І Люцыпар кладзе сваю руку на мяне, быццам нічога нас не разьдзяляе, ніякае сваё бачаньне сьвету, ніякае ўяўленьне мэты, і кажа мне: ты таксама ведаў яго, рабі.
І я падумаў пра рэбэ Ёшуа і як я знайшоў яго ў пустыні: рэдзенькая бародка ў пяску й пыле й распухлы ад голаду жывот, і як я павёў яго на вяршыню высокай гары й даў яму зірнуць на абсягі тварэньня ягонага бацькі з усёй галечай і з усёй несправядлівасьцю і сказаў яму, што ўсё гэта ён можа ўзяць пад сваю руку, бо прыйшоў час збудаваць сапаўднае царства Божае; але ён адказаў мне: Маё царства не ад гэтага сьвету.
І што, кажа Люцыпар, ён здабыў, рабі? Ці менш грашылі пасьля таго, як ён даў сябе прыбіць на крыж, і зямля ня п'е больш крыві, як раней? Жыве воўк разам зь ягнём, і ўжо чалавек больш ня вораг чалавеку? Чаму ты ня пойдзеш да яго, што сядзіць у сьвятле, там у вышынях, праваруч бацькі, і ня спытаешся ў яго? Табе ён напэўна дасьць слова й адказ.
Ён пракляў мяне, кажу я, бо я адмовіўся даць яму цень маіх дзьвярэй, калі ён быў у дарозе да месца ўкрыжаваньня з крыжам на сьпіне.
І я бачу, як Люцыпар нецярпліва пацепвае брывом. Я ведаю, ведаю, кажа ён, але менавіта пра гэта ён і захоча гаварыць з табою, бо ці ж ня меў ты рацыі, праганяючы яго ад сваіх дзьвярэй як чалавека, які цярпеў крайнюю нэндзу?
І тым ня меней, кажу я, рабі любіў людзей і цярпеў за іх.
Цярпеньні, кажа Люцыпар, — не заслуга; ягня, якое аддаецца на корм, мацуе парадак ваўкоў. Але ты, брат Агасфэр, ня хочаш паслаць сябе ў гэты парадак і спадзяешся на Бога, што Ён табе дазволіць крыху павыдурнівацца зь Ягоным тварэньнем, і пакіне табе шчылінку, празь якую ты з чыстым сумленьнем можаш прапаўзьці назад пад Яго Божую аслону й ня хочаш прызнаць, што гэты сьвет асуджаны на пагібель ад пачатку праз парадак, які Бог даў табе, і ўсё корпаньне ў ім марнае й толькі зацягвае скон. Хай жа ён ідзе ў пропадзь, гэты стары сьвет і дай нам з нашага духу будаваць царства свабоды, бяз гэтага маленькага Бога маленькага пустэльнага народу, які толькі можа жыць, калі яму падпарадкоўваецца кожная істота.
Я толькі баюся, брат Люцыпар, кажу я, твая пагібель сьвету можа аказацца канчатковай, а дзе ж узяць новага Бога для новага сьветатварэньня?
Мы лунаем.
У гэтай прасторы, якая ня мае пачатку й ня мае канца й ні Сьвятла ні Цемры, а фарбай і тонам, думкай і пачуцьцём усё жывое павінна ўліцца ў нешта й зрабіцца нічым па волі Люцыпара.
Маё Не табе не падабаецца, кажа Люцыпар. Не патрэбнае, як і Так, і з процілегласьці абодвух паўстае Чын.
Дык ты пойдзеш да яго, кажа ён.
А я падумаў пра рэбэ Ёшуа, як ён дазволіў мне пакласьці яму на грудзі голаў на апошняй вячэры й як я прывёў яму параўнаньне з колам, якое ня можа зьмяніць сваю каляіну, а вось фурман, які кіруе валамі, можа яе зьмяніць.
Як жа мне гаварыць яму супроць Бацькі, кажу я, калі яны ёсьць адно, Бацька й Сын, зь Сьвятым Духам як трэцім у зьвязцы?
І я бачу Люцыпара, як ён курчыцца ад сьмеху. З трох рабі адно, з аднаго рабі тры, кажа ён; мне здаецца, ты хочаш схавацца за старой абракадабрай і гульнёй у лічбы, якою царква, якая называецца імем рабі, спрабуе выкарчаваць сваё грэка-жыдоўскае карэньне. Ты будзеш вымушаны рашыцца, брат Агасфэр. Альбо твой рэбэ Ёшуа ўзьнёсься ў неба, дзе цяпер сядзіць праваруч Бога; тады ён ёсьць Цэлае ў сабе й зь ім можна гаварыць, альбо ж ён зрабіўся Адным з Богам і Саматрацінай са Сьвятым Духам, стаўшыся Новым. Што ж тады сталася з Адным Богам, які быў, пакуль утварылася гэта траісная камбінацыя, і які адкінуў нас у шосты дзень тварэньня?
А я падумаў пра рэбэ Ёшуа, як ён падышоў да мяне з крыжам на сьпіне й пазнаў мяне каля майго дома й спрабаваў гаварыць са мною і як я сказаў яму, што хачу наклікаць за яго меч Бога, і ўсе яго ворагі і ўсё воінства да сьмерці ўбаяліся б яго бляску й счэзьлі б, і што ён павінен быў бы павесьці народ Ізраіля, згуртаваўшы яго вакол сябе, як яно й наканавана ў Пісаньні; але ён адказаў: ці ж не павінен я выпіць чару, якую мне даў мой Бацька?
Мы ўсё яшчэ лунаем.
У халадэчы прасторы, у павевах ветру, які ня ёсьць вецер, і я чую пошчак зубоў Люцыпара. Тут вельмі вусьцішна, кажа ён, няўтульна для паўтарэньня дыспуту, у якім сьвятыя айцы царквы перагрызьліся між сабою моцнымі словамі. Што ёсьць сэнс па-твойму, брат Агасфэр?
Я хачу ўсё ж пайсьці туды, да рабі, кажу я, і пабачыць, што сапраўды сталася зь ім і што ён напраўду думае.
І мы рассталіся, ён, трымаючыся свайго гешэфту, я — свайго.
Разьдзел васямнаццаты. Зь якога высьвятляецца, што ж такі вынікнуць можа з вывучэньня гістарычных крыніц і як, не ўтачыўшы свайго гроша, можна здабыць доктарскі капялюш, духоўную славу і шэсьць локцяў карычневага палатна
Разьдзел дзевятнаццаты. У якім дыспутуецца, ці сапраўды прыбіты да крыжа рэбэ Ёшуа быў мэсія, а вучоны доктар фон Айцэн праз таксама вучонага жыда з Партугаліі ўблытваецца ў нябесную арыфметыку, а Агасфэр абвяшчае, што кожны, хто створаны паводле вобразу Бога, мае ў сабе сілу і ўладу быць збаўцам
У сьвеце ёсьць рознага роду галасы, кажа апостал Павел, галасы ўнутры чалавека й з-за-па-за яго, і ніхто ня ведае, чые яны, анёльскія ці дябальскія, і сьвежавыструганы Doctor theologiae, вось вам, едзе па зялёных лугах у Альтону, трэсены-ператрэсены выбоістай дарогай, а таксама ня ведае, ці голас, які яго папярэджвае, што справа можа абярнуцца вой як крыва й коса, адкуль ён ідзе, згары ці зь ніжніх сфэраў; усё ўжо так далёка зайшло, так разбуяла-закрасавала, каб ужо нешта мяняць альбо наогул вярнуць назад, госьці запрошаны, сярод іх асобы з Гаторпскага двара, а зь імі й герцагавыя вушы, і пасланцы сэната горада Гамбурга, і пастары адусюль, і вучоны жыд Эзэхіель Пэрэйра з Партугаліі, зь якім адбудзецца дыспут у сінагозе; не, няма ніякага сумненьня, ён як рымскі палкаводзец Цэзар, думае ён, тут ягоны Рубікон, тут ён павінен яго перайсьці, і нават калі толькі паўтузіна жыдоў афіцыйна пяройдуць у адзінашчасьцедайную веру, гэта ўжо будзе вой якая перамога, і такім сonvertiten, як ён абвясьціў па ўсёй абшчыне, ён бы дазволіў сяліцца ў Гамбургу; апрача таго меўся яшчэ адзін прыхаваны козыр, які крые ўсё чыста.
Пры гэтым, нягледзячы на ягоныя захады з гэтымі жыдамі, былі й пэўныя боязкі што да іх, і ня толькі праз Агасфэра, на што ён, пасьля ўсяго, што там у іх было паміж сабою, меў грунтоўныя падставы; гэта таму, думае ён, што яны дапусьцілі, каб нашага Госпада Ісуса прыбілі да крыжа, і за іхнюю варожасьць; яны ўсюды ўсім чужыя і ўсіх раздражняюць, і ўжо адно тое добра й пахвальна, што высакамудры сэнат забараняе ім гнездавацца ў Гамбургу й круціць свае шахермахерскія гешэфты; датчане вунь — яны зусім іншыя, яны, з Гаторпскім герцагам на чале, як мурашкі, дояць сваю жыдоўскую тлю.
Чужыя, варожыя, думае ён, расьсеяныя па розных краінах сьвету, госьці за чужым сталом, няпрошаныя і нялюбыя. Зь Яго герцагскай мосьці ласкавага дазволу ён шмат разоў бываў у Альтоне і інспэктаваў сынагогу — сапраўдная збойніцкая маліна, сьцены да чорнага пракапцелыя сажай ад сьвечак, якія гараць пастаянна, скляпеньні затканыя павуціньнем, якое яны ніколі не зьмятаюць, бо, кажуць, Schem jiborach, безназоўны, дабраславёны ў ёй якраз і прабывае. Пабываў ён і на тым, што яны называюць набажэнствам, службай Богу, што можна толькі з прыкрасьцю назваць Богам, думае ён, бо яны ходзяць у свае хэдэры, калі каму хочацца й падабаецца, адзін раней, другі пазьней, адзін надзявае tallis, мантыю для малітвы, другі тым часам зь сябе здымае й выходзіць, а большасьцю малітваў запраўляе сhasen, запявала, які на жаль і сьпяваць як сьлед ня ўмее, а толькі стаіць перад аron hakkodesh, сьвятой шафай, у якой ляжаць пэргамантныя скруткі законаў, і задраўшы галаву, заткнуўшы пальцамі вушы, надсаджваецца ў крыку, што ледзь горла вытрымлівае, на габрэйскай мове, часам так хутка, што ніхто за ім не пасьпявае, часам рвана й расьцягнута, пры чым часам сам плача альбо рагоча, карацей, размахвае рукамі, як дурны вар'ят, як апантаны, пакуль нячысты дух не захапляе ў сябе астатніх жыдоў, і яны не пачынаюць лямантаваць і ягліць у адзін голас з сhasen, бляюць і мармычуць, кланяюцца на ўсе чатыры бакі сьвету альбо сморкаюцца й плююцца, альбо, торгаючыся ўсім целам, бы ў ліхаманцы, падскокваюць, аж нармальнаму чалавеку здаецца, што ўсе яны тут казлы. І з гэтага народу, думае ён, павінен быў выйсьці наш Гасподзь Ісус?
Калі неяк аднаго разу раней (вось як яно было!), прыбыўшы да сынагогі ў Альтоне, ён ўехаў у вузенькую вулічку, дзе ягоны кучар ледзьве мог праціснуцца, а колы па самыя восі ўгразалі ў балоце, і калі зайшоў усярэдзіну, дык з палёгкай канстатаваў, што, прынамсі, хоць падлога была падмецена; а пакропленьні рознымі пахошчамі надавалі кісламу смуроду, што там звычайна стаіць, такі нейкі саладжавы прысмак; і яшчэ расстаўлены драўляныя ўслоны для паноў honoratiores; старэйшыны абшчыны й вучоны Эзэхіель Пэрэйра сустракаюць яго зь вялікай пачцівасьцю, нібыта ён быў ня толькі супэрінтэндэнт Гамбурга, а пасланец Бога, і запэўніваюць яго, што ўсе жыды Альтоны, прынамсі, мужчынскага роду й да таго ж здольныя — іх папрасілі застацца — да дыспутаваньня, усе тут і зь вялікай увагай гатовыя слухаць. Але Айцэн раптам ня чуе іхніх слоў; ягоныя вочы нечагась шукаюць у цёмных закутках будынка, куды ўжо ня можа пранікнуць сьвятло сьвечак, ценю таго, хто яму цяпер быў бы вельмі патрэбен, так як гэта было на магістарскім экзамене ў Вітэнбэргу, калі яго распытвалі пра анёлаў, і каго ён ня бачыў з таго самага дня ў доме сэра Агасфэра, калі была зачатая маленькая Маргарэта зь яе горбікам і кульгавай ножкай; але таго тут ані сьледу, ні позірку, ні пошапту, і Айцэн, зусім упалы сэрцам, думае, што ніяк ён тут ня выблытаецца без дапамогі прыяцеля і што яму, пакуль ён ня зможа выклікаць у сьведкі Агасфэра, нічога ня сьвеціць у супроцьстаяньні красамоўству й слованаварачэньню Эзэкіеля Пэрэйры, хіба што толькі застаюцца рuncta і argumenta, якія ўжо выкарыстоўваліся сьвятымі айцамі царквы ў зацінках з жыдамі й якія ён старанна й рупліва вывучыў.
Тым часам (было так) пачынаюць ўжо патроху зьбірацца гер-геры з Гаторпскага двара й гер-геры з сэната, і ўсе яны вытанчана ўбраныя і іхнія брычкі багата ўпрыгожаныя гербамі й абіўкаю, і ўсё гэта тлуміцца, цісьнецца ў вузкіх брудных вулічках, так што можна падумаць, быццам тут нешта большае, чым князеў дзень, калі герцагі й курфюрсты зьбіраюцца параіцца наконт розных боскіх спраў, чым проста дыспут зь цьвердалобымі жыдамі, і ягоныя гамбургскія confratres, пастары зь Вестфаліі Фрызіус і Бёткер, якія падпісалі цудоўны ліст на Вітэнбэргскі факультэт, таксама ўжо прыбылі й горача чакаюць дзейства; гэта ня іхняя рыба тое, што тут смажыцца, і ня іхняя слава, якая пастаўлена на карту, а рэпутацыя іх новага калегі гера superintendent, на чыім троне кожны зь іх трохі ўжо бачыў сябе, пакуль нечакана для начальства не рашылася ўсё інакш. А вось ужо надыходзіць і жыдоўскае людзтва, цёмны натоўп, вострыя капелюшы на галовах, цесныя засаленыя лапсердакі на целе, зьбіраюцца, ціхенька паміж сабою перашэптваюцца, гяргечуць нешта пасвойму, як гэта калісьці рабілі іх прабацькі каля брамы ў Ерусаліме, калі наш Збаўца ўязджаў у горад на сваім асьляняці. Мне, думае Айцэн, гэтыя ня будуць сьпяваць hosannah, але ня ўчыняць і crucifige; гэта можа прыйсьці з зусім іншага боку, ад зайздросьнікаў і тых, хто хацеў бы зьняславіць і перакруціць сілу слова багашчаснага доктара Лютэра й ператварыць хрысьціянскую школу ў латарэйны дом, дзе можна чворыць і круцеліць, як каму прыпадзе й заўгодзіцца.
І вось цяпер ён бачыць, што ўсе спаквалютку займаюць месцы, жыды й хрысьціяне, і чуе, як жыдоўскі старэйшына пачынае гаварыць, стоячы на alemar, драўлянай катэдры пасярэдзіне залы, і гаворыць даволі далікатна й з паклонамі вітае гасьцей з Гаторпа й з Гамбурга, а таксама мудраца з далёкай Партугаліі, іхняга паважанага настаўніка й майстра дона Эзэхіеля Пэрэйру, але асабліва гера супэрінтэндэнта вялікага суседняга горада Гамбурга, гера доктара Паўлюса фон Айцэна, па чыёй прапанове й прадуманым клопаце яны сёньня тут, жыды Альтоны й вернападданыя слугі Яго мосьці Адольфуса, герцага Шлезьвіга й Гаторпа, атрымалі магчымасьць прысутнічаць на вучоным дыспуце пра тое, ці прыбіты да крыжа Ісус Хрыстос быў адзіным і сапраўдным сынам Бога, хай сьвяціцца імя яго, і meschiach і ці, усьвядоміўшы гэты факт, жыды не зрабілі б лепей, калі б навярнуліся ў хрысьціянскую веру, прынялі таінства хрышчэньня і тым самым палепшылі б сваё жалю вартае існаваньне й нават у вялікім і багатым горадзе Гамбургу маглі б прыняць грамадзянства. Але, дадаў ён, ніхто ня будзе прымушаны да хрышчэньня, калі ў гэтым disputatio пераможа дастойны гер доктар фон Айцэн.
Жыды, заўважае Айцэн, паварочваюць галовы адзін да аднаго й зноў перашэптваюцца; але адзін, з доўгім вострым носам і дзікай сівай барадой, падымае руку й пытаецца, ужо ці не павінны яны на прыклад goyim, жэрці ад цела пакаранага сьмерцю і піць ад яго крыві ў кірсе, калі ў Пісаньні ясна сказана, што пракляты той, хто павешаны на дрэве?
Тут сэрца доктара Паўлюса перапаўняецца сьвяшчэнным гневам, і ўсё яго ваганьне й прыкідкі а ці ня правільней было б цяпер і ці не своечасовей давесьці да добрага канца ўсё, што ён прадпрыняў, разьвеяны й разьмецены ўшчэнт, і ён падымаецца й зычна ўзьвяшчае, што тут нам дадзена зразумець, якіх жудасных памераў набыла зацятасьць жыдоў; а Хрыстос жа ў сваёй вялікай дабрыні памёр і за грахі жыдоў, калі толькі яны гэта прызнаюць, і таму кожны хрысьціянін павінен маліцца й за выратаваньне іх праклятых душ, каб, калі прыйдзе час Страшнага суду, маглі быць сабраныя Хрыстом і яны.