— Не думаю. Я не заўважыла…
— Калі вы апошні раз бачылі яго?
— Калі мы пілі гарбату.
Пуаро спытаўся:
— Вы не заходзілі ў кабінет — пазней?
— Не. Апошні раз бачыла яго ў гэтым пакоі. Ён сядзеў вось тут.
Яна паказала на крэсла.
— Зразумела. Вам знаёмы гэты аловак, мадэмуазель?
— Аловак палкоўніка Бэры.
— Вы яго бачылі нядаўна?
— Я сапраўды не памятаю.
— Вам вядома што-небудзь пра… нязгоду паміж сэрам Гервазы і палкоўнікам Бэры?
— Вы маеце на ўвазе гісторыю з «Пэраган рабэ компані»?
— Але.
— Думаю, што так. Стары быў раз'юшаны гэтым!
— Ён, магчыма, лічыў, што яго ашукваюць?
Рут паціснула плячыма.
— Ён нічога не разумеў у фінансах.
— Ці магу я задаць вам пытанне, мадэмуазель, — сказаў Пуаро, — трохі дзёрзкае пытанне?
— Вядома, калі вы жадаеце.
— Яно такое: ці шкадуеце вы, што ваш… бацька памёр?
Яна са здзіўленнем паглядзела на яго.
— А як жа, шкадую. Я не ўпадаю ў сентыментальнасць, але мне будзе не хапаць яго… Я любіла Старога. Так мы, Х'юга і я, называлі яго заўсёды. «Стары» — разумееце, нешта некшталт першабытнага антрапоіда-малпы — сапраўднага патрыярха радавой справы. Гэтыя словы гучаць як быццам непаважліва, але за імі — глыбокая прыхільнасць. А так ён быў самы безгаловы асёл на свеце!
— Вы мяне зацікавілі, мадэмуазель.
— У Старога быў авечы розум! Шкада, што даводзіцца так гаварыць, але гэта праўда. Ён быў няздатны ні да якой разумовай працы. Майце на ўвазе, гэта была яркая асоба. Фантастычна адважная і гэтак далей! Ён мог смела ісці на полюс альбо біцца на дуэлях. Я ўпэўнена, ён так выхваляўся таму, што ведаў — у галаве ў яго мала клёку. Кожны мог узяць верх над ім.
Пуаро дастаў ліст з кішэні.
— Прачытайце, мадэмуазель.
Яна прачытала ліст і аддала яму назад.
— Дык вось што прывяло вас сюды!
— Ці не наводзіць вас на якую-небудзь думку гэты ліст?