— Так кажаш, гэта прошча?
Цімох матлянуў галавой:
— Прошча, паночку, прошча. І сюды ніхто не даходзіць.
— Мы ж даехалі!
Цімох абярнуўся:
— Мы, паночку, тут як і не былі… І ніц не бачылі… — У голасе возчыка прагучала тая самая інтанацыя, калі ён абяцаўся «па вухах пугай».
Пад вечар прыехалі да людзей. Іх сустрэлі якраз тыя вугляры, якія працавалі на аканома з Манкевічаў. Чорныя, як чэрці, яны пасміхаліся весела, прыязна, па-людску. Тут, на гэтай вугальнай гуце, і заначавалі.
Ноччу настаўнік ляжаў, а руку трымаў на пісталеце. Глядзеў, як гутары сядзелі вакол вогнішча, на якім каліхаваў здаравенны кацёл, з якога тырчалі тоўстыя косткі невядомай жывёлы. Раніцай, яшчэ не развідняла, Цімох разбудзіў пана і акурат з усходам сонца выехалі да нейкага сяла. Адчувалася прысутнасць вялікай вады. «Пэўна, Прыпяць», — падумаў настаўнік. І напраўду, паехалі ўброд. На здзіўленне, рака ў гэтым месцы была такой плыткай, што толькі ў адным месцы настаўнік ад страху ўхапіўся за біліны. Потым праехалі некалькі вёсак і ўрэшце спыніліся перад чыгуннай літой брамай, якая азначала ўезд у Манкевіцкую эканомію.
— Колькі заплаціць табе, Цімафей? — заклапочана спытаўся настаўнік.
— А ніц, паночку. Вы ўжо заплацілі, — зняў кучомку Цімох. — Хіба, васпане, дайце паправіцца з біклажкі…
Настаўнік адлічыў некалькі рублёў і пачаставаў возчыка кропляй рому — усё выжлукцілі рабаўнікі-пярэваратні. На развітанне пацікавіўся:
— А колькі табе, Цімох, гадоў?
— Васемнаццаць, паночку.
— Васемнаццаць? — ледзь не крыкнуў ад здзіўлення настаўнік.
— Так, паночку, васемнаццаць гадоў, як з Манкевіцкага бровара выгналі. От і цёпаюся без работы…
Раздзел II. На поўдні
1. А цяпер усё правільна
Нецярплівы чытач атрымаў сякія-такія тлумачэнні, гэтак сказаць, прайшоў уводзіны пра падзеі цалкам магчымыя і цалкам, згаджуся, неверагодныя, таму можна вярнуцца і да Друскенікаў. Цяпер зразумела, што ніякі не пан, а воўк, сапраўдны дзікі лясны звер, — каля клеткі так смярдзіць, што хоць не падыходзь, сядзеў у той клетцы, і не чалавек ваўка, але воўк чалавека пакусаў. І не аднаго — дваіх паспеў цапнуць.
Высветліць прычыны здарэння браліся па-рознаму. Адныя казалі, што той пан гаварыў пры ваўку на мове хамаў, ці, калі хочаце, па-ліцвінску, словам, на гаворцы насельнікаў краю, які распасціраецца ад Прыпяцкіх балот да Дзвіны ды Віліі. Пан загаварыў па-ліцвінску, ці русінску, або, як яшчэ казалі — па-беларуску, а воўк нават прыязна прыняў чалавечую гаворку, завіляў хвастом. Тады пан і насмеліўся пагладзіць ваўка. А звер — хоп! — яго зубамі. Удружыў, называецца.
Другія казалі, што і гэта магла быць чыстая праўда, бо былі сведкі, што і воўк адкрываў пашчу, зяхаў і з ягонага горла выходзілі зыкі амаль чалавечага кшталту. Зрэшты, праверыць такое дапушчэнне няма магчымасці. Звер ёсць звер, з ім трэба мець асцярожнасць, хоць ён і за кратамі. Важней, як сябе паводзілі пакусаныя людзі, паны. Адзін, як ужо гаварылася, страціў ад выгляду крыві прытомнасць. Гэта маладзейшы, а старэйшы — нічога, цярпеў. Увогуле старэйшы салідны быў пан. Прадстаўнічы такі, хоць і не надта высокага росту. Нават і па знешнасці можна было чакаць, што будзе цярплівы і геройскі.
З'явіўся гэты пан на курорце пад ручку з харошанькай дзяўчынай. Злыя языкі казалі, што то ягоная палюбоўніца. Бо ніяк не выглядала на жонку. Нехта заўважыў, што пастрэльвала вочкамі ў бок афіцэраў, што часам з'яўляліся на праменадах. Зрэшты, тыя і самі шукалі моманту, каб зрабіць харашусе знак увагі. Вядома — курорт.
Разам з панам і ягонай маладой пані быў вышэйпамянёны малады вяртлявы пан у крацястых панталонах, а з ім — немаладая асоба нявызначаных гадоў, з далікатнымі рысамі твару і бародаўкай пад вокам. Людзі гэтыя трымаліся самі па сабе, шпацыравалі, пілі ваду, праходзілі лячэбныя працэдуры і ні з кім не заводзілі знаёмстваў.
Толькі ад гасцінічнай прыслугі за рубель падлагоды курортныя заўсёднікі даведаліся, што людзі гэтыя, і паны, і немаладая жанчына, маюць прозвішча Ўрбановіч, што прыехалі з поўдня краю, што немалады пан — аканом буйнога землеўладання, якое колісь належала адной ці то графскай, ці то баронскай фаміліі, а цяпер — дзяржаўнай казне.
Ад той жа прыслугі даведаліся, што маладая дзяўчына — законная жонка пажылога пана. Асоба з бародаўкай была ці то сястрой, ці то цёткай пана аканома, а малады пан — пазашлюбны сын падстаркаватай цёткі, бо жывуць яны ў адным нумары.
Яшчэ заўважылі, што маладую пані ніколі не пакідаюць адну. Каля яе тырчэла то цётка з бародаўкай, то круціўся вяртлявы паніч у крацястых панталонах. Сам пан Урбановіч, калі рабіў з маладой жонкай праходку, не выпускаў яе рукі са сваёй, рыхтык пані хворая і магла паваліцца ўпокат, як толькі сужэнец адпусціць яе. Аднак маладуха не выглядала хворай. Хіба крыху засмучонай.
Адна з паняў, найцікаўнейшая з заўсёдніц Друскенікаў, упільнавала маладую Ўрбановічыху каля вады. Падышла і праказала той некалькі словаў па-французску. Як гаворыцца, пра «прыроду, пагоду і французску моду». На дзіва, дзяўчына адказала па-ангельску. Ангельшчыны пані-выведніца добра не ведала і больш звыкла, па-польску, паспрабавала разгаварыць маладую пані. Уразілася не адказамі, не… Пальшчызна маладой жанчыны гучала настолькі па-кніжнаму, што належала яшчэ здагадвацца, пра што яна гаворыць. Тады пані перайшла на расейшчыну. Здавалася, гэта быў бяспройгрышны варыянт. Хто не ведае такой тутэйшай ламаніны: слова расейскае, слова польскае?! Але маладая асоба зрабіла выгляд, што не разумее пані. Такім чынам, узаемаразумення паміж панямі не адбылося. І адкуль, з якога балота, пан Урбановіч яе такую выкапаў?
Апранута дзяўчына ладна, па модзе. Праўда, такіх падбітых уверх адзаду крыналінаў даўно не насілі. Вядома, пакуль мода дойдзе з Варшавы ці з Вільні, прыпаўзе да краёвых маёнткаў… Што ні кажы, абшары, Літва, глушэча. Гэта не за колішнім часам, калі ў магнацкія палацы адмысловыя ганцы прывозілі проста з Парыжа не толькі найпярвейшыя звесткі пра шырыню падвязак ці даўжыню пальчатак, але і арыгінальныя выкрайкі… Але то быў свой час, свая эпоха…
Таямнічае панства толькі першыя дні прыцягнула да сябе ўвагу і было цікавым некалькі дзён, а далей верх узяла, шчыра скажам, абыякавасць да новых курортнікаў. Потым, праз тыдзень, прыслуга ўжо і без капейкі грошай данесла, што пан сварыцца з маладой жонкай, а жонка плача і патрабуе ехаць дахаты. Яна шляхцянка з бедных, ці не дачка аднадворца. Пан аканом узяў дзяўчыну з літасці і гэтым часта дакарае. Зрабілася таксама вядома з іхніх спрэчак, якія яны вядуць на сялянскай мове, на якой гавораць на берагах Нёмана, Свіслачы, Мухлі et cetera, што ў маладой пані быў раман, пазашлюбныя адносіны. Дзіўным было не гэта, уласна раман, але тое, што сварыліся па-халопску, на хамскай мове, бо дваранства выясняла адносіны звычайна па-польску. Карацей, цікавасць да нецікавых знікла сама па сабе.
І вось дзікае здарэнне. Малады пан застаўся з пагрызенай кісцю — косці цэлыя, мяса пакусана і скура здзёрта, а вось пажылому пану, які ратаваў маладога, не пашэнціла — мезены палец адгрызены цалкам — матляўся на скурцы, безыменец пераламаны, бясформенны, і сярэдні палец пабываў у зубах, але ў суставе быў рухомы. Дасталося і перадплеччу. Воўк літаральна прапусціў яго праз зубы… Рука як у малатарні пабывала. Кроў цуркамі цякла… Нават на другі дзень пасля здарэння адна далікатная паненка так і гэпнулася каля воўчай клеткі, самлела — кроў праступіла скрозь тырсу і пясок, якімі закідалі зямлю. Гэтулькі яе нахлюпала з пашаткаванай рукі…
Такім чынам, нам амаль усё вядома: курорт, звярынец, два паўднёвыя (у межах краю) паны з паненкай і цёткай з бародаўкай пад вокам; малады суне руку ў клетку, стары яго ратуе, воўк чык зубамі — і гатова. Што далей? Далей будзе, не турбуйся, чытач. Спачатку паглядзім на гэтыя ж падзеі вачамі яго ўдзельнікаў.