— Думаю, тое, мадэмуазель.
Сьюзен з роспаччу сказала:
— Я не веру ніводнаму гэтаму слову.
Пуаро не адказаў. Ён падышоў да каміннай паліцы. Потым рэзка павярнуўся.
— Мадэмуазель, прашу вас быць за сведку. Я ўжо маю аднаго сведку, містэра Трэнта. Ён бачыў, як я знайшоў гэты маленькі асколачак люстра ўчора вечарам. Я казаў пра яго яму. Я пакінуў яго там, дзе ён быў, для паліцыі. Я нават сказаў галоўнаму канстэблю, што разбітае люстра — гэта важны ключ. Але ён не надаў значэння майму намёку. Зараз вы сведка таго, як я кладу гэты асколачак люстра (на які, памятайце, я ўжо звярнуў увагу містэра Трэнта) у маленькі канверт, — вось так. Сказана — зроблена. І я пішу на ім — так — і запячатваю. Вы сведка, мадэмуазель?
— Але… толькі… толькі я не ведаю, што гэта значыць.
Пуаро перайшоў на другую палавіну пакоя. Ён стаяў перад сталом і пільна глядзеў на раструшчанае люстра на сцяне насупраць.
— Я скажу вам, што гэта значыць, мадэмуазель. Калі б вы стаялі тут учора вечарам, гледзячы ў гэтае люстра, вы маглі б убачыць у ім, як адбывалася забойства.
12
Упершыню ў жыцці Рут Шэвені-Гарэ — зараз Рут Лэйк — прыйшла снедаць своечасова. Эркюль Пуаро быў у зале і адвёў яе ўбок, перш чым яна зайшла ў сталовую.
— У мяне ёсць адно пытанне да вас, мадам.
— Слухаю.
— Вы былі ў садзе ўчора вечарам. Ці ступалі вы хоць раз на клумбу, што за акном кабінета сэра Гервазы?
Рут здзіўлена паглядзела на яго.
— Так, двойчы.
— А! Двойчы. Як двойчы?
— Першы раз я рвала астры нейдзе каля сёмай гадзіны.
— Вам не здаецца, што гэта быў даволі дзіўны час, каб ірваць кветкі?
— Так, праўда. Я нарвала кветак учора раніцай, але Ванда сказала пасля гарбаты, што кветкі на стале не надта свежыя. Я падумала, што нічога, пастаяць і гэтыя, таму не нарвала свежых.
— Але ваша маці папрасіла вас нарваць? Праўда?
— Праўда. Вось я і выйшла якраз каля сямі гадзін. Я нарвала кветак з гэтага боку бардзюра, бо наўрад ці хто-небудзь ходзіць тут, і таму не страшна сапсаваць выгляд.
— Ну, ну, а другі раз. Вы сказалі, што выходзілі другі раз?
— Гэта было якраз перад абедам. Я трошкі запляміла сукенку брыльянцінам — каля пляча. Ленавалася пераапрануцца, і ніводная з маіх штучных кветак не падыходзіла да жоўтай сукенкі. Я ўспомніла, што бачыла познюю ружу, калі рвала астры, і хуценька выйшла, знайшла яе і прыкалола да сукенкі.
Пуаро павольна кіўнуў галавой.
— Так, я памятаю, што на вас была ружа ўчора вечарам. Колькі было часу, мадам, калі вы сарвалі гэтую ружу?
— Я проста не памятаю.
— Але гэта істотна, мадам. Падумайце… Паразважайце…
Рут нахмурылася. Кінула на Пуаро быстры позірк і адвяла вочы.
— Я не магу сказаць дакладна, — нарэшце вымавіла яна. — Гэта мусіла быць — о, вядома — гэта мусіла быць недзе ў пяць хвілін дзевятай. Калі я вярталася назад, ідучы каля дома, то пачула гонг, а потым гэты дзіўны гук. Я паспяшалася, бо падумала, што гэта другі гонг, а не першы.
— А, дык вы падумалі гэта — і вы не спрабавалі адчыніць акно кабінета, калі стаялі там на клумбе?