Яшчэ раніцай 1 студзеня былі прынятыя паведамленні ў сув. з уездам вышэйазначаных А. Агасфера і Ё. Лёйхтэнтрагера ў сталіцу ГДР і іх прабывання ў апошняй. Было праверана таксама ў пунктах перасячэння граніцы, ці паследаваў выезд вышэйназваных, магч. ў суправаджэнні трэцяй асобы.
Вынікі праверак адмоўныя. Даклады прыкладваюцца.
Прыкладзеныя паведамленні стаяць у яўнай супярэчнасці з паказаннямі жонкі З. Байфуса Гудрун, а таксама тав. д-ра В. Якша і іншых гасцей, якія ўсе засведчылі прабыванне А. Агасфера і Ё. Лёйхтэнтрагера ў кватэры зніклага па вул. Ляйпцыгерштрасэ, 61 на вечары 31 снеж. 1980 г., прычым застаецца няясным, да поўначы ці пасля поўначы памянёныя былі імі бачаныя. Пададзеныя сведкамі апісанні асобаў супадаюць, асабліва ў частцы горба і кульгавасці нагі Ё. Лёйхтэнтрагера і ягоных картачных трукаў, а таксама тыпова яўрэйскага выгляду А. Агасфера, так што магчыма выкліканыя прыёмам алкаголю альбо іншых сродкаў галюцынацыі ў асобных прысутных здаюцца выключанымі, не кажучы пра рэальна існуючую адтуліну ў знешняй сцяне 8-га паверха ў доме па Ляйпцыгерштрасэ, 61 з моцна абпаленымі краямі.
Расследаванне Мін. унутраных спраў (пагранічная паліцыя) дало дадатковыя адпраўныя пункты. Яны паступілі з, на жаль, спазненнем. Даклад прыкладваецца.
Паколькі інцыдэнт у многіх адносінах пераўзыходзіць кампетэнцыю ІІ В (13), неабходна праінфармаваць прамежкавым паведамленнем Мін. аднос. знікнення З. Байфуса і меўшых месца ў сув. з гэтым суправаджальных абставінаў. Поўн. даклад паследуе пасля поўнага расследавання.
Папярэдняя ацэнка ўстаноўленага стану фактаў, а таксама паказанняў відавочцаў і данясенні даюць наступную карціну здарыўшагася: Ізраільскія грамадзяне праф. (?) Ё. Лёйхтэнтрагер і А. Агасфер 31.ХІІ.1980 прыкладна ў 11–00 гадзін паяўляюцца ў Інстытуце навуковага атэізму, 108 Берлін, Бэрэнштрасэ 39а, дзе калектыў Інстытута ў гэты час урачыста адзначаў гадавую справаздачу аб праробленай працы і поспехі яго дзейнасці за шкляначкай віна. Кіраўнік інстытута праф. д-р Dr. h. c. Зігфрыд Вальтэр Байфус выпраўляецца з абодвума прыбыльцамі ў яго кабінет, дзе адбываецца гарачая дыскусія; прапанова дапусціць да ўдзелу ў гутарцы сведак была з боку З. Байфуса адхілена. Кантакт іншых супрацоўнікаў інстытута з абодвума ізраільскімі грамадзянамі адсутнічаў.
Каля 14–30 таго ж дня З. Байфус згодна паказанняў швейцара ў суправаджэнні двух іншаземцаў пакідае інстытут праз галоўны яго ўваход; каля 17–00 гадзін ён уваходзіць у сваю кватэру на 8 паверсе дома па Ляйпцыгерштрасэ 61, дзе коратка прадстаўляе жонцы і дзецям сваіх суправаджаючых як сваіх старых сяброў праф. Лёйхтэнтрагера і шматпадарожнага гера Агасфера і неўзабаве пасля гэтага пераходзіць з імі ў свой кабінет. Звестак пра тое, дзе ён і яго суправаджаючыя правялі дзве з палавінай гадзіны ў прамежку, не зафіксавана.
Прыкладна а 19–00 гадзіне З. Байфус і абодва замежныя госці пакідаюць кабінет. З гэтага моманту З. Байфус, Ё. Лёйхтэнтрагер і А. Агасфер знаходзяцца ў прысутнасці і зрокавым кантакце жонкі і дзяцей З. Байфуса, у тым ліку і гасцей сільвестраўскай вечарыны. Гэта мела месца да 0-00 гадзін, калі З. Байфус быў выяўлены як адсутны; ізраільскія грамадзяне Ё. Лёйхтэнтрагер і А. Агасфер у гэты час таксама ў наяўнасці не паяўляліся.
Больш за тое гэтыя двое разам з забраным імі З. Байфусам выбылі вонкі праз пралом на 8 паверсе дома па Ляйпцыгерштрасэ 61. Трэба ўзяць пад увагу, што не выключалася магчымасць пакідання кватэры рэгулярным шляхам, г. зн. праз дзверы кватэры, па лесвіцы, а пралом быў выкарыстаны толькі ў мэтах маскіроўкі. У кожным разе памянёныя асобы рухаюцца ад дома па Ляйпцыгерштрасэ 61 паветраным шляхам уздоўж Ляйпцыгерштрасэ ў заходнім кірунку да перасячэння Ляйпцыгерштрасэ і Фрыдрыхштрасэ, дзе яны павярнулі на апошнюю, пераляцелі памежныя ўмацаванні ў пункце пераходу граніцы і з заходнеберлінскага боку пункту пераходу з рэзкім наборам вышыні зніклі.
На ўсё гэта ўказвае і знойдзеная паліц. — обермстр. Гіршам на рабочым стале З. Байфуса запіска невядомага паходжання. Нашы расследаванні паказалі, што тэкст у запісцы фактычна паходзіць з Бібліі, г. зн. быў складзены да ўзвядзення памежнай сцяны.
Паколькі да сённяшняй даты З. Байфус нідзе не аб'явіўся і не знойдзена ніякага следу яго, яго знікненне з ГДР належыць разглядаць як неабвержна канчатковае. Ці можна тут гаварыць пра яго захоп альбо пра ўцёкі, канстатаваць канчаткова не ўяўляецца магчымым; супроць апошняга сведчыць той факт, што ніякіх дадзеных аб прысутнасці памянёных на тэрыторыі Федэратыўнай рэспублікі альбо іншых заходніх краін у наяўнасці няма.
З боку Галоўнага аддз. ІІ В (13) робіцца запыт на рашэнне Мін, на прадмет, ці належыць перад тварам міжнародных аспектаў здарэння падключаць да расследавання І А (27), магч. IV G (4).
З сац. прывітаннем
Подп.: Пахнікель, маёр
Гал. аддз. ІІ В (13)
Разьдзел дваццаць восьмы. У якім вучоны супэрінтэндэнт фон Айцэн з дапамогай вучэньня пра прадвызначэньне спрабуе ўвінуцца ад д'ябла, але пры гэтым трапляе ў сетку сваіх жа слоў і сам у трох іпастасях вылятае праз камін
У старасьці мы зьбіраем ураджай жыцьця, і калі яно было добрае й падабалася чалавеку, дык ён багаты й дабраславёны, і, слова Божае, як калісьці ў такога чалавека як Паўль фон Айцэн, якому слова сам Бог уклаў у вусны, пабожна сыходзіць зь іх. У яго ня толькі выходзіць у сьвет «Нямецкі зборнік казаняў» (Deutsche Postille), куды прадумана й старанна ён уключыў усе свае нядзельныя і сьвяточныя пропаведзі, каб ягоныя падначаленыя службовыя браты на будучае ведалі, што й як яны, зь лёгкімі, мясцова абумоўленымі ariatviones, павінны гаварыць сваім авечачкам; ён ня толькі субмітуе прыхільнай публіцы сваё «Хрысьціянскае настаўленьне, як, зыходзячы з двух пастулатаў хрысьціянскага вучэньня і веры, пра сьвятую эўхарыстыю нашага любаснага Госпада Ісуса Хрыста, з чыстай праўды Боскага слова, даказваючы шчырую ісьціну супроць усякага роду сэктаў і аблудаў, можна сьціпла й бяз прыкрай лаянкі весьці казань», і сьпешна прысьвячае яго пасьля заўчаснай сьмерці свайго літасьцівага князя і герцага наступніку Ёгану Адальфу; не, цэлы сьвет, асабліва пратэстанцкі, і на чале яго новы герцаг, згодныя, што без намогі й стараньня супэрінтэндэнта ў Шлезьвігу з герцагства ніколі ня сталася б царства божага, да якога, кажучы словамі прарока Ісаі, натоўп ля мора навяртаецца.
Ідзе да таго, што й хатняга шчасьця не бракуе. Хоць яго жонка Барбара, пасьля таго як схуднела яшчэ больш і высахла да касьцей і пасьля таго, як ён цьвёрда паабяцаў ёй спатканьне ў іншым, лепшым месцы, шчасна спачыла, але дзеці вырасьлі здаровымі й дзельнымі людзьмі, і нават крошка Маргарэтэ нягледзячы на сваё калецтва дасталася пад вянец зь пісарам Вольфгангам Калундам, разам зь якім anno 1610 за забойства іхняга зяця, бургамістра Клаўса Эсмарха з Апэнрадэ, была пакарна сьмерцю; але гэтага яшчэ Айцэн ня ведае наперад, а яго прыяцель Лёйхтэнтрагер, які з прычыны некаторых ведаў мог бы сказаць пра гэта, маўчыць.
Гер тайны радца таксама не памаладзеў; бародка сівая, акурат як і рэдзенькія валасы на чэрапе, толькі густыя, востра сагнутыя бровы па-ранейшаму чорныя, крыху аддаючы ў рыжаватасьць. Ён шмат езьдзіць, ніхто ня ведае, куды й зь якімі гешэфтамі, але сёньня на месцы, быў пры двары, каб разьвітацца: новым валадарам патрэбны новыя дарадцы, і цяпер ён сядзіць у Айцэнавым пакоі, у каміне гарыць агонь, крошка Маргарэтэ, якая са сваім Калундам ўсё яшчэ жыве ў доме, каб быць пад рукою ў бацькі, праставіла віно, бочачку якога прывёз Лёйхтэнтрагер з далёкіх земляў, сказаўшы, быццам яно было сапраўднай крывёй, — чырвонага віна пі чарку да дна.
— Такое самае, — казаў ён, — як і тады ў Вітэнбэргу, калі я частаваў цябе, і Маргрыт была з намі.
— Ах, — уздыхае Айцэн, — Маргрыт.
— Самыя прыгожыя жанчыны, — кажа Лёйхтэнтрагер, — заўсёды тыя, якіх мы самі сабе ствараем.
— Міраж, блізір, — кажа Айцэн, — чорт выдумаў, чорт і зрабіў.
— Але ж ты кахаў яе, — кажа Лёйхтэнтрагер і ўсьміхаецца сваёй ціхай, крывой ухмылкай, якая кажа, што за кожным, хто ёсьць, стаіць нехта іншы, а за ім яшчэ нехта ці нешта, і што на сьвеце ногул няма нічога, нам усё толькі здаецца, а ўсе ісьціны пакрыўленыя і перакручаныя.
— Яна абдурыла мяне, — кажа Айцэн, — і ўцякла зь жыдам, Агасфэрам, які быў пахібаю ўсіх веруючых хрысьціян.
— І якога ты дазволіў закатаваць кіямі да сьмерці, — дадае Лёйхтэнтрагер.
Айцэн адпівае віна й паляпвае сябра па горбіку.
— Калі б ён быў Агасфэр, сапраўдны, — кажа ён, — якога пракляў наш Гасподзь Ісус і асудзіў на вечнае вандраваньне, дык у яго не дайшло б да сьмерці, ён весела перанёс бы ўсё і ўцёр бы носа геру прафузу, калі той у канцы саўгануў яму ботам пад бок, каб пераканацца, што ў ім сапраўды не засталося жыцьця.
І ў самы гэты момант у пакой уваходзіць крошка Маргарэтэ й ставіць на стол трэйці кубак, і калі бацька пытаецца ў яе, што б гэта значыла, бо як бы ён жадаў бачыць за сталом гера Калунда, ён бы ўжо яму паказаў, дык яна з усім належным рышпектам адказвае, што кубак не для яе Калунда, а для аднаго чалавека, які толькі што прыйшоў, гэта сябар дома, як сказаў ёй, і тут запозьнены госьць ужо стаіць у парозе, цёмны ў сьвятле каміна, у якім раптам шалёна замільгатала полымя, і гер супэрінтэндэнт закрычаў бы яму, калі б толькі здолеў: Вымятайся прэч, у імя Айца, Сына й Духа Сьвятога! але такая слабасьць сталася ў яго чэлесах, і толькі сэрца застукатала ў горле, як тысяча молатаў. Але Агасфэр набліжаецца да стала, за якім сядзяць Айцэн і Лёйхтэнтрагер, такі ж малады, як і раней, пры першым разе; малады жыд у плямістым лапсердаку, чорная ярмолка на кучаравых валасах, ужо вальяжыцца ў крэсьле, вальготна выцягнуўшы наперад ногі, тым часам як крошка Маргарэтэ апускаецца перад ім на калені й сьцягвае перапэцканыя боты з ног, ступакі якіх закарэлі, як вырабленая скура, ад доўгіх вандровак. Пасьля гэтага ён гладзіць крошку Маргарэтэ па галоўцы й кажа геру тайнаму радцу:
— Мір з вамі, Лёйхтэнтрагер, а як ідуць справы з вашай працай, і ці ўсё яшчэ пры вас кесарава манэта й пэргамант з надпісам?