Зноў наступіла гнятлівая цішыня.
— Нас падтрымае Эўропа, — раптам сказаў Артур. — Мы развіваемся ў эўрапейскім рэчышчы.
— Ну-ну, — адказаў Бароўскі. — Думаю, нас у хуткім часе чакае сустрэча з капітанам Фогелем, а не з Эўропай. Менавіта ён прывядзе сюды, у наш край, роты тры рэгулярнага расейскага войска. Пра гэта дбаць, а не пра Эўропу мроіць. Нам тут жыць, і жыць не з Эўропай, а з Расеяй, калі нават мы і пераможам. Трэба навучыцца дамаўляцца.
— Тры роты? — не зважаючы на апошнія словы, выгукнуў аканом. — Мы не зможам супрацьстаяць тром ротам! У нас усяго некалькі дзесяткаў надзейных людзей, якія не баяцца стрэлаў. Я маю на ўвазе нармальных, рэшта, гэта, выбачайце, нейкі зброд. Яны кожны вечар упіваюцца.
— Нічога, мы навядзём дысцыпліну, — сказаў Артур. — Праўда, пане Палюховіч?!
Стары Палюховіч хітнуў галавой. Ён крыху дзюбнуў — пачаставаўся ў чалядні.
— Заўважце, процістаяць добра абучаным, узброеным па апошнім слове вайсковай навукі жаўнерам, — дадаў Бароўскі. — Майце на ўвазе, экіпіроўку паўстанца і салдата расейскай арміі не параўнаць.
— Але затое на нашым баку веданне мясцовасці, раптоўнасць і… імпэт, — не здаваўся Артур. — Як у нас кажуць — мыш капы не баіцца.
— Ну, за імпэтам і ў расейцаў не стане. Яны ваякі адмысловыя. Як падцягнуць артылерыю ды дадуць залп карцеччу, вы… мы паразбягаемся хто куды, — сказаў Людовік, які нечакана, відаць, пасля гістарычнага экскурсу, стаў на бок бацькі.
Ці не дзеля сына гэтак стараўся Бароўскі?
— Дык чаго мы ўвогуле тут сабраліся? — нечакана ўскіпеў Артур. — Там, і там, і там, — паказваў рукой на захад, поўнач, усход, — паўстанцы змагаюцца з заклятым ворагам, а мы тут гістарычныя лекцыі слухаем. Маё рашэнне — выступаць неадкладна, шукаць ворага па ўсім краі і біць яго, біць, біць… Каб зямля пад ягонымі нагамі гарэла…
Урбановіч апусціў вочкі. Зрабіў гэта і стары Бароўскі. Толькі яшчэ і ўздыхнуў.
— А я ведаю, куды вы дугу гнулі. Сядзець ціха, каб ніхто не загінуў, — голасна выгаворваў Артур. Ноздры ягоныя раздзімаліся ад гневу. — Нас не чапаюць, і мы нікуды не рушым. Мо адразу адрас цару-імператару падпішам? У вернападданстве? І будзем поўзаць у нагах гэтай маскалёўскай набрыдзі, як той Інсургент поўзае ў нагах малога Кавальца? За тое, што прыгарнуў, у лес не выгнаў… А прыйдзе час, яшчэ і цалавацца будзем. «Милости просим…»
Прысутныя маўчалі. Толькі пані Аксана глядзела на Артура смела, вачэй не хавала.
— Што вы ўсё мяне палохаеце: маштабы Расеі, маштабы Расеі! — не мог супакоіцца Артур. — Думаеце, я сам не баюся? Не ведаю, супраць каго іду? Можа, і мне хочацца ўзяць тоўстую бабу, нарадзіць дзяцей і жыць сабе спакойна, вучыць гэтых дзяцей, адукацыю даваць.
Урбановіч нядобра пасміхнуўся. У ягонай галаве варылася свая каша. Ведаў, ведаў пра няшчаснае каханне Буевічавага сына да наймічкі Хрысці.
— Дык у тым то і бяда, што вучыць стануць не так, як хачу, а як захоча нейкі маскоўскі начальнік, які прыедзе сюды, — працягваў свой гнеўны маналог Артур, — і стане распараджацца намі, як сваімі халопамі. Або свае халопы знойдуцца і ў дагодлівасці стануць лізаць, прабачайце, адно месца…
Урбановіч у знак пратэсту супраць грубага слова падняў руку.
— Расея, Расея… Ведаю, на што іду. На сподачку ніхто нам вольнасцей ніякіх не дасць. Воля, гэта вам, выбачайце, не баба, — не звярнуў увагі на жэст гаспадара кабінета Артур. — Яе бяруць не беленькай, а часцей, перапрашаю, крывавай рукой.
5. Камісар на пяць хвілін
— Давайце не разважаць на гістарычныя тэмы, але рабіць канкрэтную справу, — сказаў Артур пасля некаторага роздыху, калі ўсе памаўчалі і абдумалі ягоную пагрозлівую філіпіку.
— Увогуле, мне здаецца, мы не з таго пачалі, — праказала Аксана. — Мы пратаўкліся, выбачайце, на вуліцы з добрую гадзіну, дзе шляхта ледзь не хапалася за чубы. Вось што: спачатку мы павінны выбраць павятовага камісара.
— Спадзяюся, што пярэчанняў не будзе, калі мы зацвердзім на гэтую пасаду, — Буевіч зірнуў на аканома, — нашага паважанага гаспадара, васпана Ўрбановіча.
Урбановіч адчуў, як кроў ударыла яму ў галаву. Ён не верыў сваім вушам.
— Таксама лічу найлепшай кандыдатурай свайго мужа, — данёсся, як з лёху, голас Аксаны.
Аканом зірнуў на жонку. У яе вачах прачытаў давер, замілаванне.
— Я — павятовы камісар? — разгублена прамармытаў Урбановіч.
Ён падняўся з крэсла, але адчуў, што калені ягоныя затрэсліся. Таму бухнуўся назад у крэсла і стаў церці твар рукой, каб не было відаць, што ён бялее на вачах.
«Вось яно, вось… Рашучая хвіліна. Або — або!» — праносілася ў галаве.
— Пярэчанняў няма, — праказаў Артур. — Павінен зачытаць нешта накшталт інструкцыі павятовым камісарам. — Артур разгарнуў паперыну: — Такім чынам, хто стане павятовым камісарам, першае, павінен ведаць спосаб думак усіх жыхароў у павеце. Другое, пра шкадлівых народнай справе паведамляць ваяводскім камісарам. Трэцяе, сачыць за дакладным выкананнем законаў і дэкрэтаў, выдадзеных Нацыянальным урадам і Выканаўчым аддзелам.