1962.10.28. Пасланне Старшыні Савета Міністраў СССР М. С. Хрушчова прэзідэнту ЗША Дж. Кенэдзі ў адказ на ягонае пасланне ад 27 кастрычніка 1962 г.
1962.11.22–26. Знаходжанне ў Рэспубліцы Куба першага намесніка Старшыні Савета Міністраў СССР А. І. Мікаяна для абмену меркаваннямі з прэм’ер-міністрам рэвалюцыйнага ўрада Кубы Ф. Кастра ды іншымі кубінскімі кіраўнікамі па пытаннях міжнароднага становішча.
1962.11.27. Пастанова ЦК КПСС, Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР і Савета Міністраў СССР аб стварэнні Камітэта партыйна-дзяржаўнага кантролю ЦК КПСС і Савета Міністраў СССР.
1962.12.24. Паседжанне Ідэалагічнай камісіі пры ЦК КПСС з удзелам маладых пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў, творчых работнікаў кінатэатраў.
1962.12.29. Першы палёт транспартнага самалёта “ТУ-114” па трасе СССР — Куба.
1963.03.07. Прамова М. С. Хрушчова на сустрэчы кіраўнікоў партыі і ўрада з дзеячамі літаратуры і мастацтва.
1963.05.23. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб прысваенні звання Героя Савецкага Саюза Фідэлю Кастра Рус.
1963.06.14. На арбіту спадарожніка Зямлі выведзены касмічны карабель “Усход-5” з пілотам, лётчыкам-касманаўтам падпалкоўнікам У. Ф. Быкоўскім.
1963.06.16. На арбіту спадарожніка Зямлі выведзены касмічны карабель “Усход-6”, які ўпершыню ў свеце пілатуе жанчына-касманаўт Валянціна Церашкова.
1963.06.27. Нота МЗ СССР пасольству КНР у Маскве, у якой МЗ СССР патрабуе неадкладнага спынення беспрэцэдэнтнай практыкі нелегальнага распаўсюджвання супрацоўнікамі пасольства і некаторымі кітайскімі грамадзянамі ў СССР тэкстуліста ЦК КПК ад 14 чэрвеня 1963 г. у адрас ЦК КПСС. Паколькі МЗСК НР паспяшалася апублікаваць у друку сваю тэндэнцыйную версію па пытанні, аб якім ішла размова ў савецкай ноце, і дае скажонае тлумачэнне фактаў, МЗ СССР змушанае зрабіць у сувязі з заявай прадстаўніка МЗ СКНР неабходныя тлумачэнні.
1963.08.31. У адпаведнасці з дамовай, падпісанай 20 чэрвеня 1963 г. у Жэневе паміж СССР і ЗША, уведзеная ў эксплуатацыю прамая тэлеграфная сувязь кругласутачнага дзеяння паміж Масквой і Вашынгтонам (Крэмль — Белы дом).
1963.11.23. Тэлеграмы М. С. Хрушчова і Л. І. Брэжнева віцэ-прэзідэнту ЗША Ліндану Б. Джонсану ў сувязі са звесткай аб трагічнай смерці Прэзідэнта ЗША Дж. Ф. Кенэдзі.
1964.04.16. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб прысваенні М. С. Хрушчову звання Героя Савецкага Саюза ў сувязі з 70-годдзем з дня народзінаў.
1964.04.30. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб прысваенні звання Героя Савецкага Саюза прэзідэнту АНДР, генеральнаму сакратару партыі Фронт нацыянальнага вызвалення Алжыра А. БэнБэле.
1964.05.13. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб прысваенні звання Героя Савецкага Саюза прэзідэнту ААР Гамаль Абдэль Насэру.
1964.05.13. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб прысваенні звання Героя Савецкага Саюза першаму віцэ-прэзідэнту ААР Абдель Хакім Амеру.
1964.10.12. На арбіту спадарожніка Зямлі новай ракетай-носьбітам выведзены касмічны карабель “Усход” з экіпажам у складзе камандзіра карабля, лётчыка-касманаўта У. Камарова, навуковага супрацоўніка-касманаўта, кандыдата тэхнічных навук К. Феакцістава і доктара-касманаўта Б. Ягорава.
1964.10.14. Пленум ЦК КПСС задаволіў просьбу М. С. Хрушчова аб вызваленні яго ад абавязкаўПершага сакратара ЦК КПСС і Старшыні Савета Міністраў СССР па ўзросце і ў звязку з пагаршэннем стану здароўя.
Пленум ЦК КПСС абраў Першым сакратаром ЦК КПСС Л. І. Брэжнева.
1964.10.15. Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР задаволіў просьбу М. С. Хрушчова аб вызваленні яго ад абавязкаў Старшыні Савет аМіністраў СССР па ўзросце і ў звязку з пагаршэннем стану здароўя. Старшынёй Савета Міністраў СССР прызначаны А. М. Касыгін.
1971.09.11. Паведамленне ў газеце “Праўда” пра смерць пенсіянера саюзнага значэння М. С. Хрушчова.
Вуліца Уладзіміра Някляева
Пасляслоўе Віктара Ледзенева (Віла)
Ніколі не думаў, што давядзецца прачытаць раман, у якім буду адным з галоўных персанажаў. І вось давялося…
Дзіўнае адчуванне.
Як і аўтар рамана, я не мінчук, прыехаў у Мінск у жніўні 1961-га з Масквы, а ў Маскву — з Новасібірска. Быў я хакеістам, гуляў у камандах майстроў, але праз траўму мая спартыўная кар’ера завяршылася. У Мінску працаваў карэспандэнтам Усесаюзнага радыё і Цэнтральнага тэлебачання мой старэйшы брат (таксама прататып аднаго з персанажаў гэтага рамана), які і прапанаваў мне перавесціся з Маскоўскага педагагічнага інстутыта імя Леніна (быў яшчэ ў Маскве педагагічны інстытут імя Крупскай) у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя Леніна. Так бы мовіць, з Леніна перавесціся ў Леніна, што нібы не павінна было стаць праблемай — і тым не менш праблемай стала: перавесціся не ўдалося. Таму я прыехаў, як і ўсе, здаваць уступныя экзамены ва ўніверсітэт — і ў гэты ж час прыехаў са Смаргоні здаваць уступныя экзамены ў Мінскі электратэхнікум сувязі Валодзя Някляеў. Вось тады я і ўбачыў яго на прыступках Тэатра юнага гледача, куды прыйшоў разам з Кімам Хадзеевым, Гарыкам Клябанавым ды іншымі персанажамі Мінскага рамана, з якімі пазнаёміўся ў нядзелю 6 жніўня ў скверыку на вуліцы Леніна.
Чаму праз столькі гадоў гэтак дакладна называю дату? Запомніў, бо святкаваўся Дзень чыгуначніка, а ён святкуецца менавіта ў першую нядзелю жніўня, якая ў 1961 прыпадала на 6-е. Так што пераносячы пачатак дзеі рамана ў 1960 год, аўтар храналагічна не надта дакладны, але ж гэта не дакументальны раман. Ва ўсякім разе, вы нідзе не знойдзеце дакументаў, якія б пацвярджалі, што жыў-быў у Мінску ў 60-х гадах дваццатага стагоддзя сваяк Уладзіміра Ільіча Леніна Саламон Майсеевіч Бланк, ці што грамадзянін ЗША Лі Гарві Освальд уваходзіў у антысавецкую групоўку, якая рыхтавала замах на жыццё Першага сакратара ЦК КПСС, Старшыні Савета Міністраў СССР таварыша Мікіты Сяргеевіча Хрушчова. Тым не менш, чытаючы пра гэта, я кожны раз лавіў сябе на адной і той жа думцы: няхай сабе так не было, але так магло быць. Верагоднасць развіцця падзей і ў тым накірунку, у якім яны развіваліся рэальна, і ў тым, у якім развіў іх аўтар Мінскага рамана, прыблізна аднолькавая.
Пры ўваходзе ў Тэатр юнага гледача тоўпілася чалавек сорак. Каля крайняй правай калоны, прыляпіўшыся да яе так, што, здавалася, яго ўжо ніколі ад той калоны не адляпіць, бялявенькі хлапчук у сіняй вельветавай куртачцы з замочкамі на кішэнях чытаў верш пра вайну. Нешта такое гераічнае… Не помню ні радка з таго верша, але помню, што Кім, у якога быў нюх на таленты, сказаў, што з хлопчыка можа быць толк. І, як аказалася, не памыліўся.
Пачаліся ўступныя экзамены. Я ва ўніверсітэт паступіў, а Валодзя ў электратэхнікум сувязі — не. Ён закахаўся ў дзяўчынку, якая жыла на Вакзальнай плошчы (у Мінскім рамане яе, “татарку Нэлу”, аўтар перасяліў на вуліцу Савецкую), і працэс закаханасці ўвайшоў у неадольную супярэчнасць з працэсам здачы экзаменаў. Прычым, супярэчнасць гэтая выявілася не ўпершыню: па той жа прычыне ў 1960 годзе Валодзя не паступіў у геолагаразведачны тэхнікум у Кіеве. “У чатырнаццаць год «паступаць на геолага» паехаў у Кіеў, дзе драматычна закахаўся. Бялявенькая такая, яснавокая… Не помню, як яе звалі, але помню, як мяне праз яе білі. Пяцёра таксама ў яе закаханых хлопцаў, з якімі жыў я ў адным інтэрнацкім пакоі. Старэйшыя за мяне, ужо пасля арміі… Закручвалі ў коўдру — і кедамі! Каб раскахаўся… Справіцца з імі было мне не па сіле, паскардзіцца не дазваляў характар. Трываў, колькі мог. Аднойчы закашляўся — на насоўцы кроў. Ну, думаю, рамантыка рамантыкай, каханне каханнем, а жыццё даражэй. Бывай, бялявая!..» — успамінае Някляеў у аўтабіяграфічным эсэ “Цуды ўсе ў адным адзіным цудзе”.
Другім разам паступаць у электратэхнікум сувязі Валодзя не збіраўся, думаў паступаць у музычную вучэльню ў Маладзечна, але… Але, мяркую, вырашыла ўсё знаёмства з Нэлай і з намі — найперш з Кімам, да якога яго пацягнула не менш, чым да Нэлы: была ў знешне непрыцягальным Кіме ўнутраная прыцягальная сіла.
Пры знаёмстве з Кімам Хадзеевым многіх насцярожвала і нават палохала ягоная турэмная, “антысавецкая біяграфія”. Мяне — не. У Сібіры я жыў у спецпасяленні для сем’яў “ворагаў народа” — там усе былі “турэмшчыкі і антысаветчыкі”. У школу я пайшоў у Навасібірску (у спецпасяленні школы не было, да таго ж я хварэў на туберкулёз, хранічную хваробу дзяцей баракаў) адразу ў чацвёрты клас. Старшыня савета школьнай піянерскай дружыны біў мяне тварам аб парту: “Ты чаму не носіш гульштук?!.” — і я адказваў: “Я ашыйнік не надзену!” Таму ў асяродку Хадзеева ў Мінску я знайшоў калі не блізкіх, дык зразумелых мне сваімі поглядамі і настроямі маладых людзей. Чаго нельга сказаць пра Валодзю, для якога тое, што ён чуў ад нас, найперш ад Кіма, чытаў у нечытаных раней кнігах, было нечым накшталт землятрусу, які абрушваў ранейшыя ягоныя ўяўленні. Не магу сцвярджаць, што менавіта ў нашым асяродку фармаваўся ягоны светапогляд, але ўплыў усё ж быў.