— Людзі не пусцілі. Ваяваць, біцца. Як пайшлі вёскамі за Пінскам, то як праваслаўныя, ваўкамі глядзяць, а як каталікі, дык і масла нясуць, бласлаўляюць. У адной вёсцы сабралася тутэйшых гурма ды кажуць: «Мы вас павяжам і паліцыю выклічам». Гары яна гарам, такая інсурэкцыя.
— Дык што, і ты за цара?
— А што мне цар кепскага зрабіў? Цар рускі, наш цар, пані Аксана, тут як ні круці. Гэтак людзі казалі. Мы рускія, цар рускі, што вам, казалі, за палякаў ваяваць.
— Але ж мы — беларусы, ліцвіны… — нецярпліва, гатовая ўзарвацца, праказала Аксана.
— Яно-то так, ліцвіны, калі дзяды ліцвінамі былі, але веры рускай. Я сам казаў ім, што мы — гэтыя во, як вы кажаце, беларусы. А яны, загародскія сяляне, за Пінскам, не, кажуць, мы рускія, рускай веры. І хоць стрэль ты ім у лоб. Ды што: вады з калодзежа не даюць выкруціць, хоць з канавы пі. Ды і пілі!
— Ды вы ж не на шпацыр пайшлі.
— Пані Аксана, вы хоць раз у жыцці начавалі ў полі? Добра, калі пагода, а калі зверху капае, га?
Аксана сціснула вусны і сцебанула каня. Мара пра незалежную Белую Русь, ці Літву; тую, колішнюю, кедышнюю[7] эўрапейскую дзяржаву, ператваралася ў міраж… Яна і была міражом, відмом мінуўшчыны, толькі з'явілася надзея, рамантычнае спадзяванне, што гэты міраж зробіцца рэчаіснасцю. Не зрабіўся. Пакуль.
2. На кручку
Прайшоў і другі месяц з моманту, калі ўзброены атрад пакінуў мястэчка. Вярнуліся за рэдкім выключэннем амаль усе так званыя паўстанцы. Не было толькі Артура і яшчэ некалькіх. На ўсе роспыты інсургенты — а да іх местачкоўцы цяпер толькі так і звярталіся — або адмоўчваліся, або пачыналі казаць лухту. Аксана ўсё ніяк не магла распытаць маладога Бароўскага — той не стаў бы выдумляць, але пані Бароўская перадала цыдулку, каб Аксана не прыязджала, бо Людовіка быццам бы павезлі ў Пінск да лекара і ён пакуль там лечыцца.
У мястэчка ўжо месяц як увайшла рота расейскіх жаўнераў. Разам з імі прыехаў са сваімі падначаленымі і капітан жандармерыі Фогель. Прыстаў Вусаціха зусім пасмялеў. Праўда, ні сялян, ні шляхту, нават самую дробную, прыстаў не чапаў.
Расейскіх жаўнераў спачатку пабойваліся, але праз некалькі дзён прыгледзеліся і прывыклі. Яны былі звычайныя, падняволеныя людзі. Шчырыя і бяскрыўдныя. Асабліва прыхільна да іх ставіліся ўдовы і меншыя з дзяцей. Як жа ж — гэта былі тыя самыя маскалі, якімі гэтулькі страшылі: «Чаму не закрыў нанач хату? Маскаль, чаго добрага, прыпрэцца…»
Неяк у эканомію завітаў капітан Фогель. Ён быў надзіва ветлівы, усё распытваў пра радзіну Налётак-Чарняўскіх. Гаварыў, што проста закаханы ў адну з дачок пана-аднадворца. У якую — не прызнаўся. У ягоных вачах аканом чытаў, што ён ведае ўсё, але проста да пары да часу не хоча раскрывацца. На развітанне пакінуў нейкую паўстанцкую інструкцыю, якую знайшлі нядаўна пры вобыску праезджых.
— Прачытайце, васпан такога яшчэ не чытаў. — Жандар падаў гаспадару эканоміі лісціну паперы.
Аканом тупа ўставіўся ў радкі.
«Пастанова Рэвалюцыйнага трыбунала з абвяшчэннем маршалка А. Дамейкі па-за законам. 25 чэрвеня 1863 года…»
— Навошта мне гэта? — спалохана прамовіў Урбановіч.
— Чытайце, чытайце… Уголас чытайце…
— «Рэвалюцыйны трыбунал Віленскага павета, зважыўшы, што грамадзянін Аляксандар Дамейка, спаўняючы пасаду маршалка Віленскага ваяводства, выказваў стала на працягу апошніх чатырох гадоў рэакцыйныя памкненні… — мармытаў Урбановіч, — што… пад націскам Масквы, з-за нікчэмнай слабасці… нягледзячы на папярэджанне пра завочны прысуд, не даў тлумачэнняў і такім чынам адкрыта адмовіўся падпарадкоўвацца законнай уладзе…» Не, не магу… Літары расплываюцца…
— Тады давай я прачытаю. — Жандар забраў паперыну, стаў чытаць: — «Што, прыняўшы зноў пасаду маршалка, імкнецца цяпер скласці ад імя шляхты незаконны вернападданніцкі адрас цару і зрабіўся праз гэта поўным адступнікам народнай справы, на моцы артыкула другога крымінальнага права ад 2 чэрвеня 1863 года аб'яўляе грамадзяніна Аляксандра Дамейку здраднікам айчыны і таму вынятым з-пад аховы закона. Дано ў Вільні 25 чэрвеня 1863 года…»
— На што вы намякаеце, спадар афіцэр? — трывожна спытаўся аканом.
— Прыйшоў час вызначыцца, — ужо ў дзвярах сказаў жандар. — Я вас не падганяю, ёсць час падумаць.
Аканом падняўся з крэсла. «Варта неяк залагодзіць гэтага службістага… Але якім чынам?»
— Пане афіцэр, спадар Фогель, — на мяжы ліслівасці праказаў Урбановіч. — Вы анёл-захавальнік маёй радзіны. Вы ўжо зрабілі нам гэтулькі ласкі…
— Во, во. Паперку я вам пакіну. У напамінак. І дайце пачытаць вашай пані.
«Ці не вымагае ён хабару, — падумаў аканом, калі жандар пайшоў. — Але як яму даць? Адкрыта не возьме, афіцэр усё-ткі… Пра Аксаніна камісарства таксама ведае…. Ой, узяў на кручок, дык узяў. І не за губу, калі можна абарваць, а ў горла ўсадзіў…»
Становішча аканома рабілася двухсэнсоўным: з аднаго боку — ягоная жонка магла быць арыштавана ў любы момант; з другога — ён, Урбановіч, мусіў падпісаць вернападданніцкі адрас, каб гэткім своеасаблівым чынам загладзіць віну жонкі. На гэта і намякаў Фогель.
— Радасць мая… Што з табой будзе? — шаптаў аканом, думаючы пра Аксану.
Часам да аканомавай заходзіў Ясь Кавалец. Памяняць кніжкі, якія браў чытаць. Прыходзіў з Інсургентам. Цяпер воўк настолькі падужэў, што не ён ад сабак, а яны ад яго ўцякалі. Праўда, Ясь пакідаў свайго ўлюбёнца за брамай эканоміі — не дай Бог улезе куды. Але перасцярога не дапамагла. Аднойчы ўскочыў у парк і задушыў ажно двух хартоў. Быццам памятаў былыя крыўды.
Выклікалі Яся. Той прызнаўся, што Інсургент уцёк і ад яго. Відаць, баіцца кары. Кавальца папярэдзілі, што будуць пільнаваць сабак са стрэльбамі. Мондрык і напраўду хадзіў да апоўначы са стрэльбай, але хартоў не ўпільнаваў — воўк загрыз двух апошніх. Праўда, сучку са шчанятамі не крануў.
[7] Кедышнюю — ад (пол.) kiedyś — калісьці (дыялект.).