— Калі папраўдзе, спрабавала. Я падумала, яго можна адчыніць, і будзе хутчэй увайсці такім чынам. Але яно было зачынена.
— Значыцца, усё зразумела. Я віншую вас, мадам.
Яна са здзіўленнем паглядзела на яго.
— Што вы маеце на ўвазе?
— Тое, што ў вас ёсць тлумачэнне на ўсё: зямля на вашых туфлях, вашы сляды на клумбе, адбіткі вашых пальцаў на вонкавым баку акна. Усё гэта вельмі падыходзіць.
Перш чым Рут паспела адказаць, па лесвіцы збегла міс Лінгард. На яе шчоках быў дзіўны пурпуровы румянец, і яна як бы нават трохі спалохалася, убачыўшы Пуаро і Рут побач.
— Прашу прабачэння, — сказала яна. — Што-небудзь здарылася?
Рут злосна адказала:
— Я думаю, містэр Пуаро звар'яцеў!
Яна прашмыгнула паўз іх у сталовую. Міс Лінгард павярнула здзіўлены твар да Пуаро.
Ён адмоўна паківаў галавой.
— Пасля снедання, — сказаў ён, — я растлумачу. Я хацеў бы, каб усе сабраліся ў кабінеце сэра Гервазы а дзесятай гадзіне.
Пуаро паўтарыў гэтую просьбу і ў сталовай.
Сьюзен Кардвэл кінула на яго быстры позірк, а пасля паглядзела на Рут. Калі Х'юга сказаў:
— Э? Што за ідэя? — яна рэзка штурхнула яго ў бок, і ён паслухмяна змоўк.
Паснедаўшы, Пуаро ўстаў і пайшоў да дзвярэй. Ён павярнуўся і дастаў вялікі старамодны гадзіннік.
— Зараз пяць хвілін дзесятай. Праз пяць хвілін — у кабінеце.
Пуаро абвёў поглядам усіх. Кола зацікаўленых твараў глядзела на яго. Усе тут, адзначыў ён, за адным выключэннем, і якраз у гэты момант тое выключэнне заплыло ў пакой. Лэдзі Шэвені-Гарэ ўвайшла мяккім плаўным крокам. Яна выглядала змучанай і нездаровай.
Пуаро падсунуў ёй вялікае крэсла, яна села.
Зірнуўшы на разбітае люстра, яна ўздрыгнула і трошкі павярнулася з крэслам убок.
— Гервазы па-ранейшаму тут, — сказала, нібы канстатуючы, яна. — Бедны Гервазы… Неўзабаве ён будзе вольны.
Пуаро адкашляўся і абвясціў:
— Я папрасіў вас усіх прыйсці сюды, каб вы маглі пачуць праўду пра самагубства сэра Гервазы.
— Гэта быў Лёс, — сказала лэдзі Шэвені-Гарэ. — Гервазы быў моцны, але яго Лёс быў мацнейшы.
Палкоўнік Бэры трохі падаўся наперад.
— Ванда… мая дарагая…
Яна ўсміхнулася яму, пасля працягнула руку. Ён узяў яе ў сваю. Яна мякка сказала:
— Ты маё суцяшэнне, Нэд.
Рут рэзка сказала:
— Нам трэба разумець так, містэр Пуаро, што вы канчаткова ўстанавілі прычыну самагубства майго бацькі?