— Як нічога? Што было далей?
— Напраўду нічога! Мы сядзелі, елі…
— Вось бачыш: сядзелі, елі… А ты кажаш: нічога. Што елі?
— Сыр.
— Пілі? Што пілі?
— Віно.
— Якое?
— Партвейн.
— Партвейн. Ты піў?
— Не.
— А хто піў?
— Віл, Гарык… Усе патрохі.
— Усе патрохі… Напіліся і…
Маёр Гагарын зрабіў паўзу і глядзеў на мяне, чакаючы…
У часы пабудовы камунізму да выпівохаў адносіліся паблажліва, будаваць камунізм яны не заміналі, а калі нехта з іх і ўчыняў нешта нападпітку, гэта не абцяжарвала ягоную віну, а наадварот… Можа, маёр і праўда хоча, каб і мне, і ўсім нам лепей было? Але ж мы нічога не ўчынялі.
— Ніхто не напіўся.
— Значыць, цвярозыя па зброю пайшлі?
Мяне сцяла: вось яно! Хоць Гурык і не адчыніў багажнік…
Маёр заўважыў, як я сцяўся, нахіліўся да мяне і так, што з курткі гузік адляцеў, згроб загрудкі.
— Чыя зброя?
Маўчаць не было як — дый без толку: іжэўка і карабін зарэгістраваныя.
– Іжэўка — Амерыканца, карабін — Віла.
Маёр як згроб мяне — гэтак і адпусціў. Сам напружыўся.
— Які карабін?
— Браўнінг.
— Які браўнінг?
— Двухствольны. На калібр 12 і на 7.62.
— Хіба такія бываюць?..
Я са здзіўленнем паглядзеў на маёра дзяржбяспекі, які не ведае, што ёсць такія карабіны — і тут маёр пачаў падымацца: павольна, упёршыся рукамі ў стол.
— Дык у машыне быў яшчэ й карабін? Іжэўка і браўнінг пад баявы патрон калібру 7,62?.. — І калі я, не разумеючы ягонага здзіўлення, кіўнуў, ён ткнуў пальцам у пакладзены на стол аркуш паперы: “Пішы! Усё пішы пад-ра-бя-зна!..” — і, грукнуўшы ў дзверы: “Ахова!..” — выскачыў з пакоя. Ён гэтак у дзверы грукнуў — кулаком ды яшчэ нагой, абцасам, што са столі вапна пасыпалася, і я ўспомніў, як у пад’ездзе, калі мы з Вілам з кватэры Джыма выйшлі, сыпанула пацяруха з люка на гарышчы. Хто на гарышча падняўся?.. Амерыканец?.. Для чаго?.. І я з жахам уцяміў, што карабіна ў машыне, калі брат Ледніка адчыніў для Гурыка багажнік, ужо магло й не быць. Багажнік дабітай леднікаўскай “Варшавы” і без ключа адчыняўся — цвічком…