— Пастойце, але я не… згодны, — ціха прамармытаў Урбановіч.
Надзіва, ягоны голас ніхто не пачуў.
— Чацвёртае. Звяртаць пільную ўвагу, каб вёскі, у якіх сяляне надзелены зямлёй, не вярталіся да сістэмы захопніцкага ўрада. Пятае. Патрабаваць ад службовых асоб народнай арганізацыі, каб як найхутчэй стварылі з адказных грамадзян пошту ў розных кірунках павета. Шостае…
— Артур… Пан вайсковы начальнік, — гучней, каб ужо ўсе добра пачулі, праказаў аканом. — Дазвольце…
— Не дазваляю, — абарваў аканома захоплены ўрачыстым момантам абвяшчэння паўнамоцтваў новай улады Буевіч. — Ага, шостае. Службовыя асобы народнай арганізацыі ў павеце павінны быць энергічнымі і самаахвярна займацца абавязкамі, даручанымі ім уладай. Калі акружныя і парафіяльныя начальнікі пазбаўлены гэтых якасцяў, павятовы ўрадавы камісар абавязаны звярнуцца да цывільнага начальніка павета, каб на працягу трох дзён замяніць іх іншымі; адначасова ён павінен паведаміць пра гэта ўрадаваму камісару ваяводства для далейшых захадаў.
Артур на хвілінку змоўк, каб перавесці дыханне, сказаў як бы між іншым:
— Бачыце, спадар Урбановіч, колькі абавязкаў, колькі работы. Я сёе-тое паспеў зрабіць, ёсць прызначаныя людзі, потым усё раскажу.
— Мне ў галаву не ўкладваецца, што… — гучна, амаль абурана прамовіў аканом, але тут да яго нахілілася жонка, якая стаяла недалёка, і прашаптала:
— Гэтая інструкцыя ў нас застанецца. Мы яшчэ раз уважліва прачытаем… Я дапамагу…
Аканом глынуў сліну, але яна не глыталася — у роце язык быў як трэска.
— …Назіраць, каб у памешчыцкіх маёнтках меліся запасы прадуктаў, адзення, зброі і рыштунку, — гучэў узнёслы голас Артура, — паводле нормы, устаноўленай павятовым камітэтам, з тым, каб зручна забеспячваць атрад. Восьмае. Рупліва сачыць за спагнаннем нацыянальнага падатку, а таксама — ці ахвотна гэты падатак жыхары сплачваюць. Дзевятае. Назіраць за ўтварэннем, развіццём і дзеяннямі камітэтаў апекі з паўстанцкіх жанчын.
— Гэтым я займуся, — зноў шапнула жонка Ўрбановічу.
«Нешта не тое робіцца, — круцілася ў галаве аканома. — Яны не туды гнуць… Яны мяне… у яму хочуць завесці. У воўчую яму… Я не хачу быць ні павятовым, ні якім-небудзь іншым камісарам… Не, не буду я сядзець, маўчаць і пазіраць, як вол з-пад абуха…»
— Калі селянін, натхнёны патрыятызмам, зробіць са сваіх бедных даходаў дабравольную ахвяру на справу вайны з Масквой, павятовы камісар павінен паведаміць пра гэта камісару ваяводства з указаннем імя і прозвішча ахвяравальніка, а таксама месца яго жыхарства, — грымеў урачысты голас Артура Буевіча. — Павятоваму камісару належыць паставіць на пасады сялян…
— Мужыкоў? — не вытрымаў адзін са шляхцюкоў. — Мужыкоў на пасаду?! Гэта, выбачайце, нешта не тое…
— Не тое! — паўтарыў, амаль выкрыкнуў аканом. Яго раз'ядала, раздзімала крыўда, што з яго хочуць зрабіць павятовага камісара без ягонай жа згоды. Аканом адчуваў, што калі ён зараз не пачне крычаць, не пачне пратэставаць, ніколі сабе не даруе такога здзеку са сваёй асобы.
— Дайце я ўжо дачытаю, тут ужо мала засталося, — дзелавітым тонам сказаў Артур і скорагаворкай, як мітуслівы поп на хаўтурах, зачасціў: — Павятовы камісар мае права прызначыць памочнікаў, за якіх асабіста адказвае… Як павятовы камісар, так і ягоныя памочнікі абавязаны быць у пастаянным руху — не злазіць з брычкі… Сродкі на паездкі і асабістае ўтрыманне будзе атрымліваць ад ваяводскага камісара… Вось што, пане Ўрбановіч, важна… Пункт пятнаццаты: павятовы камісар павінен прысутнічаць пры фарміраванні атрада і назіраць: а — каб зброя была як мага лепшай, наколькі гэта дазваляюць мясцовыя ўмовы; бэ — каб кожны жаўнер меў пры сабе сама меней 50 зарадаў.
— А я не хачу быць павятовым камісарам! — гучна, каб усе чулі, прамовіў Урбановіч.
— Цэ — каб быў добра адзеты, — тарочыў сваё Буевіч, — дэ — начальнік атрада павінен добра інструктаваць адносна дысцыпліны; е — каб не было п'янства і дэмаралізацыі; эф — прымаць захады, каб пры атрадзе быў хірург, інструменты і медыкаменты… — Буевіч замармытаў: — Ну, гэта не важна… абозная паклажа, запасны рыштунак, сухі паёк… А во, сухога пайка павінна быць на 4–5 дзён.
— Я не буду камісарам, — ужо ледзь не крыкнуў Урбановіч.
Усім зрабілася ясна, што Артур Буевіч пачуў словы аканома, але не ведае, што рабіць, як рэагаваць. Ён нават зірнуў на збялелую ад словаў мужа Аксану.
— Ну, гэта так… Далей, во, пане Ўрбановіч, цікава: камісар павета павінен самым пільным чынам сачыць, каб ва ўсіх маёнтках, дзе праходзіць атрад, абвяшчаўся дэкрэт Нацыянальнага ўрада пра надзяленне зямлёй сялян.
«Яны — Буевіч і мая жонка — хочуць мяне звесці са свету, — падумаў аканом. — Яны — палюбоўнікі. Яны зробяць мяне камісарам, Фогель вернецца, арыштуе і, чаго добрага, павесіць. А яны — Буевічаў сынок і гэтая во… краля, стануць раскашаваць на маім дабры. Не-е-е…»
— Гэты дэкрэт павінен абвяшчацца і акт надзялення зямлёй складацца ў трох аднолькавых экземплярах, — гаварыў Буевіч, зацяты ў чытанне.
«Або стануць, як палюбоўніца таго Лангевіча, дачка расейскага генерала, жыць з ім у вайсковым табары…» — віхурыліся думкі ў галаве аканома.
— Адзін з актаў застаецца ў сялян, другі перадаецца начальніку павета, а трэці павінен быць…
— Прэч! Прэч адсюль! — раптам нема зароў заўжды выхаваны і стрыманы аканом Манкевіцкай узорнай гаспадаркі Ежы Ўрбановіч.
Ён ускочыў з месца і паказваў рукой Буевічу на дзверы.
— Ідзіце прэч! Я не хачу быць ніякім камісарам! Ні павятовым, ні валасным — ніякім! Дзеці! Вам гульні трэба! Вы ў кроў хочаце, у смерць пагуляць хочаце!
Урбановічыха пляснула рукамі і выбегла прэч з кабінета, Бароўскія — сын і бацька — знямелі ад здзіўлення.