Ледзь толькі яны ўваходзяць у Айцэнаў пакой, як той хапае гэтага за рукаў і ўсклікае:
— Гэта была яна! Маргрыт! Прынцэса Трапезундзкая! Лэдзі! А цяпер графіня Эрэнтрой!
Але Лёйхтэнтрагер атрасае яго й кажа:
— Калі ты так будзеш далей, Паўль, дык неўзабаве ўбачыш Маргрыт у кожнай бабе. Але я дам-такі рады так усё зладзіць, што твая Эрэнтроіха, абслужыўшы герцага, прыйдзе да цябе й будзе табе да паслуг ва ўсім, чаго ты захочаш.
І заўважыўшы, як у Айцэна задрыжалі рукі і ў куточках вуснаў паявіўся шум, дадае, што Бог устанавіў трымацца далей ад пажады праз намогу, а ад задавальненьня яе — праз малітву, і што прыйдзе, прыйдзе яшчэ ягоная хвіліна, перш чым ён дастанецца да садка, у якім ёсьць брамка ў рай, і ён спакойна можа прыняць сваё назначэньне на пасаду, перш чым возьмецца за пісаньне малітвы.
Гэта здаецца Айцэну вельмі разумным, ён бярэ скрутак паперы ў руку, зрывае пячатку, разьвязвае стужку, разгортвае паперу й акідвае вокам зьмест: Мы, Адальф, абвяшчаем гэтым усім еt cetera et cetera што Мы высокашаноўнага й высокавучонага, Нашага дарагога, багавейнага й вернага et cetera et cetera Сьвятога Пісаньня доктар sub сёньняшняй dato назначылі на пасаду et cetera et cetera Нам і Нашым найперш у справах рэлігіі адказны et cetera et cetera парадай і чынам et cetera et cetera павінен трымаць да канца, што Мы яму даверылі et cetera et cetera за якія паслугі ён штогод 360 гульдэнаў з нашай палаты et cetera et cetera для абвяшчэньня гэтага Нашу Княскую пячатку et cetera et cetera Намі ўласнай рукою падпісана et cetera et cetera Адальф. І паколькі яму здаецца, што ў прыгожых пісьмёнах герцага ён пазнае руку тайнага радцы, ён кідаецца яму на шыю і ўсхліпвае:
— Трыста шэсьцьдзесят гульдэнаў! Дзеткі, найперш малютка Маргарэт, падзякуюць табе, Ганс! — але тут і запінаецца, бо столькі грошай абуджаюць у ім недавер; і ён хоча ведаць ад свайго сябра, ці не запатрабуе ён ад яго чаго-небудзь дадаткова, што было б звыш яго шчырадайнасьці й дапамогі ў будаўніцтве царства божага? Але Лёйхтэнтрагер адмахваецца: што гэта была б за дружба, кажа ён, дзе адзін плаціць за тое, што дае другі; яны абодва ў крэдыце адзін перад адным, і там відаць яно будзе, хто ў канцы каму колькі вінен. А цяпер за працу!
Але каму такое не вядома? Чарніла й белая папера пад рукою, пёры завостраныя, а ў галаве пісара — пустэльня. Вайна! думае ён. Вайна!.. І ў цьмяным сьвятле бачыць перад сабою поле бітвы, бачыць забітых у крыві, параненых, якія благаюць дапамогі альбо шэпчуць перад сьмерцю малітву, тым часам як палявы каплан на вачах у ворага адпявае й суцяшае іх пэрспэктывай раю, і Айцэн ціха дзякуе добраму Богу, што ня ён гэты палявы каплан, а ён будзе сядзець дома са сваімі сьвятымі кнігамі, чакаючы гадзіны, калі, павячэраўшы нанач у коле сям'і, будзе рыхтавацца да візыту графіні Эрэнтрой.
І ўздрыгвае, пачуўшы пакехекваньне сябра, і паказвае на ліст паперы, усё яшчэ белы, незапісаны, які ўсё яшчэ ляжыць перад ім, і ўздыхае:
— Я вучыўся ў Вітэнбэргу, цяпер я магістр і доктар, я ведаю пра божых анёлаў і Сьвятое Пісаньне й пра Вялікі й Малы катэхізісы, але як я павінен пасылаць чалавека на вайну, каб ён пайшоў суцешаны, гэтага я ня ведаю.
Лёйхтэнтрагер паціскае сваім горбікам.
— Зробіш, — кажа ён, — бо ты прымаеш гэта сур'ёзна. Але ты павінен думаць, што ў тых, на каго наш герцаг ідзе паходам, цяпер таксама сядзіць нехта такі, як ты, пакусвае пяро, складаючы малітву, і што так было спрадвеку, што чалавек прыставаў да Бога, просячы абароны й перамогі, выбіраючыся ў паход біць свайго брата. Але Бог ня чуе, яму ўсё адно, ён як сам час, які мінаецца для ўсіх, і як далёкія сузор'і, якія сьвецяць над абодвума, пераможцам і пераможаным. Таму й герцаг зьвяртаецца па тваю малітву, а ў яго заўтра галава яшчэ будзе гудзець ад таго, што за гэтую ноч выпіў, так што ён і ведаць ня будзе, дзе перад, дзе зад; валяй, я павяду тваю руку: усё правільна, што ты напішаш, пакуль яно кладзецца на пацеры.
І ба! як толькі ён кранаецца горбікам Айцэнавай рукі зь пяром, пяро адразу выскоквае на паперу й пакрывае яе пабожнымі словамі, паставіўшы апошні росчырк і апошняе «аман», бачыць, што ўжо й сябра няма, а ў дзьвярах стаіць графіня Эрэнтрой і пахне ўсімі пахошчамі ўсходу й салодкім галаском пытаецца:
— Вы ня хочаце запрасіць мяне ў ваш пакой, гер доктар?
У Айцэна сэрца ў грудзях падскокнула, што вось жанчына ў плоці будзе цалкам ягоная, уся, з гэтымі чорнымі, вабнымі вачыма й пухлымі губамі і ўсімі астатнімі прынадамі; толькі валасы, якія ў Маргрыт былі рыжавацейшыя, блішчаць як чорны францускі аксаміт і падколатыя па шляхетнай модзе; і ён так парывіста ўскоквае й ляціць да яе, што крэсла, на якім ён сядзеў, з грукатам коціцца дагары.
— Ах, фраў графіня, — кажа ён, — я самы шчасьлівы чалавек, бо я так прагнуў вас, з таго часу як мы анёлкамі так прыгожа музыцыравалі.
Графіня выгодна ладзіцца на ложку, з падушкай пад плячыма, ножкі ў прыгожых боціках на коўдры; пасьля гарэзьліва й шальмавата глядзіць яму ў вочы й кажа, што з усіх мужчын ён, чалавек сьвяты, ёй наймілейшы, і менавіта таму, што напрактыкаваны ў перадачы сьвятой богабаязнасьці. Гер супэрінтэндэнт, якому ўжо сьпірае дыханьне, укленчвае перад ёю, быццам яна не яна, а багіня Вэнэра, і таропкімі пальцамі шастае па яе вопратцы, пакуль нарэшце ўдаецца расшпіліць і гарсэт, і сарочку, і яна ляжыць перад ім у поўнай раскошы; ён выцалоўвае й вымацвае ўсю яе зьверху данізу й зноў зьнізу даверху. Ёй гэта падабаецца і, яна пахвальвае яго спрытныя пальцы й пытаецца, ці таму яны такія, што ён натрэніраваў іх на гартаньні сьвятых кніг? Ён думае, што вось яно, пара, пара пераходзіць ад шураў да мураў, хоча нават дагадзіць яе жаданьням, як гэта было ў доме Агасфэра, калі ён думаў, што ляжыць на лэдзі, і ў страшным сьпеху ссоўвае з ног чаравікі й новыя моднага крою штаны й ўжо мерыцца ўскочыць у сядло графіні, якая поўная чаканьня ляжыць перад ім, калі раптам бачыць, што ў яго не таго, што ён нічога ня можа ад раптоўнага страху, што ўсё абернецца так, як было тады, калі ён быў ашуканы сукубам і пасьля прачнуўся са сваёй Барбарай ў нейкай трушчобіне, голы й абабраны, на пацеху падпітаму люду: і што было б, калі б яно сталася гэтак і цяпер, што было б з царствам божым і яго новай пасадай?
— Гер супэрінтэндэнт, — кажа графіня праз хвіліну, — мабыць, мне лепей было б падкласьціся да духа сьвятога; ідзіце й пакіньце мяне адну.
Айцэн, а што яму яшчэ застаецца, адразу пакідае яе й выходзіць з пакоя, чакае там; вежавы гадзіньнік б'е гадзіну, а графіні ані знаку; ён ужо адчувае, што яго павяло на сон; але тут з усіх бакоў так цягне продзімень, што яму захалонулі задніца й голыя лыткі, а як заказытала ў носе на чыханьне, ён ужо баіцца, што раніцай ня здужае прачытаць малітву, калі ахрыпне. І ён нарэшце зьбіраецца з духам, ветліва стукаецца ў свае ж дзьверы, і як што адтуль ніякага адказу, адчыняе: графіні ні духу, ні званьня. Толькі яе пах яшчэ лунае ў памяшканьні, крыху як бы зьмяшаны з пахам серкі, і куды яна падзелася, а чорт яе ведае, бо другіх дзяврэй у пакоі няма, а праз акно на двор, канстатуе, футаў сорак-пяцьдзесят. Значыцца ўсё было толькі міраж і аблуда, думае ён з жудасьцю, графіня і Маргрыт і каханьне; альбо ён праспаў, як яна выходзіла, калі стаяў за дзьвярыма; ёсьць жа людзі, што як мякі з мукою: сьпяць нават стоячы, — суцешлівая думка.
А вось ужо й першыя трубы, пабудка, і з двара даносіцца магутны тупат і крыкі: там, у сьвятле паходняў, зьбіраецца лейбгвардыя, конная і пешая, усе апранутыя ў герцагскі трыкалор — чырвона-бела-сіняе. Але паходні неўзабаве блякнуць, неба прасьвятляецца, і Айцэн з упалым сэрцам прызнаецца сабе, што вось і яшчэ адна ноч кату пад хвост. Ідзе апаласнуць твар з кубка, залазіць у сваю пастарскую хабіту, совае ў кішэню малітву й йдзе на пошукі цёплага ранішняга кулешыку.
І дастае яго, пасьля доўгага блуканьня па пакоях, у каралеўскай зале замка, дзе пад крыжовым скляпеньнем геры герцагскія радцы й іншае высокае герства й афіцэры запраўляліся півам і скаблілі шаблямі з касьцей вэнджаніну на падмацунак у блізкім парадзе з далейшым паходам. Ледзь пасьпеў вычарпаць міску й абмяняцца некалькімі словамі зь сябрам Лёйхтэнтрагерам, калі ўжо ўваходзіць герцаг, у ботах і пры шпорах, цераз грудзі зашпіленыя дасьпехі, усё гарлае «Гэй!» і «Гайда!» і падымае мячы й б'е адзін аб адзін, аж падумаць можна, вайна вось яна й пачалася. Але герцаг крочыць роўна, ну, можа, толькі трошачку з похістам, проста да Айцэна, і пакуль гэты марна спрабуе сунуць кудысьці тую міску, тую лыжку, як ужо пытаецца, і ўсім чуваць, ці добра гер доктар правёў ноч і ці гатовы ён папрасіць Божага дабраславеньня і перамогі й посьпеху ў добрай справе?
Гэта, нават калі ён ідзе з п'янай душы, знак спрыяньня, якога Айцэн яшчэ ніколі такога ня меў, і гэта як цёплы дождж на яго раздушанае графіняй сэрца; і пакуль сябар Лёйхтэнтрагер вядзе яго на парадны луг, міма чырвонага балдахіна, пастаўленага для герцагіні й іншых герцагскіх дам і малых прынцаў і прынцэс, туды, да драўлянага памоста зь вялікім, адусюль відным крыжам, ён думае, як павінна будзе захапляцца ім графіня, калі ён на вачах у Яго герцагскай мосьці й цэлай арміі будзе заклікаць Бога. Але колькі ні азіраецца, усьпёршыся на памост, графіні нідзе ня відаць, і ён ведае, што не павінен далей адкладваць сваіх слоў, бо войска, пастаўленае паводле штандараў і ротаў, поўным складам стаіць на малітву, перад фронтам у поўным бляску сам герцаг.
І вось ён узвышае голас і пачынае: што герцаг, наш літасьцівы князь і валадар, надзеў свае баявыя дасьпехі, каб з дапамогай Божай вывесьці Нідэрланды зь іх цяперашняга бунту зноў да міру, згоды й добрага кіраваньня, а зусім ня дзеля таго, каб перасьледаваць сьвятую хрысьціянскую царкву там, дзе яна вызнае чыстае вучэньне адзінашчасьцедайнага Эвангельля, а больш за тое дзеля ўмацаваньня і абароны чыстага, сапраўднага вучэньня; таму ўсе мы як Яго герцагскай мосьці верныя падданцы павінны заклікаць усёмагутнага, любаснага, мілажальнага Бога ў імя яго народжанага Сына Ісуса Хрыста й прасіць, каб ён быў прыхільны да нашага ласкавага князя і валадара разам зь яго высакамудрай ваеннай радай, камандуючымі, слугамі і ўсім жаўнерствам і каб літасьціва ахаваў іх сваімі сьвятымі анёламі ад усялякіх нягодаў і бедаў, асланіў ад ворага й даў ім шчасьце, перамогу й здабычу.
Айцэн набірае дыханьня. Герцаг, бачыць ён, стаіць тупа й глуха і, відаць, не зразумеў, як новы суперінтэндэнт уладзіў яго ў нідэрландскія веравызнаўчыя implicite, альбо ня хоча ведаць, бо вайна ёсьць вайна, і тут у цябе ніхто ня пытаецца, не сьперазаўшы папярэдне па чэрапе, прымаеш ты сьвятое прычасьце паводле папскага віду альбо добрага пратэстанцкага. І працягвае:
— Мы павінны таксама рупліва прасіць, каб усемагутны, літасьцівы й мілажальны Бог у імя свайго любаснага Сына Ісуса Хрыста асланіў гэтыя княствы й землі ад ўсялякага зла, шкоды й няшчасьця і каб ласкава даў удачу нашаму літасьціваму князю і валадару, а яго сардэчна любую жонку, нашу літасьцівую княгіню і жанчыну, і маладое патомства, і ўсіх нас, яго верных падданых, парадаваў шчасьлівым вяртаньнем, чаго мы роўным чынам просім і для яго высокамудрай ваеннай рады, камандуючых, слуг і жаўнераў, каб усе яны таксама шчасьліва і ў здаровым целе вярнуліся дамоў.
І калі Айцэну пасьля такой доўгай пераканаўчай прамовы зноў не хапіла паветра, ён яшчэ раз спыняецца й бачыць, падымаючы вочы ад паперы, як шмат хто з жаўнераў сморкаецца, каб не пабеглі яму па барадзе сьліні й соплі; і, сам крануты сваімі ўзьнёслымі словамі, падводзіць слова да канца й кажа:
— Каб дасягнуць усяго гэтага, мы павінны з глыбіні нашага сэрца і ў поўнай надзеі ўчыніць нашу малітву й скажам усе: «Войча наш, які ёсьць на небе…»
І ўсё войска як адзін апускаецца на калені, герцаг, які мае свой клопат утрымаць раўнавагу, на чале, і на лузе паўстае звон і ляскат; пасьля Айцэн чуе хор тысячаў жаўнераў, якія ў адзін голас паўтараюць: «Хай сьвяціцца імя Тваё. Хай прыйдзе царства Тваё. Хай будзе воля Твая…» І ён адчувае моц Божага слова, якое цяпер вось ужо ёсьць і ягонае слова й ягоная моц; і адначасова бачыць абок сябе гера тайнага радцу, свайго прыяцеля Лёйхтэнтрагера, які крыва выскаляецца яму, і тут ужо ён ведае, чуючы «Тваё ёсьць царства й сіла й слава навекі. Аман», што ён якраз і ёсьць той, хто кіруе ягонымі крокамі, а не, як яно павінна быць, наш Гасподзь Ісус, і што ён, доктар боскай вучонасьці й будучы дойлід царства божага ў Шлезьвігу, прылада ў руках, якія ніколі яго ня выпусьцяць.
Тым часам, з лаянкай і крыкамі афіцэры войска й ротныя камандзіры падрыхтавалі сваіх да маршу, кавалерыя ў сёдлах, і герцаг сеў на шыраказадага сівака, баявога каня, упрыгожанага залатой гунькай і такой самай збруяй; а Айцэн узводзіць угору рукі на пастарскае дабраславеньне, якое ён учыніць герцагу й яго харалужнаму войску, штандарам і сьцягам; так, падобны на чорнага гругана, які марна спрабуе ўзьляцець, прапускае ён перад сабою дэфіле войска, герцаг і вайсковая рада наперадзе, за імі лейбгвардыя, пасьля пешыя дацкія алебардысты, пасьля, струнка ў сядле, герцагская лёгкая і цяжкая кавалерыя, і нарэшце цьвёрда чаканячы крок полк Пуфэндорфа, пад вясёлую песеньку-марш:
І пасьля кожнага куплета задзірыстае «Валеры, валеры, валера!» толькі яшчэ больш напаўняе Айцэна, які пакорна дабраслаўляе ўсіх, духам радаснай мужнасьці, так што, здаецца, вось-вось ён сам пойдзе на бітву. Але з заключным куплетам —