дэфілюе апошні штандар палка, і адразу за юным сьцяганосцам-фэндрыкам, на зьнешнім крыле першага раду, маршыруе нехта адзін, каго, здаецца, Айцэн ведае, а той яго відавочна ж ведае, бо пад апошняе «валера!» паварочваецца да яго й нешта выкрыквае, нешта такое з гучаньня як бы жыдоўскае, падобнае й на ліхое слова sched, і на «satan» і на «жыд» ці нават на «Чорцядзяры», і гэты крыкун ня хто іншы як Агасфэр, у Пуфэндорфаўскім мундзіры і ў шараварах і шліцаваных рукавах на наплечніках, пры поўнай амуніцыі.
Айцэна як маланкай сьперазала, хоць ён і падазраваў з таго часу, як сярод дам герцага выкрыў графіню Эрэнтрой, што Агасфэр мусіць быць недзе непадалёк; ён апасаецца таксама, што гэта можа быць кепскі знак для паходу на Нідэрланды, калі Вечны Жыд таксама ў гульні. Але службовая справа трымае яго каля крыжа, так што ён ня можа пасьпяшацца туды, да Агасфэра й разгаварыць яго; а тут ужо й прайшлі ўсе штандары, і ўжо міма яго валіць абоз, усялякага роду падводы й шматкалёрная ворвань усякая, ягляць, сьвішчуць, не паказваючы аніякага рышпекту перад высокім панствам, якое пасьпешліва адступаецца назад, нават сьмяюцца з гера супэрінтэндэнта там наверсе на памосьце. Але тым ня меней Айцэн у хрысьціянскай любасьці хоча дабраславіць і іх; ды тут ён бачыць, высока на маркітанцкім возе, паміж гаршкоў і патэльняў і ўсякім іншым дабром, дзёрзка заголеныя ногі — Маргрыт.
Тут ужо ніякая духоўная хабіта, ніякі сьвятарскі абавязак ня стрымліваюць яго. Хоць і азірнуўшыся хуценька па баках, ці не адстаў каторы з тых, што пад балдахінам; але тыя, з двара што, яны маглі б палічыць яго паводзіны дзіўнымі, усе ўжо паўцякалі, і Айцэн падкідае свой талар угору, саскоквае на прымятую траву й бяжыць за возам, пакуль не даганяе яго, і крычыць, спрабуючы схапіць каня за вуздэчку, ня крычыць — благае:
— Ах, Маргрыт! Маргрыт! Стой, калі ласка, дарагая Маргрыт, застанься! Я хачу быць тваім навекі, Маргрыт!
Але яна сьмяецца зь яго, і як што зьбіраецца ладны натоўп, яна кажа:
— Ня ведаю гэтага бэйбуса, але вы чуеце, чаго ён ад мяне хоча. Яно такі, мабыць, і праўда ліхі час настаў, калі нават геры папы сярод белага дня ятрацца, бы казлы якія, і кідаюцца на нявінных жанчын.
І дастаў бы такі Айцэн добрай лупцоўкі, калі б абоз не праехаў разам з усім маркітанцтвам, і ён, засмучаны, адстаў.
Разьдзел дваццаць другі. У якім прафэсар Байфус робіць пэўныя саступкі, тым часам як прафэсар Лёйхтэнтрагер прадпрымае марксісцкі аналіз Агасфэра і сваімі заўвагамі адносна ўплыву юбіляра доктара Лютэра на разьвіцьцё новага антысэмітызму робіцца непажаданай асобай
Разьдзел дваццаць трэйці. У якім паказваецца, як супэрінтэндэнт фон Айцэн абараняе адзіна правільную любоў супроць усялякіх адхіленьняў і адчужэньняў, і якая ўяўляецца Маргрыт д'ябальскім блефам
Некалькі гадкоў пралятаюць у краіне, нават у герцагстве Шлезьвіг, і вось ужо робіцца так, што з auctoritas прыходзіць reputatio, ці, як на нашай прыземленай мове, з годнасьцю прыходзіць і слава, і прыходзіць адусюль: ад гесэнскіх ландграфаў і зь цюбінгскага факультэта, з гамбургскага сэната й ад саксонскіх курфюрстаў, і ўсім патрэбен гер супэрінтэндэнт Паўлюс фон Айцэн зь ягоным меркаваньнем у сьвятых справах, і ў яго цяпер самы спрыяльны момант, каб стацца арбітрам і судзьдзёю ва ўсіх справах, дзе гаворка ідзе пра правільнае тлумачэньне слоў Хрыста альбо Аўгсбургскага веравызнаньня альбо ўсяго таго, што можа быць ерасьсю, а што не; ягоныя пасланьні разыходзяцца па землях і ўспрымаюцца, як калісь пісьмы апосталаў цэрквам; і больш таго, калі было трэба, ён асабіста зьбіраўся і выпрўляўся ў інспэкцыі, аб'езьдзіў усё аж да Наўмбурга, завітваў і ў больш далёкія мясцовасьці, і заўсёды з дабраславеньнем Яго сьветласьці герцага, як пасланец Бога й адвакат адзіна правільнага й шчасьцедайнага вучэньня, як яно распрацавана й выкладзена нашым доктарам Марцінусам Лютэрам; і толькі там, дзе грунт самы цьвёрды й трывалы й дзе павінна быць узьведзена царства божае на добрым падмурку й моцных палях, там, ва ўласнай епархіі, там яшчэ ўсё вагаецца й хістаецца й асыпаецца ў кроквах і бэльках, варта толькі растапырыць вуха й прыслухацца да нашэптаў дысідэнтаў і запанявернікаў тайнасьцяў і эўхарыстыі; і самае горшае, што падобнае заглытваецца герцагам Адальфам, які вярнуўся з паходу ў Галандыю і за недахопам пераможных лаўраў на полі бою жадае зыскаць іх у веравызнаўчых спрэчках, а яго супэрінтэндэнт павінен яму дзеля гэтага муштраваць ягоныя духоўныя войскі, каб яны брава крочылі ў нагу, вучыць іх паваротам направа, налева, кругом, як таму й належыцца быць.
Тайны радца Лёйхтэнтрагер, які як заўсёды дакладна ведае, дзе цісьне бот, гаворыць зь ім на гэты конт і кажа:
— Яшчэ мудры Арыстотэль, у якога й хрысьціянін можа навучыцца шмат чаго карыснага, лічыў, што сапраўдная даброць вырастае ня з сэрца людскога, бо яно поўнае ўсякіх пахібаў і часта падупадае спакушэньню, а толькі з закона: таму ўсё, што мае ў сабе законную дапушчальнасьць, павінна быць кадыфікавана, і чалавек павінен быць прывязаны да гэтага, калі трэба, дык і жалезнымі ланцугамі.
— Ах, — адказвае яму гер супэрінтэндэнт, — на наш вялікі жаль людзі шануюць запаведзь Божую больш тады, калі парушаюць яе, чым калі трымаюцца яе, і Бог карае іх недастаткова, і найперш не па сьвежым сьледзе, як павінна было б быць, з доўгай цярплівасьцю, і дае ім убачыць і пераканацца, так што яны думаюць, што, калі той на небе ня ўмешваецца адразу з громам і маланкамі, дык усё было правільна, тым часам, як і духоўнае ведамства, далёкае ад месца падзей, не пра ўсё даведваецца адразу.
— Гэта, Паўль, — кажа яго сябар Лёйхтэнтрагер, — толькі таму, што ты глядзіш двума зенкамі й слухаеш двума лапухамі; гэтага недастаткова. Ты павінен іх мець дзьве сотні альбо дзьве тысячы, каб і прыглядвалі й слухалі, тады пойдзе лепш і лацьвей; бо твае геры пастары й прапаведнікі няўжо толькі дзеля таго, каб кволіцца й дабрашчасьціцца?
— Ня так проста гэта зрабіць, Гансе, — кажа Айцэн, — бо геры пастары й прапаведнікі — гультаі й схіляюцца да таго, каб лепей быць добранькімі даражэнькаму Богу, дык як жа мне раскласьці агонь пад іх тоўстымі дупламі?
— Ты павінен іх абавязаць, — кажа сябар, пяшчотна пагладжваючы па галоўцы крошку Маргарэту, якая, кавыляючы ножкай, увайшла ў пакой са сваім горбікам на сьпіне, падносячы госьцю віно: з запасаў герцага, бо царкве заўсёды нешта перападае. — Звязаць абавязкам праз прысягу й подпіс, — кажа тайны радца, — ці ж бо не прысягае жаўнер сьцягу й ці ж пасьля ня слухаецца свайго камандзіра?
У Айцэна ўсё роўна як шоры спадаюць з вачэй, як бы нябеснае прасьвятленьне находзіць, што, калі ягоныя пастыры й прапаведнікі будуць запрысягнутыя на догматах веры й сьвята паабяцаюць строга давесьці іх да сваіх вернікаў, каб і зь іх ніхто ня ўхіліўся, ніхто не спатыкнуўся, інакш на іх будзе данесена вышэйшым начальствам, дык царства божае хутка дабярэцца й да Шлезьвіга, герцагу на ўцеху й Богу на ўпадабаньне. І ён думае, як жа глыбока пранікае яго сябар у душы людзкія наогул і ў душы пастараў і прапаведнікаў у прыватнасьці, бо пасьля такой прысягі нікога больш ня трэба будзе пераконваць, бо чалавек можа лёгка страціць свае прыбыткі й прывілеі, калі завінаваціцца альбо палезе на ражон; так ці інакш вядома будзе, чым усё можа скончыцца.
І паколькі сябар, засьцерагаючы гешэфты, пасьля гэтага жартаўліва дае крошцы Маргарэце пад срачку й разьвітваецца з фраў Барбарай, Айцэн яшчэ таго ж вечара садзіцца за пульт і сьвежа завостраным пяром накідвае на паперы, што кожны, хто хоча ў герцагстве Шлезьвіг пасьвіць божых авечачак, павінен будзе ўрачыста пацьвердзіць прысягай, як ён будзе верыць і за што трымацца: па-першае, за сьвятое біблійнае пісаньне й за сьвятое апостальскае веравызнаньне, далей — за сапраўдны symbola і за ўстанаўленьні, да таго — за непадзельнасьць яднаньня боскай і чалавечай прыроды ў асобе Хрыста й за Аўгсбургскае веравызнаньне, і за абодва катэхізісы Лютэра. І падпісвацца гер кандыдат павінен ня толькі ўнізе ў канцы паперы, а пад кожным абзацам асобна, каб пазьней ня мог сказаць, што нечагась там выпадкова недагледзеў.
Перачытваючы пасьля свой сьпіс, Айцэн думае, што там яшчэ не хапае духу рупнасьці й строгага адмежаваньня ад ерасі й што ён зусім не павінен баяцца называць імёны й гаварыць адразу пасьля хрысьцінаў і прычасьця, бо ці ж не пакоіцца ўся будоўля сьвятой царквы й яе службітоў на тым, што толькі яны адны, у сілу свайго пакліканьня, могуць ставіць перад сабою задачу ачышчэньня дзетак ад спадчыннага грэху й расказваць пра ператварэньне хлеба й віна ў іншае, Божае цела й кроў? Інакш бо любы ератык мог бы дайсьці да таго й кожны парафіянін, ня прысьвечаны ў тайнасьць і не рукапаложаны, мог бы адчыніць сваю кірху.
І піша: Але ў сувязі з тым, што нашым часам хітры сатана ўзбуджае ўсемагчымыя агідныя і аблудныя кламствы пра найвышэйшыя ўстанаўленьні нашага хрысьціянскага вучэньня і рэлігіі, я (імя так і так) прысягаю; па-другое: фальшывыя дактрыны ўсіх тых, што ўхіляюцца ад ісьцінаў вышэйназваных сьвятых пісаньняў, сымболя веры, confessiones і Catechismi, асабліва ж ілжэвучэньні богаадступных цьвінгліянаў, кальвіністаў, фанатыкаў тайнасьцяў і перахрышчэнцаў, якія адмаўляюць неабходнасьць і сілу сьвятога хрышчэньня й прысутнасьці Хрыста пры выдзяленьні й прыманьні ягоных сапраўдных дзейсных цела й крыві ў сьвятой эўхарыстыі й якія такім чынам разбураюць адзінства веры й ўводзяць у аблуду простых людзей, я абавязуюся з сапраўдным дбаньнем ненавідзець, асуджаць і праклінаць.
Гэта, радасна думае ён, ёсьць мова, якую яшчэ яго настаўнік, добры доктар Марцінус, так магутна скарыстаў і яна, як удар плёткай, для леных сэрцаў і прыдатная, каб навучаць гераў pastores, як сёньняшніх, так і будучых, баяцца; таму абавязвае й гэтых прысягнуць таксама, што яны будуць ахоўваць давераныя ім парафіі ад такіх аблудаў і не пацерпяць, каб хоць адзін хто з даверанага статку прыляпіўся да богамярзотнага гурту ці сэкты.
І калі цяпер, рупліва ўсё гэта запісаўшы, ён перачытвае ўсё яшчэ раз, здагадваецца раптам, якую сілу дасьць гэтая прысяга яму як судзьдзю, які вырашае, каму належаць да праведнікаў, а каму да ліхамысьнікаў; і каб гэта таксама занатаваць дакладна, дадае яшчэ адно ўказаньне сьвецкім уладам што да падтрымкі духоўннага пастуха, і піша, дробненькімі літарамі, бо ўжо й месца мала на аркушы: У заключэньне я прысягаю, што буду ў поўнай вернасьці й паслушэнстве хрысьціянскаму загаду й мандату Яго сьветласьці князя герцага Адальфа, нашага літасьцівага валадара, і буду кіравацца разам зь Сьвятым Пісаньнем і Аўгсбургскім веравызнаньнем толькі хрысьціянскімі царкоўнымі парадкамі княства Шлезьвіг-Гольштэйн. І ў якасьці маргіналіі ўнізе на полі ліста надрапаў: На ўсё гэта прысягаю бяз усякага фальшу й хітрыны з добрым сумленьнем, і хай дапаможа мне Бог. Аман.
Герцаг, высокапастаўленай асобе якога тайны радца Лёйхтэнтрагер складае новую прысягу, у вышэйшай меры задаволены ёю і распараджаецца без адкладу абвясьціць яе ў герцагстве Шлезьвіг і ўсюды, куды сягае яго валоданьне, і гер тайны радца тонка ўсьміхаецца й кажа свайму прыяцелю Паўлю, што будаўніцтву царства божага ў Шлезьвігу пад дабрадайнай дыктатурай яго супэрінтэндэнта больш нічога на дарозе не стаіць. І як што выяўляецца фактычна, што геры pastores і такія, якія імкнуцца да пасады, усе разам прысягнуць новай прысягай, надрукаваныя formularia з пячаткай і подпісам трэба тэрмінова адаслаць назад супэрінтэндэнту, каб вернасьць і вера былі зарэгістраваныя афіцыйна. І толькі пры гэтым сапраўды пачнецца здаровае суперніцтва сярод духавенства: хто верне больш заблудных авечак у статак альбо хто хутчэй дасьць належным органам патрэбнае ўведамленьне пра таго, хто яшчэ трывае ў богамярзотных вучэньнях, каб начальствы маглі прыняць строгія меры ў адпаведнасьці з законам. Асабліва ў Эйдэрштэдшэне, дзе ў вялікім мностве асяліліся нідэрландцы, бо дома яны перасьледаваліся б папістамі, наладжваецца вясёлае паляваньне; была й ёсьць старая ісьціна, што, як лісы й ваўкі хвалююць быдла ў хляве, так і чужынцы прыносяць у дом неспакой; і праслухоўваюцца ўсюды заезды й рынкі й нават дамы, ці не вядуцца там мудроныя гамонкі, ці не завяліся там кніжкі Давіда Ёрыса альбо Мэна Сіманса й ім падобных пярэхрыстаў-ератыкоў і ілжэпрарокаў, ці не праводзяцца там тайныя зборні іншадумцаў; і гер пастар старанна ўсё натуе й піша даклад, хто па добрай волі хрысьціць сваіх дзетак, а хто не, як часта той ці іншы ходзіць у кірху, як слухае там казані, ці рэгулярна прычашчаецца ад цела Хрыстовага. Але сярод людзей шырацца страхі, бо колькі таго часу прайшло, а ўжо ўсплываюць жывыя ўспаміны пра тое, як палілі на попел пярэхрыстаў-ератыкоў, некаторых нават прывязвалі да слупоў і падсмажвалі альбо рвалі распаленымі абцугамі, а каторых душылі й расьсякалі альбо вешалі на дрэвах, альбо кідалі ў глыбокія ямы да пацукоў і нечысьці, дзе ў іх адгнівалі ногі.
Дзе рупнасьць з аднаго боку й страх з другога, там ня можа ня быць посьпеху. Як трусы ўвосень, так у Шлезьвігу будуць выкураны зь іх нораў мэнаніты й давід'ёрыты; геры пастары й пробашчы дакладваюць тут пра аднаго, там пра другога й пра самых зацятых спрэчнікаў сярод іх, сьвятар Мумзэн з Ольдэнворта й ягоны cоnfrаter Молер зь Цёнінга выганяюць кожны тузінамі тых, якія ня хочуць прызнаваць, што чорт сядзіць ужо ў толькі што народжаных і таму іх трэба хрысьціць як мага хутчэй; яны ў адзін голас заявілі, што праз добрыя ўгаворы й застрашэньне вечным пракляцьцем яны вярнулі многіх грэшнікаў да правільнай веры, а рэшта зацінаецца ў д'ябалькіх ілжэвучэньнях, і тут трэба, каб самы моцны з нас, сам гер супэрінтэндэнт прыйшоў парахавацца зь імі.
Гэта, прызнае Айцэн, знак неба. Будзе дадзены добры прыклад, будзе й духоўны суд, вядома, зь сілай сьвецкіх начальстваў на заднім плане, але цяпер справа гэтая будзе праходзіць інакш, чым колішняя дыспутацыя з жыдамі, тут ўжо ніякі Агасфэр ня стане ўпоперак, тут адразу, прыпаўзуць ератыкі да крыжа ці не, а справа будзе боская, і будзе знак усім у герцагстве й далёка за яго межамі, што ёсьць тут нехта, менавіта ён, супэрінтэндэнт Паўлюс фон Айцэн, які захісьне Лютэрава слова такім, якім яго прапаведаваў добры доктар, аслоніць яго ад любых ухілаў і цкаваньняў.
Калі ён дакладвае план свайму прыяцелю, тайнаму герцагскаму радцу Ёганэсу Лёйхтэнтрагеру, той пачэсвае гарбок, той як заўсёды лёгенька ўсьміхаецца, крыху мо больш коса, і кажа, што гэта была б капітальная штука — зладзіць такі працэс, уключаючы абвінавачваньне, допыт і асуджэньне вінаватых, гэта быў бы йстотны ўклад у стварэньне таго парадку, які патрэбен для працьвітаньня дзяржавы, і ён сам перагаворыць з высакародным і шматшаноўным Каспарам Гоерам, шталерам і прэфэктам герцага ў Эйдэрштэдшэне, каб ён ўсё падрыхтаваў, каб слуханьне магло адбыцца неўзабаве ў горадзе Цёнінгу, дзе, дарэчы, падаюць вельмі смачных крабаў і выдатнае піва.
З Шлезьвіга да Цёнінга вядзе прыгожая, хоць і калдобістая дарога, і сонца сьвеціць на павясноваму чыстым небе, і Айцэну, хоць ужо й ператрэсла ў карэце ўсе вантробы, але вельмі премна на душы, як толькі можа быць прыемна чалавеку, на чыім баку разам з адзіна правільным і шчасьцедайным вучэньнем яшчэ й паліцыя. І герцагаў шталер і прэфэкт, шматшаноўны й высакародны Каспар Гоер, які чакае яго ў двары Цёнінгскага замачка, таксама чалавек, зь якім можна зварыць кашу, хоць геру шталеру менш за ўсё абыходзіць, як хрысьцяць і прычашчаюць дзяцей, але калі ўжо яго начальнік, герцаг, здаецца, аднаго разу паверыў, што чалавечае шчасьце й дабрабыт дзяржавы залежаць ад падобнага роду царкоўных штучак, і паколькі ён, Каспар Гоер, хацеў бы ў будучым спакойна спажываць сваіх вугроў і смажаную сьвініну, да таго ж і шкляначку добрага віна ці хоць бы й піва, дык ён загадаў увязьніць у Цёнінгскай вежы Клаўса Петэра Катэса й Клаўса Шыпера й Дзірыха Петэрса й Сіверта Петэрса, гэтаксама як і Вопа Карнэліуса й Мартэна Петэрса й Карнэліуса Сіверса, большасьць іх з Ольдэнворта, астатнія з Тотэнбюля і Гардзінга, і дзеля асьцярогі на ўсякі раз канфіскаваў іхняе быдла й барахло, каб, калі яны будуць асуджаны, было нешта, на што герцаг мог бы накласьці руку.
Усё гэта й тое, што ён, шталер і прэфэкт Іх герцагскай мосьці, уласнай пэрсонай будзе сядзець на судзе над ератыкамі, Айцэн дазнаецца ад шматшаноўнага й высакароднага Каспара Гоера падчас іхняга шпацыру да гавані, а было іх двох гераў саліднага ўзросту, у поўным суладзьдзі паміж сабою і зь сьветам, дзе яны глядзелі, як рыбакі выцягвалі на бераг улоў, — прыгожыя тоўстыя рыбіны ўсіх відаў і цэлая плойма розных сьлімакоў і крабаў, якія, добранька пачышчаныя і вылушчаныя, пад адпаведна моцным соўсам — чыстае разьядзеньне.
Прыемны настрой трымаецца яшчэ й на раніцу, калі Айцэн выпраўляецца ў штатгальтарства, дзе павінен засядаць суд; занач ён глыбока і ўсмак выспаўся, часткова ад віна й вострай вадзіцы, сервіраванай яму шматшаноўным Каспарам Гоерам, а часткова і галоўным чынам таму, што яго добрае й чыстае сумленьне — гэта лепш за ўсякія мяккія падушкі. Не, ён не ненавідзіць усіх гэтых Катэ й Шыпераў і Петэрсаў, і як там яны яшчэ завуцца, хутчэй за ўсё, калі толькі яны акажуць згоду вярнуцца на дарогу правільнай веры, а ён глядзіць на іх вачыма пастуха, які знайшоў сваіх згубленых авечак на небясьпечным схіле, ён ставіцца да іх зь любоўю, але ж і з клопатам і спагадай, бо вось жа яны ў два рады пад аховай узброеных шталеравых галаварэзаў-паліцыянтаў, а справа й зьлева ад іх, адкінуўшыся на зручных крэслах, pastores Мумзен і Молер і іншыя духоўныя геры, якія прыйшлі, каб павучыцца ў свайго супэрінтэндэнта абыходжаньню зь ератыкамі. Абвінавачаныя, праўда, выглядаюць менш уміратворана: цёмная вежа прыбледніла ім твары, здаецца, яны нават мерзнуць, паціраюць сабе локці, нацёртыя занадта кароткай вяроўкай.
Шматшаноўны шталер і прэфэкт на сваім судзьдзёўскім крэсьле нахіляецца да Айцэна, які ў якасьці інквізытара сядзіць леваруч і крыху ніжэй пад ім, і шэпча яму, што, калі дойдзе да допыту, хай ён, калі хоча, крыху падцісьнецца з розным там духоўна-апытальным хламам, бо шталерыха на абед зафундавала выдатныя смакошчы, вэнджаная ласасіна найперш, такая далікатная, што сама на языку растае, а пасьля фаршыраваная качка зь зелянінай. Пасьля чаго, на што ён гучным голасам указвае судоваму пісару, загадвае агалошваць імёны абвінавачаных, ці на месцы кожны, і ці ўласнай асобай, пасьля прачытаць абвінавачаньне. У рэдагаваньні яго Айцэн браў актыўны ўдзел, як яно й відаць з тэксту, які кішыць рознымі пабожнасьцямі і ў якім абвінавачаным пастаўлена ў віну ня толькі ўхіленьне ад чыстага вучэньня Аўгсбургскага веравызнаньня, але й прыналежнасьць да змустоўнай сэкты перахрышчэнцаў без намеру й жаданьня адмежавацца ад яе, хоць усіх іх пастаянна падобраму й прыязна й пахрысьціянску сур'ёзна папярэджвалі іхнія душарадцы; яны, аднак, тым больш упарціліся і заціналіся ў сваіх заблудах і адмаўлялі сьвятое хрысьціянскае хрышчэньне дзяцей.