Яна адмоўна паківала галавой.
— Не. Гэта, напэўна, чыстая праўда. Любы мог абіраць беднага старога небараку. Джон кажа, апошні перад ім агент ашукваў Старога направа і налева. Разумееце, ён быў такі велічны і фанабэрысты, што ніколі не апускаўся да таго, каб заглыбіцца ў дэталі! Ён быў як запрашэнне махлярам.
— Вы, мадэмуазель, ствараеце зусім іншы вобраз сэра Гервазы, чым той, агульнавядомы.
— О, так — у яго быў даволі добры камуфляж. Ванда, мая маці, выручала яго, як умела. Ён быў такі шчаслівы, важна іграючы ролю Ўсявышняга. Вось чаму, часткова, я рада, што ён нежывы. Гэта найлепш для яго.
— Я не зусім разумею вас, мадэмуазель.
Рут задумліва сказала:
— Яго хвароба прагрэсіравала. Не сёння-заўтра яго запраторылі б у вар'яцкі дом… Людзі пачалі ўжо гаварыць, так яно было…
— Ці ведалі вы, мадэмуазель, што ён абдумваў завяшчанне, паводле якога вы маглі б атрымаць яго грошы толькі тады, калі б выйшлі замуж за містэра Трэнта?
Яна ўскрыкнула:
— Які абсурд! Усё роўна, я ўпэўнена, суд адхіліў бы гэта… Я ўпэўнена, нельга дыктаваць людзям, за каго яны павінны выходзіць замуж.
— Калі ён сапраўды падпісаў такое завяшчанне, ці згадзіліся б вы, мадэмуазель, выканаць гэтую ўмову?
Яна ашаломлена глядзела на яго.
— Я… я…
Дзве-тры хвіліны яна сядзела, нерашучая, пазіраючы на сваю туфлю-лодачку, што звісала з нагі. Маленькі камячок зямлі ўпаў з абцаса на дыван. Раптам Рут Шэвені-Гарэ сказала:
— Пачакайце! — Устала і выбегла з пакоя. Вярнулася хутка з капітанам Лэйкам.
— Гэта павінна выйсці наверх, — задыхаўшыся, сказала яна. — Вы таксама можаце ведаць гэта зараз. Джон і я пажаніліся ў Лондане тры тыдні назад.
10
З іх дваіх капітан Лэйк выглядаў куды больш збянтэжаным.
— Гэта вялікі сюрпрыз, міс Шэвені-Гарэ… міс Лэйк, дакладней кажучы, — вымавіў маёр Рыдл. — І ніхто не ведаў пра гэты ваш шлюб?
— Не, мы ўсё трымалі ў сакрэце. Джону не вельмі падабалася гэта.
Лэйк сказаў, трохі заікаючыся:
— Я… я ведаю, гэта даволі пагана так пачынаць жыццё. Я павінен быў проста пайсці да сэра Гервазы…
Рут перабіла яго:
— І сказаць яму, што ты хочаш ажаніцца з яго дачкой, і вылецець кулём з пакоя, і ён, напэўна, пакінуў бы мяне без спадчыны, зрабіў бы пекла ў доме, і мы з табою захапляліся б, як цудоўна паводзілі сябе! Павер мне, я прыдумала лепш! Што зроблена — тое зроблена. Усё роўна быў бы скандал, але Стары ўрэшце супакоіўся б.
Лэйк па-ранейшаму выглядаў няшчасным. Пуаро спытаўся:
— Калі вы намерваліся паведаміць навіну сэру Гервазы?
— Я рыхтавала глебу, — адказала Рут. — Ён даволі падазрона прыглядваўся да нас з Джонам, і я прыкінулася, што пераключыла сваю ўвагу на Годфры. Натуральна ён раззлаваўся. Я прыйшла да высновы, што навіна пра мой шлюб з Джонам была б палёгкай!
— Ці ведаў наогул хто-небудзь пра гэты шлюб?
— Урэшце я прызналася Вандзе. Я хацела перацягнуць яе на мой бок.
— І вы мелі поспех?