— Дзеля Польшчы знойдуцца гарачыя сэрцы і цяпер! — падтрымала гаспадара пані Валеўская.
Голас яе прагучаў дысанансам. Нават Цэцыліны дочкі не падтрымалі варшавянку біццём у ладкі.
— Але тое было даўно, пане Ўрбановіч, — сказаў жандарскі афіцэр. — Усеміласцівейшы імператар Аляксандар, маю на ўвазе Аляксандра I, дараваў палякам усе іх заблуды, выкліканыя ілюзіямі, інспіраванымі карсіканскім д'яблам… Цар… загадаў усё забыць.
— Так, тое было даўно… Цар загадаў забыць. Але ці льга забываць уласных… продкаў?! — Голас пана Ўрбановіча памацнеў. — Казімір пайшоў ваяваць за волю радзімы, і з тых часоў сляды яго губляюцца назаўсёды… — Урбановіч уздыхнуў на поўныя грудзі, узнёсся да высокай патэтыкі. — Дык вось, панове, хачу каб ведалі, што той Казімір — мой бацька!
Наступіла хвіліна, як напісаў бы які пісацель, дамавіннай цішыні. Зрэшты, гэтая навіна не была навіной. Навіна была ў тым, што пан Урбановіч заяўляў пра свайго бацьку прылюдна, ды яшчэ пры прадстаўніках улады.
— І, пане афіцэру, трэба быць апошнім хамам, — сказаў, як бы падсумоўваючы, пан Ежы, — каб усё гэта, па словах шаноўнага Аляксандра Паўлавіча, забыць. Пэўна, выветрылася з галавы ў самога ўсяміласцівейшага самадзержца, як ягоныя афіцэры шалікам… уласнага бацьку…
Тут ужо была такая цішыня, якой і ў труне не бывае, каб хто, вядома, яе падслухаў. Усе чакалі, што жандарскі афіцэр, ці спраўнік, ці хоць бы дзеля прыліку прыстаў абурацца, ці проста запратэстуюць, ці апусцяць галовы і стануць маўчаць. Але выйшла па-іншаму.
— З вашага дазволу, васпане, — сказаў жандар, — не шалікам, але падушкамі. Падушкамі, панове… Тут ужо нікуды не падзенешся… Як кажуць, з песні слова не выкінеш.
— Азіятчына! — усклікнула пані Валеўская. — Ці могуць нашчадкі падобных тыранаў, дэспатаў кіраваць народамі…
— Ну, можа, не так рэзка, — зморшчыўся пан Бароўскі, які да гэтага не вымавіў ні слова.
— Пане… пане, — звярнулася да перасцярожніка Валеўская.
— Бароўскі, — падказала Цэцыля.
— Пане Бароўскі, дык вы не лічыце, што народамі мусіць нехта кіраваць? Што яны не ў стане самі быць вольнымі… Як бельгійцы, як італійцы?.. Не маю на ўвазе большых эўрапейскіх народаў…
— Могуць, але… Але ўсяму свой час, — адказаў Бароўскі.
— І гэты час прыйшоў, — раптам гучна аб'явіў Артур, які таксама пераважна маўчаў дагэтуль.
«Зараз пачнецца…» — падумалася пану Ўрбановічу, бо Артуравы словы выклікалі замінку за сталом.
Жандарскі афіцэр пастукаў відэльцам па талерцы, падняўся з келіхам у руцэ.
3. Нашэсце вожыкаў
Напраўду пачалося. Але зусім не тое, пра што думаў пан аканом. Раптам сярод напружанай цішыні нема віскнулі Цэцыліны дзяўчаты, пахапалі сукенкі ў рукі, ускочылі на крэслы.
— Божа! Што здарылася? — ускрыкнула пані Цэцыля. — Што за нявыхаванасць…
— Яны! Зноў!
Вочы ў іх гарэлі, блішчэлі. Падцягвалі сукенкі ледзь не вышэй калень.
— Яны, яны! — крычалі дзяўчаты і паказвалі пальцам на дарожку.
— Хто яны? — буркнуў прыстаў і стаў намацваць недзе збоку рэвальвер.
Глянулі на дарожку. Па ёй спрытна бег вожык. Невялікі, а за ім — невялічкія важаняты. Адзін, другі, трэці, чацвёрты, пяты…
— Восем штук! — у захапленні выкрыкнула меншая з Цэцыліных дачок. — А вунь яшчэ сямейка.
З другога кутка парку паказаўся яшчэ адзін вожыкавы цуг. Бегалі па пяску, па падстрыжанай траве, спрытна лавілі абпаленых у агні ліхтароў кузурак, хрумсталі аслепленымі жукамі.
— А вунь яшчэ, яшчэ…
Трэці вывадак пашыбаваў, чацвёрты, пяты… Увесь парк быў у вожыках. Малых, вялікіх, сярэдніх.
— Мондрык! — строга крыкнуў пан Урбановіч. — Колькі разоў табе было загадана ачысціць парк ад гэтых стварэнняў?