2. Маладое-неразумнае
У тую нешчаслівую раніцу манкевіцкі аканом, з тых самых славутых Манкевічаў з поўдня Менскай губерні, якая за Прыпяццю, каля ракі Гарыні, як і было заведзена штораніцы, папіў кавы, з'еў канапку і накіраваўся на неадменны ранішні шпацыр. Маладая жонка яшчэ спала. Учора звечара, як звычайна, добра насварыліся, пані скрычалася, таму сёння і спала. Накрычаўся і пан, вядома, не крыкам, а шэптам, душачыся, тоячыся ад гатэльных суседзяў, і цяпер яму карцела ціха пагаварыць з кім. Згрызоты з маладой жонкай надакучылі яму. Са сваіх з кім пагаворыш? З прышаломкаватым Станіславам — маладым панам, на якога людзі там, на далёкім Палессі, казалі, як на дзецюка, — Стасік? Аканом зразумеў, калі прыехаў сюды, што ўвесці маладую жонку ў кампанію курортных кабет, адшукаць ёй каляжанак, хоць бы адну, якая была рыхтык сястра, не ўдасца, — жонка сама не хацела гэтага.
Той раніцай выйшаў на шпацыр і Стасік. У гэтага ў галаве адно — пакруціцца, пацерціся каля маладых паненак. Якраз тады, калі цётка Цэцыля, тая самая, з бародаўкай, спіць. А спіць яна доўга, да дванаццаці, бо яна святуля — уночы не спіць, а моліцца.
Дзяўчаты акурат і стаялі каля звярынца. Прыйшлі так рана, бо хацелі паглядзець, як раніцай кормяць драпежнікаў: рысю, мядзведзя, ваўкоў.
Ваўкоў у звярынцы сядзела цэлая рознакаліберная дэлегацыя з лясоў «Северо-Западного края»… Быў здаравезны баравы ваўчуга з Налібокаў, меліся галаватыя пушчанскія ваўкі, знаходзіліся драбнацелыя інфлянцкія ваўкі, цэлая сям'я: воўк, ваўчыца і ваўчаняты. Быў яшчэ адзін воўк, які, як казалі, з'явіўся ў звярынцы нядаўна. Невялікі, сухарэбры, адно званне, што воўк. Казалі, што то быў ручны звер, але шмат рабіў шкоды, таму запраторылі ў клетку.
Пан аканом падышоў да паненак, дакрануўся да свайго касторавага кацялка ў знак вітання. Дзяўчаты стрымана хітнулі галоўкамі. Аканом паглядзеў на мядзведзя, рысю, на ваўкоў. Каля клеткі з сухарэбрым ваўком спыніўся. Звер ляжаў, паклаўшы галаву на таўставатыя пярэднія лапы. Кавалак свежай ялавічыны ляжаў у пляскатай жалезнай місе, але воўк не звяртаў на спажыву ўвагі. Словам, воўк як воўк. Тыповы шэры драпежнік, якіх на прасторах Літвы тысячы, а можа, дзесяткі тысяч… Да чаго яны падобныя адзін да аднаго!
Стасік побач круціў галавой, зазіраючы ў маладыя, сонечныя, як свежае масла з бойкі, і роўненькія, як курыныя яйцы, тварыкі маладзічак, нешта плявузгаў пра раманы Крашэўскага, з якіх ён ніводнага не дачытаў, і нават асмеліўся ўзяць адну з дзяўчат за локцік. Тая далікатна выслабаніла руку і з'едліва сказала голасам у нос, па-французску, што ў маладога пана ёсць каго браць за руку, маючы на ўвазе цётку.
Раптам ні з таго ні з сяго сухарэбры воўк падняўся і… заскуголіў. Так голасна і так сумотна, што паненачкі і Стасік сталі з жалем глядзець на звера. Стасік аб'явіў, што воўк плача. Па волі. А сам воўк — так сабе, няма на што глядзець. І не такіх бачыў. Наглядзеўся на ваўкоў у той глухмені, у якой змушаны жыць. Не аднаго драпежніка дасягла куля, пушчаная са ствала ягонай паляўнічай дубальтоўкі. Такія экземпляры трапляліся! Бывалі — ого! Даўжынёй вунь з гэтую паркавую лаву. Лапы — што цурбалкі ў каня. А гэтыя ваўкі тут, у Друскеніках, — дробныя, не вартыя ўвагі.
— Вось, — балбатаў Стасік, — маці Ромула і Рэма… Выбітны сімвал… Плач гэтай ваўчыцы сімвалізуе плач народа па незалежнасці…
— To pies, nie samica… — перабіла пустаслоўе Стасіка адна з паненак і сарамліва заплюскала вачамі.
— Ці важна… — ганарыста адмахнуўся Стасік. — Ваўкі ў многіх народаў сімваламі… Знаёмы каўказскі афіцэр расказваў, што дзікія горцы яго на сцягу зялёным, мусульманскім, маюць… Ваўчыцу… І вось, паводле легенды…
Воўк паскуголіў і цяжка бухнуўся, упаў на жывот, паклаў морду на лапы. Калі загучаў голас Стасіка, адно вуха ваўка варухнулася і стала старчаком. Гэта падмеціў пан аканом. Голас Стасіка гучаў, а воўк нават прыўзняў галаву, нібы слухаючы бязглуздзіцу маладога пана.
— Паводле чэчэнскай легенды, ваўчыца ўратавала дзяцей, сваіх ваўчукоў, ад буры… Паслухайце, — Стасік перайшоў на шэпт, — думаеце, Расея заваявала Каўказ? Чэчня ім адрыгнецца праз сто, дзвесце гадоў. Як і наша радзіма… Так, грамадзянкі?
Зваротак «грамадзянкі» мог пацэліць у сэрца любой дзяўчыны. Гэтак жа звярталіся адзін да аднаго паўстанцы… Яшчэ летась гэтак казалі ўсе прыстойныя палякі, ды, уласна, яшчэ і ў студзені, лютым сёлета казалі. Уголас, смела. Цяпер — не. Цяпер расейскія жандары ў Вільні хапаюць жанчын у чорным і, кажуць, задзіраюць спадніцы на галовы. Каб гэтак адвабіць насіць чорнае, жалобу па задушанай інсурэкцыі. Праўда, не зусім яшчэ і задушанай. Хто ведаў, колькі яшчэ хавалася па лясох з прагай помсты за забраны край.
— Пан Станіслаў, ці варта завязваць дыскусіі? — зрабіў заўвагу аканом маладому сваяку.
Падумаў ён пры гэтым больш рэзка: «Балван дурны. Ці час гаварыць пра радзіму, пра вольнасць? Толькі што, якіх пару месяцаў таму, у віленскіх мурах павешаны Каліноўскі. Падумаць толькі, крывавы дыктатар Літвы гасцяваў у іх, там, на поўдні, у эканоміі, некалькі дзён… А потым уся гэта калатнеча з інсурэкцыяй… А гэты, ну сапраўды, ці ж не балван, распускае язык… Вакол шпегі… Сотні, калі не тысячы расстраляны, адпраўлены ў Сібір, пазбаўлены маёмасці, правоў шляхецтва, а Стасік выхваляецца, каб заваяваць прыхільнасць дэвотак, у якіх невядома што ў галаве. А раптам каторая з іх — дачка дзяржаўнага службістага?»
Стасік паслухмяна змоўк, утаропіўся ў звера. Воўк у клетцы падняўся і, не паварочваючы галавы, усім тулавам павярнуўся да паненак і слабога на язык маладзёна. Ноздры звера варухнуліся, ён пацягнуў да сябе паветра.
І раптам пан аканом збянтэжыўся. Яму падалося, што воўк у клетцы — той самы, якога колькі ўжо часу, як аддалі аднаму фактару. Ды яшчэ трыма рублямі грошай падмазалі, абы каб толькі забраў ляснога нягодніка.
— О! Ён чуе, ён разумее, што мы пра яго гаворым! — усклікнуў Стасік.
Воўк тым часам матлянуў хвастом.
— Пан Ежы! — усклікнуў маладзейшы Ўрбановіч, звяртаючыся да пана аканома. — Дык ці не ў Друскенікі наш Ёсель здаў таго нашага ваўчыдлу? Далібог, гэта наш ручны воўк. Паглядзіце, гэта ж выліты Інсургент!
Воўк тым часам яшчэ раз матлянуў хвастом, схіліў, рыхтык сабака, галаву набок. У жоўценькіх чыстых вачах засвіцілася даверлівасць. Паненкі завойкалі ад здзіўлення: люты драпежнік, пагроза лясоў, зацяты вораг чалавека, ператварыўся — ці не фантастыка — у свойскую, добрую сабачыну.
Стасік падступіўся да прэнтаў.
— Інсургент! — паклікаў ён з выглядам вопытнага сабакара. — Цю-цю, на!
Малады пан яшчэ не адважваўся працягнуць руку за прэнты, але воўк радасна забіў хвастом па баках, рыхтык свойскі сабака. У ягоных вачах мільгнула нешта накшталт радасці пазнавання. Ён глытнуў сліну, аблізаўся і засцябаў сваім махалам па баках.
— Brawo! — запляскалі паненкі ў ладкі. — Brawo panu!..
Маладыя, прыгожыя дзяўчаты, самі таго не разумеючы, пад'юдзілі паніча на непапраўнае. Як не адважыцца працягнуць да дзікага звера, ваўка, руку, выступіць гэткім утаймавальнікам, дрэсістаю, каб толькі яшчэ раз сарваць апладысменты…
— Не руш! — усклікнуў пан аканом, але было позна.
Ды што можа стрымаць маладую фанабэрыю і жаданне выставіцца героем перад слабейшым і такім прыгожым полам?
Стасік працягнуў руку паміж прэнтаў, дакрануўся да пукатай лабаціны звера, паспеў нават пагладзіць, і тут-то воўк яго і хапянуў.