— У нас і загад ёсць на арышт. Няхай васпан Урбановіч выходзіць. З паднятымі рукамі…
Маўчанне.
— Тады мы пачынаем страляць і паліць афіцыну. Падпалім з усіх бакоў! Маскоўскіх падбрэхічаў нам не трэба…
— Гэй, — пачуўся глухі, але дастаткова выразны крык з афіцыны. Гэта не вытрымаў маўчання Мондрык. — Галадранцы! На назе саф'ян рыпіць, а ў баршчы трасца кіпіць! Чужога нашармачка захацелася. Наце, атрымайце!
Раптам шыба аднаго з вокнаў гучна раскалолася, у праёме паказалася стрэльба і рэзкі гук стрэлу раскалоў паветра. Па надворку залётала кудзеля набою. У адказ на стрэл Мондрыка паўстанцы далі магутны залп. Білі па вокнах і дзвярах. Ад дрэва трэскі толькі адляталі.
— Апошні раз папярэджваю! — закрычаў паўстанец, які агучваў загад Буевіча. — Даю вам пяць хвілін і — пачынаем паліць.
Паўстанцы замітусіліся, хаваючыся ад магчымых стрэлаў з афіцыны, пабеглі да дваровых пабудоў і сталі круціць жмуты саломы.
Раптам дзверы афіцыны расчыніліся. На ганачак выйшла… пані Аксана.
— Чаго раскрычаліся? — гучна прамовіла яна.
Некаторы момант паўстанцы са здзіўленнем пазіралі на жанчыну, якая выйшла з абложанага дома і смела стаяла пад рулямі стрэльбаў. І ведала, што стрэльбы зараджаны не вішнёвымі костачкамі.
— Аб'яўляю, — гучна, урачыста прамовіла Аксана. — У імя любові да айчыны, добраахвотна і без прымусу ўскладваю на сябе абавязкі павятовага камісара.
Твары паўстанцаў выцягнуліся. Нехта прысвіснуў.
— Прашу тэрмінова паведаміць гэта вашаму вайсковаму начальніку.
Раздзел XV. Мары і ява
1. Допыт з «пристрастием»
Урбановіча больш ніхто не чапаў. Буевічава нага таксама болей не ступала ў эканомію. Зносіны паміж павятовым камісарам, пані Аксанай Урбановіч, і Артурам Буевічам, вайсковым начальнікам узброенага атрада, ажыццяўляліся пры дапамозе веставых.
Буевіч як вайсковы начальнік, камандзір прыняў рашэнне выбраць самых надзейных, добра ўзброеных і экіпаваных паўстанцаў і рушыць на злучэнне з баяздольнымі атрадамі, якія ўжо мелі сутычкі з непрыяцелем. Высланыя дазоры і выведка шукалі такія атрады.
Напярэдадні выступлення Артур Буевіч з'явіўся перад саляным склепам, дзе ўсё сядзеў арыштант — Ясь Кавалец. Камандзір быў як звыкла — у куртцы наапашкі. У руках трымаў звычайнае крэсла, якое пазычыў у прысутным месцы.
— Адмыкайце, будзем рабіць допыт, — сказаў ён вартавым. — І, як кажуць расейцы, — з «пристрастием».
Вартавыя перазірнуліся.
— Як ён там? — ціха спытаў Артур, калі вартавы круціў ключом у замку.
— Ды маўчыць. Кажух на ноч прыносілі, — не бярэ, не хоча. Пакутніка з сябе строіць…
Артур спусціўся па прыступках, трымаючы крэсла перад сабой. У прыцемку, пакуль вочы не прывыклі, бачыў невыразны цень у кутку, дзе на падлозе наслана салома і накідана рыззё. Інсургент, які ляжаў побач, пільна глядзеў на прыхадня, сачыў за кожным ягоным рухам. Ясь нават не падняў галавы.
«Добра, што хлопец нічога не ведае пра мае мітрэнгі з гэтым паршыўцам аканомам», — падумаў Артур і ўздыхнуў. Уздых атрымаўся нечакана цяжкі.
— Добры дзень, Яська-затворнік, — з жартам прывітаўся ён. Паставіў крэсла пасярод склепа, сеў і заклаў нагу за нагу. — Ну, зараз рабіцьмем допыт. Ты хоць бы ўстаў, га?
Ясь заварушыўся, падняў ускудлачаную галаву.
— Цябе кормяць? І твайго сябра? — добразычліва спытаўся Артур.
Воўк нібы адчуў настрой камандзіра, стукнуў два разы хвастом, але глядзеў усё роўна насцярожана, нібы баючыся падвоху.
Ясь падняўся, воўк — таксама. Ясь ацёпаўся ад саломы, устрыбушнуўся і шырока пазяхнуў і воўк. Пільна, з-пад брывоў, крыху скоса глядзеў на Артура.
— Што, маўчаць будзеш? Я ж спытаў, мо галодныя?