у рапарце, што пабітых было больш, чым дзве сотні. А цяпер вядома, што застрэленых усяго сорак чалавек.
— Ну а вы?
— Каб не трапіць у палон, сядзелі ў дрыгве. Потым выбіліся да маёнтка ў той Ласосне, схаваліся ў стозе саломы. Чуем, пад'ехалі казакі, сталі пратыкаць пікамі і шаблямі салому. Тут мяне і зачапіла.
— Дык ты паранены? — ускрыкнула Аксана, бялеючы. — А казалі, з каня ўпаў і рабрыну зламаў.
— Было і такое. А ў тым стозе зачапіла. Убілі шаблі ў нагу, ледзь не зароў ад болю. Але каб закрычаў, то забралі б. Бачыш, я перад табой… — Людовік вінавата пасміхнуўся.
— А што Артур?!