— Пытаешся… — адказаў Пракоп.
Ён перасмыкнуў дратву з аднаго кутка рота ў другі. Гэта выглядала на тое, што ён цягне час, разважае: ці варта гаварыць пані аканомавай праўду. Аксана зразумела, што нешта тут не тое.
— Далей што?
— Далей? А што далей? — скрывіўся Пракоп, быццам у яго была рана ад тых шабельных удараў. — Як убачылі, што імчаць на нас… на іх… цэлая гурма вышкаленых казакаў, — пікі тырчаць, шаблі блішчаць, — дык сталі заварочваць сваіх коней… Я ж кажу, без каманды. Зрэшты, каманда мо і была, ды хто яе слухаў. А дарога вузкая. Заднія напіралі на пярэдніх… Выйшла сумятня…
— А колькі ж вас было? Я маю на ўвазе конных.
— Колькі? Шабляў дзесяць… Нашых дзесяць, ды з дзесятак вершнікаў да нас прысталі па дарозе…
— Дзесяць? А куды падзеліся астатнія?
— Якія астатнія? Нашых конных і было з дзесятак.
— Як з дзесятак? — здзівілася і раззлавалася Аксана. — З мястэчка выехала конных сорак чалавек.
— Правільна, сорак. Але ўжо да Пінска з дзесяткаў два коней адсеялася…
— Што значыць — адсеялася? Яны што, паўцякалі?
— Паўцякалі. Самі коні паўцякалі… Можа, хто і не путаў. Сумысля, — пажаваўшы дратву, сказаў Пракоп. — Хто яго ведае… Прачынаюцца рана, ідуць шукаць каня, а каня няма.
— Ну, ваякі, — толькі і сказала Аксана.
— Па большасці коні не тыя, не кавалерысцкія. А яшчэ хворых колькі было…
— Хворых? Хворых каго: коней ці людзей?
— І коней, і людзей. І хвароба каго пабрала, і так…
— Што значыць «так»?
— Яшчэ да Пінска добры тузін людзей у новых ботах, што пані расстаралася, ногі абрэзалі.
— І што?
— А то, што босыя ішлі. Або вярталіся… Да Пінска з пяхоты добрая траціна адсеялася.
— Значыць, атрымалі новыя боты і паўцякалі?
— Не ведаю, пані Аксана. Не мучайце вы мяне…
Пракоп уздыхнуў, вынуў дратву з рота.
— Так я і кажу, што ў каго конь закаваны, у каго хвароба, жывот там, ці што. Вунь у Людовікавага Атраманта, жарэбчыка чорнага, нешта цырымбалка распухла… Давялося з кавалерыі пераходзіць у стралкі, у пяхоту, значыцца.
Пракоп змоўк.
— Гаварыце, што было далей.
— А нічога не было, — насупіўся Пракоп. — Паўцякалі, вось што я вам скажу.
Аксана зразумела, чаму Людовік не хацеў гаварыць. Вяртаючыся дахаты, перастрэла недалёка ад мястэчка знаёмага рыбака Рыгора, з местачкоўцаў. Высокі, відны мужчына вельмі рады быў, калі ўступіў у інсургенцкае войска і атрымаў новыя давыд-гарадоцкія боты з фарсістымі халявамі. Вось і ён уцёк, дома. Аксана спыніла брычку, стала распытваць.
— А што тут, пані, расказваць, — чамусьці весела, нават неяк задзірыста сказаў Рыгор. — Не пусцілі нас.
— Хто не пусціў? Куды не пусцілі?