— Не, яснавяльможны пан не сядзе ў мае калёсы… Хто я такі?
— А чаго?
— А хто я такі? Якія ў мяне тыя калёсы?
Выйшлі ўсё ж паглядзець падводу. Падвода была як падвода, драўляная, у калёсах не хапала спіц. Але конь! Сапраўды, конь быў нічога не варты: нярослы, пузаты і з такой вялікай галавой, што пану настаўніку адразу ўспомніліся нільскія гіпапатамы, якіх ён бачыў на нейкай літаграфіі.
— Няўжо нельга знайсці добрага каня? — звярнуўся да жыдкоў малады пан, торгаючы валосікі пад носам.
Мужычок нешта прамыркаў, а жыд, гаспадар карчмы, ператлумачыў:
— Ён, паночку, кажа, што гэта напраўду не конь, бо гэта кабыла.
Малады пан прыгледзеўся да жывёліны з адвіслымі губамі-грыбалямі. Ногі ў кабылы крывіліся, у зблытанай грыве сядзелі калюкі — галоўкі дзядоўніку (відаць, яшчэ леташнія), на худзезнай шыі вісеў абрывак вяровачнага пута. Збруя таксама з вяровак. Рэбры ў кабылы выпіралі, як абручы ў рассохлай бочцы. Што ж, выбару няма, пан згадзіўся. Тады абрадаваны селянін пайшоў перад дарогай закусіць, бо пан даў яму задатак — рубель.
Настаўнік уласнаручна ўвязаў у вазок свой дарожны сак і два невялікія кофры і ўсё хадзіў глядзець, ці не пад'еў ягоны найміт. Уга! Лепш бы таго рубля таму палешуку не даваў. Пакуль грошы не апынуліся ў карчмара, селянін не ўстаў з-за карчомнай лаўкі. Пад ёю паляшук і спаў, і не мог прачнуцца наступнай раніцай, як яго ні трэслі.
Паляшук агораўся, як ужо добра паднялося сонца, доўга піў ваду з драўлянага смярдзючага вядра, з якога напаіў і кабылу. Памацаў увязаныя рэчы, адкалупнуў лапцем накарэлую гразь з вобада, дастаў з барады саломіну і сеў у вазок. Палез у вазок і настаўнік. Стаялі, не ехалі.
Карчмар падышоў і сказаў у вуха настаўніку, што грошай больш у селяніна няма, а належна зрабіць «кручок на ход нагі». Настаўнік загадаў наліць.
Паляшук пасля чаркі павесялеў, кабылка сама патрухала па дарозе. Праехалі некалькі вёсак. Усё часцей сталі сустракацца алешыны, і ўсё часцей бліскала вада ў прыдарожным рове. Ехалі моўчкі — новаспечаны фурман нешта мармытаў сваёй пузатай кабылцы ды пасцёбваў яе вяровачнай пужкаю на бярозавым дубцы. Ніводнага калодзежа ў вёсках не мінаў: піў сам, паіў і кабылку. Настаўнік заўважыў, што кабылка піла, як і гаспадар, — нямерана. Вада з яе горла нават вылівалася назад, а яна ўсё цмокала і цмокала.
— Ну, скажы, як цябе хоць зваць? — спытаўся настаўнік, як зноў паехалі.
Селянін памаўчаў, потым сказаў наступнае:
— Тымух… Купрыяна…
— Як, як?
— Йвана… Румана… Тымух!
— Дык як жа? — паціснуў плячамі настаўнік.
Але селянін не сказаў больш ні слова. Відаць, ад учарашняга яму было кепска. Настаўніку хацелася пагаварыць, але як ён ні спрабаваў распачаць гаману, возчык адмоўчваўся або адказваў бязладна. З адказаў пан зразумеў, што селянін — казённы, зямлі мала, ды і тая нішчымная, — працуй ці не працуй, не разбагацееш.
«Вось цёмны, дык цёмны…» — падумаў настаўнік і аддаўся току ўласных думак. Ён усяляк намагаўся ўявіць маёнтак, куды ехаў, гаспадароў, якія выпісалі яго, тых дзяцей, якіх яму належала вучыць. Уяўленне малявала высокія белыя калоны старасвецкага будынка, выкшталцоных паненак-дзяўчатак. І сярод іх адна, чый пагляд праб'е яму сэрца навылёт. Яны пакахаюць адно аднаго, а там, глядзіш, дзяўчына падрасце і…
Далей мара ператваралася ў дрымоту, бо мяккія пясчаныя каляіны не перапынялі сон здаровага маладога чалавека.
3. Гладкая дарога
Прачнуўся настаўнік, калі абапал дарогі замест высокага лесу беспарадкавымі нізкімі купамі цягнуліся лазовыя хмызнякі. Кабылка бегла спраўна, прычым заднія ногі беглі ўбок, рыхтык хацелі забегчы за пярэднія. Часам дарога запаўзала ў балотца і пад коламі чвякала.
Вось дарога ўпаўзла ў невысокі альховы лес і каляіны яе нечакана зніклі пад вадой. Наперадзе быў прасцяг — ракі не ракі, возера не возера — вада сажняў на трыста наперад. Аб'езду ні справа, ні злева не відаць.
Кабылка пацягнулася мордай да вады, а фурман саскочыў і таксама кінуўся наперад. Настаўнік падумаў, што Цімох (так азначыў называць свайго возчыка) пап'е сам ці, у крайнім выпадку, напоіць сваё цягло, якое піло, быццам пасля ўчарашняга, але паляшук пялёхнуў рукой у вадзе, сеў у вазок і торгнуў лейцы. Кабылка скасавурыла вока на свайго гаспадара. Цімох сцёбнуў яе пугай.
Маладога настаўніка забрала жуда. Няўжо яны… паедуць у гэтую ваду? Паплывуць, ці што? Недалёка з густога рагозу знялася чарада дзікіх качак.
— Но-о, сабачыя вантробы! — гукнуў фурман і свіснуў пугай.
— Куды ты едзеш! — ашаломлена ўсклікнуў настаўнік.
— Дык, пане, гэта… — буркнуў паляшук. — А то — не!
— Гэта ж вада! Утапіць мяне хочаш? Шукай дарогі.