І мы ўвайшлі ў яе кабінет.
“Тры волаты”
Кацярына Майсееўна была маленькая і поўная і таму хадзіла павольна і пры кожным кроку ўздыхала.
Мы з ёй разам пачалі пад’ём па лесвіцы. Яна зробіць крок, уздыхне, яшчэ крок і яшчэ ўздых. Я мог бы за гэты час, пакуль мы паднімаліся, ужо дзесяць разоў туды і назад збегаць. Ну, калі не дзесяць, то пяць у любым разе.
І чаму толькі Кацярына Майсееўна зрабіла свой кабінет на чацвёртым паверсе? Ёй зручней было б на першым. А можа, яна знарок, каб фізкультурай займацца і скінуць лішнюю вагу?
Я толькі хацеў спытаць у Кацярыны Майсееўны, ці праўда, што яна зладзіла свой кабінет на чацвёртым паверсе, каб трэніравацца, як яна сказала:
— Ну што мне з табой рабіць, Валерый? — І зноў уздыхнула.
Я таксама ўздыхнуў і падумаў: а што са мной і напраўду рабіць?
Зверху па лесвіцы з шумам і крыкам збягалі вучні. Не даляцеўшы двух метраў да мяне і дырэктаркі, яны раптам пачыналі ісці спакойна і нетаропка, быццам ім было гадоў па восемдзесят, не менш. Вучні казалі: “Добры дзень, Кацярына Майсееўна”, - а потым несліся з ранейшай хуткасцю і з ранейшым шумам.
— Ну, дык што мне з табой рабіць? — зноў спытала дырэктарка, калі мы ўселіся ў яе кабінеце — яна ў фатэль, я ў крэсла.
Я бываў у гэтым кабінеце не раз і ўсё добра памятаю, а таму не стаў разглядваць “Трох волатаў” — вялізную карціну, што вісела на сцяне, наўпрост за спінай Кацярыны Майсееўны. Я гэтую карціну ўжо вывучыў на памяць. Магу ў любы момант расказаць, хто які меч трымае і ў каго якой масці конь. Самі разумееце, зададуць табе такое пытанне: “Ну што мне з табой рабіць?” — а як на яго адказаць, не ведаеш. Каяцца яшчэ рана, трэба счакаць, вось і вывучаеш карціну. Мне ўжо прыйшла ў галаву думка: добра б дырэктарцы для тых, хто часта бывае ў яе кабінеце, замест “Трох волатаў” павесіць “Бурлакоў”, а потым замест “Бурлакоў” яшчэ якую- небудзь карціну.
Так за некалькі гадоў можна вывучыць усіх мастакоў і ўсё, што яны намалявалі.
— Маўчыш? — спытала Кацярына Майсееўна.
— Я ўжо памірыўся з таварышамі, і ўсё будзе добра, — сказаў я. — Абяцаю.
— Ты мне кожны месяц даеш абяцанні, а што з гэтага?
— Але амаль месяц я трымаю сваё слова.
— А на колькі зараз ты абяцаеш? — усміхнулася Кацярына Майсееўна. Я заўважыў, што яна заўсёды ўсміхаецца, размаўляючы са мной. А пры маці і настаўніках яна зусім іншы чалавек. Таму я люблю бываць у яе кабінеце, калі мы ўдваіх. Вось каб яшчэ замест “Трох волатаў” павесіць “Бурлакоў”, а замест “Бурлакоў”.
— Месяц будзеш трымаць сваё слова? — спытала Кацярына Майсееўна.
— Буду, — сказаў я.
— Ну ідзі, на кантрольную спознішся, — усміхнулася яна.
Я падняўся, сказаў: “Да пабачэння”, кіўнуў волатам — да хуткай, маўляў, сустрэчы — і пайшоў да дзвярэй.
— Пра маці падумай, — сказала Кацярына Майсееўна.
Я абярнуўся. Твар дырэктаркі быў сумным.
— Ну, ідзі, - паўтарыла яна.
Я адчыніў дзверы і яшчэ раз паглядзеў на Кацярыну Майсееўну. Яна зноў усміхалася мне.
Як я суцяшаю маму
Я ведаў, якая ў мяне будзе размова з маці. Мама адразу заплача і скажа:
— Ты разумееш, як цяжка адной гадаваць дзіця?
Я буду маўчаць. Я буду сядзець у крэсле-ложку і маўчаць. Трэба даць маме выгаварыцца і ні ў якім разе не перабіваць яе. Таму што яна адразу ўскіпае:
— Напрамілы Бог, не перабівай мяне, за цябе гавораць твае ўчынкі. Потым мама скажа, што ў іншых мацярок жыццё як жыццё і толькі ў яе апраметнае пекла і адны пакуты.