Асцярожна, каб мяне ніхто не заўважыў, я прабраўся па лесвіцы на паддашак. На паддашку, за кацельным комінам, было наша з сёмкай месца. Пра яго ніхто, акрамя нас, не ведаў. Там я выпрастаўся на старой рыжай канапе. Яна была такая старая, што нават спружыны ў яе рыпелі.
Трэба было абдумаць, што адбылося.
Дарэчы, пра паддашкі. Раней, калі мы яшчэ жылі ў драўляным доме, там быў выдатны паддашак. Мы з Сёмкам забіраліся туды ва ўсіх выпадках, калі трэба было абмазгаваць што-небудзь вельмі складанае і сакрэтнае.
Але потым наш дом зруйнавалі. Прыехаў бульдозер, і дома як не было, а з ім і паддашка. І мы з мамай пераехалі ў той самы 27 “а”, на паддашку якога я зараз усё гэта згадваю.
Памятаю, мама хадзіла па нашай кватэры, пад сабой ног не чуючы, ускідвала рукі, гладзіла сцены, адкрывала краны.
А я стаяў змрочны, як скульптура ў парку. Ну хіба могуць быць у такім доме паддашкі?
Тут да нас уварваўся Сёмка. Сёмка, то бок яго бацькі, таксама атрымалі кватэру ў нашым доме.
— Хадзем, — сказаў Сёмка.
Я неахвотна выйшаў на пляцоўку.
— Чаго табе?
Мой сябар прамовіў толькі адно слова:
— Паддашак.
Мы памчаліся наверх. Аказалася, што ў 27 “а” паддашак усё-такі быў. Вялізны і зусім пусты. Толькі дах нізкаваты, але тут ужо нічога не паробіш, мы былі радыя і такому.
Калі я вярнуўся з паддашка, мама несупынна хадзіла па пакоі.
— Я так задаволена! Я так радая! — Яна абярнулася да мяне: — А табе як? Падабаецца?
Я усміхнуўся:
— Вельмі.
Неўзабаве паддашак завалілі ўсялякім хламам, таму што паветак у двары не было. Но нам з Сёмкам удалося адгарадзіць сабе месцейка за кацельным комінам. Калі нас чакала якая-небудзь непрыемнасць, мы забіраліся сюды. Тут мы былі ўпэўнены ў сваёй поўнай бяспецы.
— Я так і ведаў, што ты тут. — Сёмкава трыумфальная фізіяномія ўхмылялася.
Ён падкраўся так асцярожна, што я яго не заўважыў.
— Чаго ты не прыцягнуў з сабой увесь клас? — злосна спытаў я.
— Ты не злуйся, — прымірэнча сказаў Сёмка, — Есці хочаш?
Ён выцягнуў з празрыстага мяшэчка ўсё, што прынёс з сабой. Сёмка быў чалавек шчодры і прыцягнуў гару ўсялякай ежы: кавалак сыру, каўбасу з белымі гарошынамі тлушчу і яшчэ гарачыя, у румянай скарынцы катлеты. Калі адкусіць, падумаў я, скарынка пэўна захрумстае.
Я праглынуў сліну: успомніў, што не абедаў.
— Колькі часу?
— Гадзін восем. Ды ты еш, — Сёмка пасунуў да самага мойго носа катлеты.
Я ганарліва паматаў галавой:
— Я аб’яўляю галадоўку.
Сёмкаў твар выцягнуўся.
— У знак пратэсту супраць байкоту, — дадаў я.