Улез у ваду, а яна пячэцца. Вось, думаю, хіба можна ўтапіцца ў такой халоднай вадзе? Не шанцуе мне нешта.
Даплыў да сярэдзіны, склаў рукі па швах — і “салдацікам” на дно. Толькі крануўся нагамі пяску, як мяне выштурхнула на паверхню. Глянуў я на бераг, а там нейкая жанчына бегае ў квяцістай хустцы — калі я прыйшоў тапіцца, яна бялізну паласкала.
Бегае і гарлае:
— Ой, тоне хлопец, ой, ніяк выплысці не можа!
Вось цуды, падумаў я, адразу двое топяцца! Цікава, з-за чаго той хлопец, пра якога яна гарлае, у раку палез? Можа, яму таксама байкот абвясцілі? І зноўку пайшоў на дно.
Але тут празвінеў званок, увайшла Адэлаіда Васільеўна, “англічанка”, і дзеці разбегліся па сваіх партах.
Наступная пераменка была доўгая, і тут я ўжо мог даць сабе волю, тым больш што сорак пяць хвілін урока я не згубіў марна — аповед прыдумаў на славу.
— Дык вось, — працягваў я, калі таварышы зноў абкружылі мяне, — вынырнуў я яшчэ раз. Гляджу, а на беразе побач з жанчынай салдат з’явіўся. Боты ўжо скідае. А жанчына прыгаворвае яму:
— Вынырне, крыкне нешта і зноў на дно. Сілаў у яго, мабыць, нестае. Ты хутчэй, салдацік, а то патоне хлопец.
Тут да мяне, нарэшце, дайшло, што гэта аба мне цётка галосіць. Гэта я, выходзіць, не ўмею плаваць. Я, чэмпіён 6 “А”?!
Я абурыўся і закрычаў:
— Ды я лепш за вас абоіх плаваць магу! Глядзіце!
І як пайшоў кролем! А салдат мне крычыць:
— Ты, хлопча, лепей на спіну ляж, сілы эканом!
— Я і на спіне магу, калі ласка! — крыкнуў я.
Тут салдат распрануўся і кінуўся ў ваду. Плаваў ён файна, потым я даведаўся, што ў яго першы разрад. Я — ад яго, ён — за мной. Урэшце абодва дабраліся да берага.
Цётка нам дала ручнік. Мы расцерліся.
Вось так мне і не ўдалося ўтапіцца.
Таварышы маўчалі.
— Слухай, — раптам сказаў Сёмка, — а табе ж трэба было камень на шыю прывязаць.
— Правільна, камень, — загудзелі аднакласнікі.
— Камень — гэта ідэя, — сказаў я. — Вы ведаеце, сябры, дужа я был засмучаны, не падумаў пра камень. Але наступным разам я без каменя і не палезу тапіцца. Гэта вельмі добрая ідэя. Дзякуй табе, Сёма. — І я люта зірнуў на Сёмку.
— Не трэба, — закрычалі таварышы і весела зарагаталі.
Ад радасці, што ўсё так добра скончылася — я не ўтапіўся і зноў падружыўся з аднакласнікамі, - я зрабіў стойку на настаўніцкім стале. Гэта быў мой каронны нумар, ніхто ў нас у класе, апроч мяне, яго не ўмеў рабіць. І акурат у гэты момант да нас увайшла Кацярына Майсееўна — наш дырэктар. Я згледзеў яе краем вока.
— Атас! — зашумелі таварышы.
Я саскочыў на падлогу і сказаў:
— Я магу і больш прастаяць.
— Гэта я ведаю, — сказала Кацярына Майсееўна. — Хадзем, Валерый, пагаворым.
— Калі ласка, — ветліва згадзіўся я. — Але толькі не надоўга, у нас зараз кантрольная па рускай мове.
— Добра, — усміхнулася дырэктарка.