Ён азірнуўся наўкол, нібы шукаючы некага, хто б з ім пагадзіўся: “Ну, так… Кінула бацьку…” Але ні я, ні Воран з ім не пагадзіліся, а болей не было каму. Ніхто не пачуў Гурыка — не зварухнуўся ні пад шасціканечнымі крыжамі, ні пад шасцікутнымі зоркамі.
— Вернецца, — сказаў я. — Вунь месца сабе каля бацькі адгарадзіла.
Гурык нахіліўся, вырваў пук пустазелля.
— Тут маё месца.
Я паспрабаваў не здзівіцца, але мне гэта не ўдалося, як і Ворану, які, глянуўшы на Гурыка, прысвіснуў.
— Запомніце: маё! — Гурык дастаў з кішэні і сунуў мне ў рукі канверт. — Ты маладзейшы, нас усіх перажывеш. І тут мяне пахаваеш. Абяцаеш?
Я не ведаў, што адказаць. Не знаходзіў, куды падзець канверт, і глядзеў на Ворана. Той пацепнуў плячыма.
— Вось і дамовіліся, — не стаў чакаць майго адказу Гурык. — А за гэта я скажу Ворану, чаму ты пахаваеш мяне побач з Саламонам Майсеевічам…
Ён раптам страшным мне здаўся. Такім, як тады, калі дапытваў мяне і расказаў, як Саламона Майсеевіча не стала, і я, як і тады, папрасіў:
— Гурык, не трэба…
Ён зноў нахіліўся, каб вырваць пустазелле, але не стаў рваць, выцер далонь аб далонь.
— Бо я кончыў яго. Не ў патыліцу з пісталета, — выпрастаўся ён, убачыўшы, як напружыўся Воран. — На допыце яму стала кепска, відаць было, што сэрца, а я не паспяшаўся паклікаць доктара. Паклікаў ужо тады, калі…
Ён дагаварыць не паспеў — Косця на яго кінуўся:
— Сука!
Гурык ухіліўся, зрабіў падсечку і зваліў Ворана на магілу. Скочыў на яго, заламаў руку. Павярнуўся да мяне — страшны, злы:
— Ты хіба не казаў яму?
— Не…
— Чаму?
— Бо гэта ўсіх…
— Што ўсіх?..
— Нічога! Ты не казаў мне казаць…
— Сука! — вырываўся Косця, Гурык прыціснуў яму шыю каленам.
— Ты б чуў, што ён мне крычаў! Што я г…но, і ён не дазволіць мне смярдзець каля Асі! Што гэтага не будзе, пакуль ён жывы!
— Сука! — вывернуўся з-пад Гурыка Косця, і яны пачалі, качаючыся на магіле, біцца. Гэтаксама, як некалі ў рэстаране “Лета”. — Ты ж казаў, што яго ратаваў! Ася замуж за цябе… праз гэта…
— А ты хацеў, каб за цябе! Ты ўсё жыццё мне…
— За такога смердзюка… поскудзь…
— Праз каханне!.. Чуеш?.. Ты!.. Яна кахала мяне! Не цябе!
— Кахала?.. Ге-не-ра-ла! Чаму ж кінула?..
— Бо я сказаў ёй!
Косця ўдала патрапіў Гурыку ў сківіцу, замахнуўся яшчэ раз — і раптам апусціў кулак.