Рэфарматы ажыццявілі шэраг пераўтварэнняў у царкоўным жыцці. Яны спрасцілі царкоўнае набажэнства, памянялі некаторыя абрады, адмовіліся ад аздаблення храмаў, багатай рытуальнай адзежы, званоў, свечак, перасталі пакланяцца абразам і мошчам святых, амаль усе малітвы (з выняткам «Ойча наш») абвясцілі непатрэбнымі, прапанавалі новае тлумачэнне Бібліі, пазбавіліся святароў, якіх замянілі настаўнікі. Тэарэтыкі Рэфармацыі адстойвалі ідэі сацыяльнай справядлівасці, патрабавалі свабоды слова, асуджалі тыранію, дэспатызм, праявы анархізму. Яны з'яўляліся цвёрдымі прыхільнікамі прававой дзяржавы, дамагаліся свабоднай працы, духоўнага і фізічнага разняволення кожнага чалавека.
Ідэі рэфарматаў былі надзвычай прывабнымі, прычым для ўсіх сацыяльных колаў. Не выпадкова ў сярэдзіне ХVІ стагоддзя да рэфармацыйнага руху далучыліся амаль усе магнацкія і князеўскія роды Беларусі, а таксама шматлікія шляхоцкія дынастыі. Да тых або іншых плыняў Рэфармацыі належалі многія дзяржаўныя і палітычныя дзеячы, багасловы, філосафы, пісьменнікі, сярод якіх такія славутасці, як Мікалай Радзівіл Чорны, Астафей Валовіч, Леў Сапега, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Андрэй Валян, Саламон Рысінскі, Андрэй Рымша, Гальяш Пельгрымоўскі і сотні іншых. Пазней, з пачаткам Контррэфармацыі (у другой палове ХVІ-ХVІІ стагоддзі), бальшыня іх перайшла ў каталіцтва.
Рэфармацыйны рух пакінуў глыбокі след у нашай гісторыі і культуры. Рэфарматы збудавалі блізу 250 збораў (храмаў), заснавалі і на свае сродкі ўтрымлівалі некалькі дзесяткаў пачатковых школаў, а таксама знакамітую Івейскую арыянскую акадэмію, рэктарам якой доўгі час быў вучоны і пісьменнік Ян Ліцыній Намыслоўскі. Годнае месца ў іхных навучальных установах займала беларуская мова, на якой прамаўлялі казанні, пісалі кнігі. У Берасці, Нясвіжы, Венграве, Лоску, Вільні, Уздзе, Ашмянах, Слуцку і Любчы працавалі пратэстанцкія друкарні, дзе на працягу ХVІ-ХVІІ стагоддзяў былі надрукаваныя сотні твораў айчынных і замежных аўтараў на беларускай, польскай, лацінскай і грэцкай мовах.
Наагул жа беларускія рэфарматы выступалі з шырокай адукацыйна-асветнай праграмай, у аснову якой былі пакладзеныя гуманістычныя прынцыпы гарманічнага суіснавання ўсіх грамадскіх станаў, шырокай асветы простых людзей. У ХVІІ стагоддзі нашы рэфарматы, аднак, мусілі спыніць сваю дзейнасць, найперш дзеля матэрыяльнай нястачы і няздольнасці канкураваць з больш моцнымі плынямі хрысціянства. У некаторых жа іншых краінах, напрыклад Швецыі, Нарвегіі, Даніі, Англіі, пратэстанцтва ўмацавалася і па сутнасці стала нацыянальнай рэлігіяй.
53. За што ў свеце шануюць Сымона Буднага?
Сымон Будны (каля 1530–1593) — выдатны беларускі пісьменнік, педагог, філосаф, багаслоў і прапаведнік, імя якога ў ХVІ стагоддзі было шырока вядомае ў Англіі, Нямеччыне, Італіі ды іншых краінах Заходняй Эўропы.
С.Будны быў надзвычай адукаваным чалавекам. Апрача роднай беларускай мовы ён выдатна валодаў класічнай лацінай, старажытнагабрайскай, а таксама грэцкай, стараславянскай, польскай ды іншымі мовамі, што дазваляла яму паглыбляць свае веды ў антычных культурах, аналізаваць дасягненні Сярэднявечча, без цяжкасцяў знаёміцца з творамі Эразма Ратэрдамскага, Марціна Лютэра, Жана Кальвіна і іншых заходнеэўрапейскіх філосафаў і пісьменнікаў.
На працягу амаль 30-гадовай творчай дзейнасці з-пад пяра нашага славутага асветніка выйшлі кнігі «Катэхізіс», «Апраўданне грэшнага чалавека перад Богам» (Нясвіж, 1562), «Аб галоўных артыкулах хрысціянскай веры» (Лоск, 1576), зборнік «Аб свецкай уладзе» (Лоск, 1583), пераклады Бібліі (1570, 1572, 1574), Апокрыфаў (1570) ды іншыя.
Асабліва шырокі розгалас у свеце атрымаў ягоны пераклад Новага Запавету 1574 года. І гэта не выпадкова: ніхто з тагачасных эўрапейскіх перакладнікаў новазапаветных твораў не рабіў дагэтуль такой велізарнай тэксталагічнай працы, як С.Будны. Дзякуючы фенаменальным аналітычным здольнасцям беларускага асветніка, ягонаму таленту, шырокай эрудыцыі, дасканаламу веданню старажытных моваў навукова-крытычны ровень выдання Новага Запавету 1574 года стаўся, бадай, сама высокім сярод усіх вядомых на той час у Эўропе.
Творы Буднага мелі вялікую папулярнасць, зразумела, і сярод жыхароў Беларусі. Ягоныя казанні з ахвотаю слухалі мяшчане Вільні, Клецка, Нясвіжа, Хоўхлава, Заслаўя, Лоска, Любчы, Полацка, Вішнева…
Таямніца гэтакай папулярнасці твораў С.Буднага — найперш у іх гуманістычнай скіраванасці. Наш асветнік выступаў за вызваленне чалавечага духу, за свабодную стваральную працу. Ён заклікаў усіх грамадзянаў паважаць дзяржаўныя законы, шанаваць бацькоўскую зямлю і матчыну мову, сумленна выконваць свае абавязкі, урэшце, жыць паводле Божых запаведзяў.
Як гуманіст і прыхільнік разняволення чалавека, Будны крытыкаваў тыранію, адмаўляў цэнзуру, абураўся фактамі фізічнай расправы над іншадумцамі.
З'яўляючыся прыхільнікам грамадзянскага міру і сацыяльнай гармоніі, асветнік паўстаў супраць досыць магутнага ў ХVІ стагоддзі руху анархістаў, разбуральных ідэяў тагачасных камуністаў — Пётры Гоняда, Якуба з Калінаўкі, Яна Немаеўскага ды іншых, што патрабавалі зліквідацыі ўрада, суда, войска, усіх дзяржаўных інстытуцый, існаванне якіх, паводле іх сцверджання, нібыта супярэчыла Божай навуцы, сапраўднаму хрысціянскаму жыццю.
Сацыяльна-палітычныя і праўныя ідэі С.Буднага паўплывалі на вядомых юрыстаў, тагачасных дзяржаўных дзеячоў — Астафея Валовіча і Лева Сапегу, якія вызначалі дактрыну Статута 1588 года. У многім дзякуючы С.Буднаму ў Статуце знайшлі адлюстраванне ідэі аб прэзумпцыі невінаватасці, царкоўна-рэлігійнай талеранцыі і зверхнасці законаў.
Сёння Бонскі ўніверсітэт у Нямеччыне рыхтуе факсімільнае выданне «Катэхізіса» Сымона Буднага, прымеркаванае да 400-х угодкаў таленавітага сына беларускай зямлі. Ягонае імя ўлучана ў каляндар міжнародных датаў славутых дзеячоў славянскай культуры ЮНЕСКО.
54. Хто такі Васіль Цяпінскі?
Васіль Цяпінскі (Амельяновіч) (блізу 1540–1603) — славуты дзеяч беларускай Рэфармацыі. Нарадзіўся ён у вёсцы Цяпіна (цяпер Чашніцкі раён). У 60-х гадах ХVІ стагоддзя мужны шляхціч удзельнічаў у ваенных паходах на Маскоўшчыну пад харугвамі аршанскага старасты Філона Кміты і падканцлера Астафея Валовіча. Аднак сваё прызнанне ён знайшоў не на вайсковай службе, а на ніве асветы і культурнай чыннасці.
Зблізіўшыся з высокаадукаванымі людзьмі таго часу — С.Будным, К.Астрожскім ды іншымі, В.Цяпінскі апынуўся ў цэнтры палемічнай барацьбы, што вялася паміж прадстаўнікамі розных культурна-гістарычных і рэлігійных плыняў.
Паводле сваіх рэлігійных поглядаў В.Цяпінскі быў пратэстантам, прыхільнікам арыянства, г. зн. выступаў супраць вучэння аб Тройцы. Асветнік гэтаксама не прымаў дактрыны анархістаў, што заклікалі да зліквідавання ўсіх дзяржаўных структураў. На вядомым Лоскім Сінодзе 1578 года ён востра палемізаваў з лідэрамі тагачасных камуністаў — Аляксандрам Вітрэлінам і Марцінам Чаховіцам, баронячы ўрад ад іхных нападак і прапануючы памяркоўны шлях удасканалення грамадства.
Галоўная ж заслуга В.Цяпінскага перад гісторыяй і беларускім народам у тым, што ён на поўны голас заявіў пра неабходнасць развіцця навукі, літаратуры, культуры на матчынай мове, заклікаў пашыраць на ёй Слова Божае. Ахвяруючы ўласнымі сродкамі, ён распачынае пераклад Апостальскага Пісьма, закладвае друкарню і выдае ў ёй кнігі Новага Запавету.
З творчай спадчыны В.Цяпінскага, на жаль, захавалася няшмат: няпоўны пераклад Новага Запавету з рукапіснай «Прадмоваю» і каментарамі, а гэтаксама адна старонка «Катэхізіса, або Сумы навукі для дзетак».
Не ўсё задуманае ўдалося яму здзейсніць. Але ягоныя высакародныя намеры, ягоная грандыёзная праграма асветы паспалітага люду ўражваюць і выклікаюць пачуццё павагі й гонару за нашага самаахвярнага прашчура, які глядзеў на некалькі стагоддзяў наперад, усвядоміўшы ролю роднае мовы ў яднанні суайчыннікаў, росквіце нацыі.
55. Хто заслужыў імя «віленскага Альда»?
Бліскучай старонкай у гісторыі беларускага кнігадруку з'яўляецца выдавецкая дзейнасць Яна Карчана, якая вызначалася асаблівай увагай да антычнай спадчыны. Менавіта гэта і рабіла яго падобным да славутага венецыянскага выдаўца Альда Мануцыо.
Ёсць меркаванне, што Ян Карчан (у выданнях на польскай і лацінскай мовах яго прозвішча пісалася Карцан) нарадзіўся ў вёсцы Вялічка пад Лідай. З 1576 года ён друкаваў кнігі ў Лоску (каля Крэва), а ў 1580 годзе заснаваў сваю друкарню ў Вільні.
Адным з першых яго выданняў быў трактат Цыцэрона «Пра абавязкі», які ўводзіў чытача ў свет антычнай філасофіі і літаратуры. Свае разважанні аўтар падмацоўвае выказваннямі і прыкладамі з жыцця Арыстотэля, Плятона, Сакрата, Герадота, Дэмасфена, Плаўта, Тэрэнцыя. Незвычайнай папулярнасцю карысталася падрыхтаваная беларускім гуманістам Беняшам Будным кніга «Апафегматы». Гэта зборнік дасціпных выслоўяў і кароткіх аповядаў з жыцця славутых людзей розных краін старажытнага свету — Грэцыі, Рыма, Персіі, Індыі, Эгіпта, Карфагена.
Фактамі старажытнай гісторыі, мудрасцю антычных аўтараў насычаны кнігі тагачасных беларускіх пісьменнікаў Андрэя Рымшы, Яна Казаковіча, Сымона і Беняша Будных, Андрэя Валяна, Яна Пратасовіча, якія сышлі з друкарскіх варштатаў «віленскага Альда».
У ягонай друкарні пабачылі свет таксама «Гісторыя Юдэйскай вайны» Язэпа Флавія, раман «Эфіопіка» Геліядора, творы заходнеэўрапейскіх аўтараў — Эразма Ратэрдамскага, Юста Ліпсіюса ды іншых.
Да жанру навучальна-асветнай літаратуры належыць цікавая кніга Яна Пратасовіча «Вынаходнікі рэчаў» — своеасаблівая энцыклапедыя, дзе ў вершаванай форме пададзены звесткі пра тое, хто ўпершыню пачаў будаваць дамы, караблі, дарогі, вынайшаў інструменты, розныя прылады, як з'явіліся рамёствы, навукі, мастацтвы і г.д.
Дзякуючы шырокаму тэматычнаму дыяпазону Карчанавых выданняў нашыя продкі былі абазнаныя ў сусветнай гісторыі і геаграфіі, ведалі пра паўстанне ў Нідэрляндах і генацыд супраць амерыканскіх індзейцаў, пра слаўныя перамогі Радзівілаў і тыранію Івана Жахлівага, пра цікавыя з'явы прыроды і спусташальныя эпідэміі ў Эўропе, пра знакамітыя мясціны і звычаі розных народаў, знаёміліся з апісаннем далёкіх і блізкіх краёў — Палесціны, Турэччыны, Масковіі ды іншых.