— Марэля? Вінагроны… Кажы па-нашаму… — буркнуў Артур.
— А як па-нашаму?
— А хоць бы абрыкосы, вінаград…
— Дык то ж па-расейску.
— Ну і па-нашаму так. Лепш па-расейску, чым па-польску…
— Чаму, Арця? Хіба па-польску не радней…
— Не кажы так. Я табе ніякі не Арця… — незадаволена перабіў Аксану Артур.
— Ты капрызны, як Цэцыліна Маня. Хто ж ты?
— Я табе — грамадзянін. А што да палякаў, то яны мне ў Пецярбургу гізунты дасталі…
— Я ведаю чаго. Ты ўсіх ловіш на словах. Табе мова хлопаў…
— Перастань! — абарваў Аксану Артур. — Любоў да радзімы пачынаецца з любові да бацькоў, да зямлі і да роднага слова…
Пан аканом змог здаля вызірнуць. Негустая, але цыбукаватая крапіва хавала яго… Ды і добра сцямнела. Ён заўважыў, што Аксана стаіць на лігары і круціць гузік на Артуравым сурдуце.
«Займаюцца любошчамі ўпотай, ды яшчэ пра радзіму думаюць… Я пакажу вам любоў да радзімы і да мовы хлопаў. Гэта толькі шырма! — мільганула ў галаве аканома. — Вось бы стрэльнуць зараз… Проста ў гэтую прыгожанькую галоўку. Або гэтаму хлапаману ў плечы ўваліць куляй…»
— Грамадзянка Аксана, — пачуўся голас Буевіча. Ён адхіліў Аксаніну руку ад сурдута. — Давядзецца табе самой ці з надзейнымі людзьмі хаваць тое, што я табе перадам. Не ведаю, дзе схаваеш… Тут, у склепе, побач, ці дзе ў лесе… Словам, у надзейным месцы… І яшчэ… Калі пан Ежы не схільны да інсурэкцыі, яго не варта ўводзіць у нашыя справы… Пакуль…
— Так, пакуль не. Я паважаю мужа, нават… крышачку люблю яго, — пачуўся голас Аксаны. — Але, але, грамадзянін Артур, да паўстання, мне здаецца, ён ніколі не далучыцца…
— Не далучыцца? Нават калі мы пераможам?
— Лепш за ўсё будзе, калі мы станем паводзіць сябе так, каб ён як мага даўжэй нічога не ведаў… Іначай ён стане перашкаджаць рыхтаваць паўстанне…
Артур гучна чмыхнуў.
Аксана прадоўжыла:
— Разумееш, я настолькі ўдзячна пану Ежы, што не хачу… Не хачу рызыкаваць ягоным дабрабытам… Ён мой дабрадзей. Я магу рызыкаваць хіба толькі ўласнай, выбачай, скурай. Артуру! Я жыццё сваё аддам дзеля Бацькаўшчыны, але чужымі ні гонарам, ні дабрабытам нам не вольна распараджацца… Зрэшты, я ягоная жонка, а ён мне муж. Веру, я здольна пакахаць яго яшчэ больш, як кахаю цяпер…
— Дык ты яго ўсё-ткі кахаеш? — прагучала пытанне.
У голасе Артура аканому пачулася расчараванне.
— Скажам, моцна захапляюся… Ён разумны. І раз так выйшла ў жыцці…
Пан Урбановіч нагнуўся, сціснуўшы пальцамі нос. Ён не верыў уласным вушам. Аксана — не здрадніца?!
— Я дала клятву перад Госпадам Богам, што буду яму вернай жонкай… — гучаў Аксанін голас. — І я застаюся пры гэтай сцяжыне, сцяжыне шлюбных абавязкаў, буду вернай уласнаму слову і клятве перад Богам. Але, павер, сэрца маё таксама цалкам аддана Айчыне, нашаму краю, нашаму люду.
Востры, пякучы боль замілавання да маладой і вернай жонкі працяў аканома наскрозь.
— І паколькі сэрца належыць Бацькаўшчыне, — казала Аксана, — як патрыётка, я аддам жыццё на карысць нашаму забранаму і зрабаванаму краю, калі гэта будзе патрэбна… Але… дзеля Бога, не ўмешвайце сюды майго мужа…
Курчы звялі вочы пана Ўрбановіча. Яму хацелася плакаць, крычаць ад шчасця, ад нечаканай палёгкі, як бывае, калі нечуваны цяжар раптам сам па сабе спадае. Стрымліваўся. А яшчэ хацелася даслухаць шчырасці маладых людзей да канца.
— Ты скажы, што ў цябе з Хрысцяй, Артур?
— Кожны насельнік краю павінен нешта ўскласці на алтар нашай волі… — прабубніў панылы голас, відаць, расчараваны прызнаннямі Аксаны. — Калі кожны стане адводзіць ад агульнай справы сваіх мужа ці жонку, што ў нас атрымаецца?