Па прыглушаным голасе таго, хто гаварыў, цяжка было пазнаць, хто ж гэта быў.
— Страшна? Эх ты, баяка. А яшчэ ваяваць збіраешся. Маскалі як стрэльнуць, вы і пабяжыце…
— Вельмі ты смелая.
— Гэта вужы, не гадзюкі, — патлумачыла Аксана. — Я дзеўчынай у рукі вужак брала, не баялася. Іх тут шмат. Кажу, ніхто не ходзіць, яны і развяліся. Увечары на паляванне выпаўзаюць. Бачыш, вунь яшчэ адзін, з-пад падлогі папоўз. Ды не бойся ты, стой. Інсургент, называецца. А там, глянь, каля грубкі кахлянай, яшчэ адзін… Маленькі…
— Гэта кіёчак проста…
— Чаго ж ён скручваецца?
Аксанін голас таксама прыглушаны, але яго Ўрбановіч пазнаваў без цяжкасці.
— Божухна, вунь з бэлькі хвост звісае… Такога зроду не бачыў… — прагугнявіў мужчына. — Пайшлі адсюль…
«Дык чый гэта такі знаёмы голас? — тахкала кроў у скронях Урбановіча. — Дзе чуў яго?»
— Мы з Ганнай прыдумалі, што тут блукаюць прывіды… — сказала Аксана. — Яны сапраўды тут блукаюць… Прывід старога графа… Каб сюды ніхто не хадзіў. Хочаш грушу? Гэта сапяжанка… Па дарозе ўзяла некалькі… Яны яшчэ цвёрдыя.
Пачуліся лускат, чвяканне…
«Цалуюцца… Ці ўсё ж ядуць грушу?» Прыслухаўся. Супакоіўся — каханкі грызлі грушу. Як дзеці, зусім дзеці. Застрэліць шкада. Зрабіць як раней — аддаць у манастыр… Прынамсі — яе. Яго — у маскалі!»
Пан аканом, асцярожна ступаючы, абагнуў дом, пераступіў праз правалены ганак у адзін з прадпакояў, выйшаў да таго пакоя, у якім млелі адно каля аднаго каханкі. Ён ужо не баяўся, што яго заўважаць. Таіцца не было сэнсу. Пан аканом ішоў насустрач свайму лёсу.
— Паглядзі, што я прывёз… — пачуўся голас.
Зашамацела папера.
— Му-жыцкая праўда… Дзецюкі… — пачуўся голас Аксаны, якая, пэўна, чытала з паперы. — Што гэта? Супраць цара… Не відаць, цёмна ўжо…
— Уга, супраць цара. Мужыкоў падымаць, арганізаваць адукаваных хлопцаў… Ну, накшталт Людовіка Бароўскага. Каб чыталі газету простаму люду. Табе ўвогуле мужа ўгаварыць, падбіць…
Урбановіч пачуў слова «муж» і наструніўся. Голас незнаёмца гучаў гучней, выразней, а Ўрбановіч усё яшчэ не мог пазнаць, здагадацца, хто ж каханак ягонай жонкі.
— Не, дарагі. Пан Ежы чалавек старых правілаў. Ён строгі… — сказала Аксана.
У пана аканома сціснулася сэрца. Называе чужога чалавека «дарагі», а ён, муж, для яе — «чалавек старых правілаў»…
— Ведаеш, шмат на што спадзявацца не прыходзіцца. Простыя людзі цёмныя. Тут работы непачаты край… Інсурэкцыя ім пусты гук. Проста бунт — вось гэта можна…
Голас таго, хто гаварыў, быў настолькі знаёмы, што Ўрбановіч губляўся ў здагадках.
— Звернемся да ягонага сэрца… У любым сэрцы ёсць куточак, у якім жывуць самыя шчырыя, патаемныя пачуцці… — казаў мужчына. — Ды што я табе расказваю, я месяц прабыў настаўнікам…
4. Тайна раскрыта!
«Дык гэта ж настаўнік! Арыстокаль, як на яго дворня кажа! — урэшце здагадаўся аканом. — Ах ты, смаркач! Заўтра ж выгнаць подлую душу… А прыкінуўся, што ў Вільню паехаў…»
Рука сутаргава сціснула рукаяць пісталета.
— Артур, пан Ежы заняты чалавек… Ён добры… Але катэгарычна супраць палітыкавання. Я шмат магу расказаць пра яго…
«Авохці! Ён ніякі не Арыстокаль! — ашаламіла аканома навіна. — Гэта ж… Буевічаў старэйшы… Артур! Вось яно што. Настаўнік і Артур Буевіч — адна асоба. І яны, Артур і Аксана, знюхаліся… Не, гэтага і страляць не выпадае. З Буевічамі сілай лепш не мерацца. З імі, шалёнымі, лепей не звязвацца…»
Аканом напружыў слых. Цяпер Аксана стане гаварыць пра яго. Гэтага проста нельга не паслухаць…
— Ён добры… Але… Што яму міласць да радзімы… Ён адданы зямлі ў яе… грубым сэнсе. Хоча вырошчваць тут, падумаць толькі, персікі, марэлю, вінагроны…